Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анамальнае цяпло ў Беларусі: у Менску і трох абласных цэнтрах перапісалі рэкорды дня 66-гадовай даўніны


Менск, архіўнае фота
Менск, архіўнае фота

На 19 красавіка Белгідрамет прагназуе да 26 градусаў. На Вялікдзень 20 красавіка чакаецца да 25 градусаў.

18 красавіка на ўсіх метэастанцыях Беларусі абноўленыя рэкорды цяпла, у тым ліку два месячныя максымумы.

У Беларусі працягваецца другая з пачатку красавіка хваля анамальна цёплага надвор’я. 18 красавіка на ўсіх метэастанцыях абноўлены тэмпэратурныя рэкорды, у тым ліку абсалютны і два лякальныя месячныя — у Верхнядзвінску і Езярышчы на поўначы Віцебскай вобласьці, сьведчыць праведзены «Позіркам» параўнальны аналіз апэратыўных і архіўных зьвестак Белгідрамета.

У Верхнядзвінску паветра прагрэлася да 27,9 градуса. Дзённы максымум да гэтага складаў 22,1 (18 красавіка 1959 года), месячны — 27,2 (23 красавіка 1950 года).

У Езярышчы тэмпэратура паднялася да 27 градусаў. Дзённы максымум быў роўны 18,4 градуса (у 2013 годзе), месячны — 26,7 (29 красавіка 2012 года).

Цяплей за ўсё было ў Берасьці, дзе зафіксавалі новы абсалютны рэкорд дня — 28,2 градуса (ранейшы — 22,9 на станцыі «Палеская» ў Лунінецкім раёне ў 2005 годзе). Лякальны экстрэмум у гэтым абласным цэнтры пратрымаўся 25 гадоў (22,6). На «Палескай» паветра прагрэлася да 25,3 градуса.

У Менску і трох абласных цэнтрах перапісаны рэкорды дня 66-гадовай даўніны. У сталіцы тэмпэратура на максымуме склала 26,4 градуса (20,6 у 1959 годзе), у Віцебску — таксама 26,4 (20,4), Горадні — 25,9 (21,6), Магілёве — 25,6 (21,2). У Гомлі перавышаны рэкорд 2013 года (24,7 супраць 21,2).

На 19 красавіка Белгідрамет прагназуе да 26 градусаў. 20 красавіка чакаецца да 25 градусаў, 21-га — да 26 градусаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG