Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З аўкцыёну распрадаюць нерухомасьць клінікі «Новы зрок», якая трапіла пад ціск уладаў


Будынак «Новага зроку» ў Магілёве, які спрабуюць прадаць з аўкцыёну. Фота: e-auction.by
Будынак «Новага зроку» ў Магілёве, які спрабуюць прадаць з аўкцыёну. Фота: e-auction.by

З аўкцыёну прадаюць яшчэ два арыштаваныя памяшканьні мэдычнага цэнтру «Новы зрок», піша «Люстэрка». У 2023 годзе кампанія апынулася пад ціскам уладаў, а яе заснавальніка Алега Каўрыгіна ў лістападзе 2024 году завочна асудзілі на 12 гадоў зьняволеньня.

З аўкцыёну прадаюць памяшканьне мэдычнага цэнтру «Новы зрок» у Горадні плошчай 131,2 м² на вуліцы Леніна, 13-3. Стартавая цана аб’екту — 451 тысяч беларускіх рублёў, пазначана на сайце «БелЮрЗабесьпячэньня». Аўкцыён прызначылі на 24 красавіка.

Таксама з аўкцыёну 24 красавіка паспрабуюць прадаюць памяшканьне ў Магілёве плошчай 388,8 м². Стартавая цана — 734 тысячы рублёў.

У абодвух выпадках на лоты ёсьць «забарона ўчыненьня рэгістрацыйных дзеяньняў судовага выканаўцы».

Акрамя гэтага, на аўкцыён паўторна выставілі нерухомасьць мэдычнага цэнтру ў Гомлі плошчай у 1 341,4 м ². Яе ўжо спрабавалі прадаць у сакавіку, але пакупнікоў не знайшлося. Стартавую цану зьнізілі з 1 млн 140 тысяч да 912 тысяч рублёў.

Таксама ў сакавіку прадавалі тры аўтамабілі клінікі: Volkswagen Caddy 2017 году з пачатковай цаной 38,8 тыс. рублёў і два аўтамабілі Volkswagen Caravelle (1, 2) 2016 і 2018 гадоў (з стартавай цаной у 56,6 тыс. і 83,3 тыс. рублёў адпаведна). Пакупніка знайшлі на Volkswagen Caddy — аўтамабіль прадалі за 45 978 рублёў.

Гісторыя перасьледу клінікі «Новы зрок»

Мэдычны цэнтар «Новы зрок» пачаў працаваць у 1999 годзе, яго заснаваў беларускі прадпрымальнік Алег Каўрыгін. Усяго ў Беларусі было 5 клінік з такой назвай.

Вясной 2023 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Беларусі заявіў, што ў клініках нібыта выплачвалі супрацоўнікам грошы у канвэртах. На заснавальніка Алега Каўрыгіна завялі крымінальную справу за нявыплату падаткаў. Акрамя Каўрыгіна, пад крымінальны перасьлед трапілі яшчэ шэраг супрацоўнікаў «Новага зроку».

27 ліпеня 2023 году Міністэрства здароўя забрала ліцэнзію ў «Новага зроку» нібыта за падачу ў момант яе атрыманьня «падробленых дакумэнтаў зь недакладнымі зьвесткамі пра адказных асобаў, не працаўладкаваных на прадпрыемстве».

Заснавальнік «Новага зроку» Алег Каўрыгін заявіў, што абвінавачваньні надуманыя. Кампанія паведаміла, што пакіне беларускі рынак, клінікі «Новы зрок» пачалі ліквідацыю.

19 сакавіка 2024 году Алег Каўрыгін ехаў у Беларусь, каб трапіць на суд аб адабраньні прыбытку з даходаў мэдычнага цэнтру за 2022 год, аднак у Польшчы яго на запыт Беларусі затрымаў Інтэрпол. Праўда, пасьля Каўрыгіна адпусьцілі.

У лістападзе 2024 году заснавальніку «Новага зроку» Алегу Каўрыгіну завочна прысудзілі 12 гадоў зьняволеньня і штраф 400 тысяч рублёў. Сам Каўрыгін назваў справу палітычна матываванай. Акрамя ўхіленьня ад выплаты падаткаў, яго таксама абвінавацілі паводле тыповых «палітычных» артыкулаў — за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці», «распальваньне сацыяльнай варожасьці» і «заклікі да санкцыяў».

Галоўнай бухгальтарцы «Новага зроку», намесьнікам дырэктара і галоўнай мэдсястры прысудзілі ад 3 гадоў 3 месяцаў да 3 гадоў 6 месяцаў зьняволеньня з адкладам на 3 гады.

19 сьнежня 2024 году КДБ Беларусі ўнёс заснавальніка клінікі «Новы зрок» Алега Каўрыгіна ў «сьпіс тэрарыстаў».

Цяпер Алег Каўрыгін жыве і працуе за мяжой. Ягоныя цэнтры дзейнічаюць у Літве, Расеі, Украіне, Нарвэгіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG