Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат ЗША перадухіліў спыненьне працы дзяржаўных установаў


Вашынгтон, ЗША
Вашынгтон, ЗША

Сэнат ЗША прыняў законапраект аб часовым фінансаваньні дзяржаўных установаў і адправіў яго на подпіс прэзыдэнту Дональду Трампу. Закон забясьпечыць фінансаваньне ўрадавых структураў да 30 верасьня.

Галасаваньне прайшло з вынікам 54 супраць 46, прычым дзевяць дэмакратаў далучыліся да рэспубліканцаў у падтрымку гэтага кроку. Некаторыя з дэмакратаў палічылі, што шатдаўн (спыненьне працы ўраду) — горшы вынік, чым прыняцьце гэтага бюджэту. Дзевяць зь іх, разам зь лідэрам дэмакратычнай большасьці Чакам Шумэрам, дазволілі законапраекту прайсьці канчатковае галасаваньне, паведамляе Reuters.

Раней у пятніцу законапраект прайшоў папярэдняе галасаваньне з дапамогай 10 дэмакратаў з вынікам 62 супраць 38. Для гэтага патрабавалася шэсьцьдзесят галасоў.

Палата прадстаўнікоў, якую кантралююць рэспубліканцы, на гэтым тыдні прыняла законапраект, які ў асноўным пакідае выдаткі на ўзроўні каля 6,75 трыльёна даляраў у гэтым фінансавым годзе, які заканчваецца 30 верасьня 2025 году.

Дэмакраты выказалі абурэньне законапраектам, які скароціць выдаткі прыкладна на 7 мільярдаў даляраў і можа, на іх думку, прывесьці да скарачэньня дзясяткаў тысяч працоўных месцаў. Узброеныя сілы ЗША атрымаюць прыкладна на 6 мільярдаў даляраў больш, у той час як фінансаваньне праграмаў, не зьвязаных з абаронай, скароціцца на 13 мільярдаў даляраў.

  • Шатдаўн — сытуацыя, калі пасьля завяршэньня папярэдняга фінансавага году бюджэт на новы год яшчэ не прайшоў узгадненьня ў Кангрэсе. У такім выпадку значная частка дзяржаўных службоўцаў вымушана спыніць работу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG