Нямецкі парлямэнт выключыў амбасадараў Расеі і Беларусі са сьпісу запрошаных на спэцыяльнае пасяджэньне 8 траўня, прымеркаванае да 80-й гадавіны заканчэньня Другой сусьветнай вайны ў Эўропе, паведаміў у чацьвер прэс-сакратар заканадаўчага органа, піша Reuters.
Як паведаміла нямецкае агенцтва dpa, рашэньне прынятае паводле рэкамэндацыі нямецкага МЗС, якое заклікала не запрашаць прадстаўнікоў дзьвюх краін да ўдзелу ў дзяржаўных імпрэзах у Нямеччыне падчас вайны ва Ўкраіне.
Хоць увесь дыпляматычны корпус быў фармальна запрошаны, Бундэстаг заявіў, што трымаўся стандартнага пратаколу, выконваючы ўказаньні фэдэральнага ўраду.
«У адпаведнасьці з гэтай ацэнкай амбасадары Расейскай Фэдэрацыі і Беларусі не былі запрошаныя», — сказаў агенцтву dpa прэс-сакратар Бундэстагу.
У сераду амбасадар Расеі ў Нямеччыне Сяргей Нячаеў наведаў мэмарыял каля Бэрліну. Ва ўрачыстасьці таксама прыняў удзел прадстаўнік Беларусі ў Нямеччыне Андрэй Шупляк. Маўклівая акцыя ў нямецкай зямлі Брандэнбург недалёка ад Бэрліну прысьвячалася бітве на Зэляўскіх вышынях, якая лічыцца найбуйнейшай бітвай на нямецкай зямлі падчас Другой усясьветнай вайны. Яна адбылася незадоўга да заканчэньня вайны і прывяла да гібелі дзясяткаў тысяч салдатаў як зь нямецкага, так і з савецкага бакоў.
Паводле мясцовай адміністрацыі, расейскіх прадстаўнікоў не запрашалі, але ветліва сустрэлі. Нячаеву і Шупляку не перашкаджалі прысутнічаць.
Нячаеў выказаў шкадаваньне ў сувязі з выключэньнем расейскіх прадстаўнікоў з гэтай падзеі. Амбасадар Украіны ў Нямеччыне Аляксей Макееў раскрытыкаваў выгляд Нячаева, які надзеў георгіеўскую стужку, што служыць цяпер знакам падтрымкі палітыкі Пуцніа. Макееў сказаў, што гэта зьдзек з ахвяраў і Другой усясьветнай вайны, і цяперашніх, маючы на ўвазе нядаўнія расейскія ўдары па Крывым Рагу і Сумах, у выніку якіх загінулі 55 мірных жыхароў, у тым ліку 11 дзяцей.
У рэкамэндацыі Міністэрства замежных справаў, зь якой азнаёмілася агенцтва dpa, фэдэральным, зямельным і мясцовым уладам прапануецца не запрашаць на ўрачыстасьці прадстаўнікоў Расеі і Беларусі. МЗС Нямеччыны хоча перашкодзіць Расеі выкарыстоўваць Другую ўсясьветную вайну для апраўданьня сваёй вайны супраць Украіны.
«Можна чакаць, што з боку Расеі гэта будзе выкарыстана і некарэктна зьвязана з апраўданьнем яе агрэсіўнай вайны супраць Украіны», — сказаў прэс-сакратар МЗС.
27 студзеня ў Польшчы прайшла цырымонія, прысьвечаная 80-годзьдзю з дня вызваленьня нацысцкага лягеру сьмерці Аўшвіц-Біркенаў у Асьвенціме, на якую не запрасілі прадстаўнікоў уладаў Расеі і Беларусі. На ўрачыстасьцях у Асьвенціме прысутнічала беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.
Форум