16 сакавіка 2014 году ў Крыме адбыўся арганізаваны Расеяй «рэфэрэндум», які стаў завяршальным этапам анэксіі паўвострава, распачатай 20 лютага таго ж году. Гэтай падзеі папярэднічаў амаль месяц захопу расейскімі вайскоўцамі ўкраінскіх вайсковых баз, аэрапортаў і перападпарадкаваньне практычна ўсіх цывільных і вайсковых структур. З упэўненасьцю пра гэта можна казаць толькі цяпер. Пяць гадоў таму многія сумняваліся, ці зьяўляюцца вайскоўцамі людзі без апазнавальных знакаў, якія блякавалі крымскія будынкі або патрулявалі дарогі і вуліцы: «зялёныя чалавечкі», за рэдкім выключэньнем, не прызнаваліся, што яны расейскія вайскоўцы, а прадстаўнікі Расеі, уключаючы прэзыдэнта Пуціна, працягвалі сьцьвярджаць, што гаворка ідзе пра атрады самаабароны.
Кадры анэксіі. Што адбывалася ў Крыме пяць гадоў таму

1
На мэдалі «За вяртаньне Крыму», які заснавала Міністэрства абароны Расеі, стаіць дата 20 лютага. Менавіта гэты дзень як у Расеі, так і ва Ўкраіне лічыцца датай прыняцьця рашэньня аб анэксіі Крыму. Першым этапам гэтай апэрацыі стаў мітынг у Севастопалі 23 лютага, на якім нібыта мітынгоўцамі было прынятае рашэньне не выконваць распараджэньні Вярхоўнай рады Ўкраіны пасьля ўцёкаў з краіны прэзыдэнта Віктара Януковіча і стварыць атрады самаабароны. Тут жа быў зачытаны зварот з заклікамі да прэзыдэнта Расеі ўвесьці міратворчы кантынгент у Крым.

2
Мітынг 26 лютага 2014 году ў Сімфэропалі, дзе адбыліся сутыкненьні з ініцыятывы людзей, якія звалі сябе прадстаўнікамі «самаабароны Крыму» і казакаў што прыбылі з Расеі. Гэтыя падзеі пасьля леглі ў аснову шэрагу судовых справаў супраць тых крымчан, хто падтрымаў Украіну. Ім выстаўлялі абвінавачваньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

3
1 сакавіка 2014 году над Вярхоўным саветам Аўтаномнай Рэспублікі Крым лунае расейскі сьцяг. Ён зьявіўся тут некалькімі днямі раней, калі ўзброены спэцназ у ноч на 27 лютага захапіў будынак Вярхоўнага савету. Расейскія вайскоўцы не пускалі ў будынак некаторых дэпутатаў, да галасаваньня была дапушчаная толькі частка зь іх. Яны прынялі рашэньне адправіць у адстаўку ўрад Анатоля Магілёва і прызначыць новага прэм'ер-міністра Крыму – Сяргея Аксёнава, лідэра партыі «Рускае адзінства» (на той момант у парлямэнце Крыму было ўсяго тры дэпутата ад гэтай партыі са 100). Таксама было прынятае рашэньне аб правядзеньні «агульнакрымскага апытаньня» аб статусе паўвострава. У галасаваньні, паводле непацьверджаных незалежнымі крыніцамі дадзеных, прымалі ўдзел 64 дэпутата.

4
3 сакавіка 2014 году. Амбасадар Расеі ў ААН Віталь Чуркін на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН дэманструе ліст экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча да Ўладзіміра Пуціна з просьбай выкарыстаць войскі для аднаўленьня «законнасьці і правапарадку ва Ўкраіне». Да таго моманту рашэньне ўвесьці войскі ўжо было прынятае: прэзыдэнт Расеі атрымаў у Савета Фэдэрацыі дазвол на выкарыстаньне войскаў двума днямі раней.

5
Няўзброеныя ўкраінскія вайскоўцы пакідаюць аэрапорт Бэльбэк пасьля няўдалых перамоваў з расейскімі вайскоўцамі, якія занялі яго ў ноч на 4 сакавіка. Афіцэры ўкраінскай вайсковай часткі 4515 спрабавалі дамагчыся, каб іх прапусьцілі на месца нясеньня службы.

6
5 сакавіка 2014 году. Расейскія вайскоўцы без апазнавальных знакаў (так званыя «зялёныя чалавечкі») у сяле Перавальнае.

7
5 сакавіка. Танк узброеных сіл Расеі на блёкпосьце, які расейскія вайскоўцы выставілі ў Армянску, побач з адміністрацыйнай мяжой Крыму.

8
6 сакавіка. Сьпісаны вялікі супрацьлодачны карабель «Ачакаў» затоплены расейскімі вайскоўцамі ля ўваходу ў бухту возера Донузлаў у пасёлку Мірны, каб не дапусьціць выхаду з затокі караблёў украінскіх ваенна-марскіх сіл.

9
Акцыя «Фэмэн» у Сімфэропалі. На целе ў актывістак – надпісы на ангельскай мове «Спыніце вайну Пуціна!».

10
8 сакавіка. Акцыя крымчанак супраць вайны, за мір і адзінства з Украінай у Сімфэропалі.

11
Білборды на вуліцах Крыму перад «рэфэрэндумам», прызначаным на 16 сакавіка, яго дата была перанесеная з больш позьняга тэрміну на ранейшы. Яшчэ да таго, як галасаваньне адбылося, 11 сакавіка ў Дзярждуму Расеі былі ўнесеныя законапраекты, якія прадугледжвалі паскораную працэдуру анэксіі тэрыторыі іншай дзяржавы. Калі раней, згодна з расейскімі законамі, гэта было магчымым толькі пры заключэньні двухбаковай міжнароднай дамовы з Украінай, то прынятыя пасьля заканадаўчыя нормы дазвалялі рабіць гэта ў аднабаковым парадку.

12
Падрыхтоўка да прызначанага на 16 сакавіка «рэфэрэндуму» у Алупцы: член выбарчай камісіі нясе крымскі сьцяг. 12 сакавіка 2014 году.

13
Адзіночны пікет супраць анэксіі Крыму ў Маскве. 15 сакавіка 2014 году.

14
Украінскі марак пакідае квартал ваенна-марскіх сіл у Севастопалі. 19 сакавіка 2014 году.

15
Партрэт кінарэжысэра Алега Сянцова непадалёк ад пасольства Расеі ў Парыжы. Гэтае фота зроблена 17 верасьня 2018 году, калі Алег Сянцоў абвясьціў пратэстную галадоўку ў турме, дзе ён адбывае пакараньне паводле абвінавачваньня ў тэрарызьме. Сянцова арыштавалі ў Крыме вясной 2014 году, ягоны перасьлед зьвязваюць зь яго стаўленьнем да дзеяньняў Расеі на паўвостраве. Шэраг праваабарончых арганізацыяў лічаць яго вязьнем сумленьня.