Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі раніцай 20 красавіка заявіў, што расейскія вайскоўцы не прытрымліваюцца 30-гадзіннага рэжыму спыненьня агню, абвешчанага расейскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным удзень 19 красавіка.
«Ужо зафіксавана 59 расейскіх абстрэлаў і пяць штурмавых дзеяньняў расейскіх падразьдзелаў на розных участках лініі фронту. Адно баявое сутыкненьне зафіксаванае з апэратыўна-тэхнічнай групоўкай „Старабельск“, па тры баявыя сутыкненьні на Пакроўскім і Новапаўлаўскім напрамках у Данецкім АТГ, адно — на Запароскім напрамку ў раёне Стэпавага. Дзясяткі прымяненьня FPV ворагам», — сказаў кіраўнік дзяржавы з спасылкай на паведамленьне галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандра Сырскага, якое паступіла, а 6-й гадзіне.
«Нашы салдаты ўсюды рэагуюць так, як таго заслугоўвае вораг у канкрэтных баявых абставінах», — адзначыў Зяленскі.
Паводле яго слоў, з 18.00 19 красавіка да поўначы расейскае войска зьдзейсьніла 387 абстрэлаў і 19 штурмавых дзеяньняў, расейцы 290 разоў выкарыстоўвалі бесьпілётнікі.
«У цэлым па стане на велікодную раніцу можна сказаць, што расійскае войска спрабуе стварыць агульнае ўражаньне спыненьня агню, але месцамі не пакідае асобных спроб наступу і нанясеньня стратаў Украіне», — падкрэсьліў Зяленскі, дадаўшы, што ўкраінская прапанова «рэалізаваць і падоўжыць рэжым цішыні на 30 дзён пасьля 12:00 сёньня застаецца ў сіле».
19 красавіка ў Крамлі распаўсюдзілі заяву Ўладзіміра Пуціна, які абвясьціў «велікоднае перамір’е». Паводле яго слоў, расейскі бок «спыняе ўсе баявыя дзеяньні з 18.00 19 красавіка да 00.00 21 красавіка». Пры гэтым, дадаў Пуцін, расейскія войскі павінны быць гатовыя да адбіцьця «магчымых парушэньняў рэжыму спыненьня агню».
Прэзыдэнт Зяленскі ў адказ назваў гэтую заяву спробай гульні з жыцьцямі людзей і ўказаў на авіяўдар, які ў той час ішоў па шэрагу рэгіёнаў Украіны.
Форум