Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, старшыня Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Юзаф Станеўскі зьвярнуўся да вернікаў з пасланьнем:
«Дарагія браты і сёстры, у чарговы раз мы стаім перад таямніцай пустой магілы Езуса і чуем словы, поўныя любові, суцяшэньня і надзеі: „Ня бойцеся! Хрыстус ужо ўваскрос, Пан мой і мая надзея. А месцам сустрэчы будзе Галілея…“
Гэтыя словы павінны ўмацоўваць нашу веру, што сярод зьменлівасьці і хаосу сучаснага сьвету ў розных выпрабаваньнях і цярпеньнях надалей крыніцай любові і сілы нязьменна зьяўляецца ўваскрослы Пан — Пераможца сьмерці, пекла і сатаны. […]
Дарагія браты і сёстры! Няхай радаснае і трыюмфальнае Алелюя! Хрыстус уваскрос! гучыць у нашых сэрцах так, як гучыць сёньня ва ўсіх хрысьціянскіх сьвятынях нашай любай Беларусі, бо сёньня ўсе хрысьціяне з надзеяй сьвяткуюць Пасху — Вялікі Дзень у гісторыі хрысьціянства і ўсяго чалавецтва. Сёньня званы хрысьціянскіх сьвятыняў зьліваюцца ў адну мэлёдыю радаснага абвяшчэньня: Хрыстус уваскрос. Сапраўды уваскрос!»
Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек у сваім відэавіншаваньні адзначыў:
«Уваскрасеньне Хрыста — гэта перамога. Перамога сьвятла і праўды.
Гэта вялікі дар. Дар, які мы атрымліваем 1700 год ад Нікейскага сабору, калі было вызначана, якім чынам адзначаць Пасху. Гэта дар не для гісторыі, а для таго, каб мы ў дзень Ягонага ўваскрасеньня сёньня маглі разам працаваць на дабро хрысьціянскіх цэркваў і нашага грамадзтва, бачыць у іншым чалавеку сапраўднага брата і сястру».
Павіншаваў прыхаджанаў зь Вялікаднем і архіяпіскап Беларускай Аўтакефальнай праваслаўнай царквы Сьвятаслаў. У сваім віншаваньні ён адзначыў няпростыя часы, у якія цяпер жыве радзіма і пра што перажываюць у беларускай дыяспары:
«Далёка ня ўсе людзі прымаюць да свайго сэрца вучэньне Хрыста, жывучы паводле Божых Запаветаў. З-за адыходу ад Бога і прыхільнасьці толькі да зямных каштоўнасьцяў, жыцьцё напаўняецца злом, людзі духоўна сьлепнуць, забіваючы ў сабе вобраз падабенства Божага, пачынаюцца нянавісьць і войны. Што мы цяпер бачым на прыкладзе агрэсіі супраць суседнае мірнае Ўкраіны. А ў Беларусі незаконная й бязбожная ўлада ваюе з сваім народам, дзе цяпер шмат палітычных зьняволеных, а тысячы нашых суайчыньнікаў змушаныя пакінуць родны кут і знаходзіцца на Чужыне. Але, як хрысьціяне, верым у перамогу дабра, калі будзем змагацца па прыкладу Ўваскрослага Хрыста.
Віншую зь Вялікаднём ўсіх беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне і па ўсяму сьвету, асабліва — Беларускіх жаўнёраў, якія разам з украінцамі ваююць з маскоўскай ардой, і ўсіх Беларускіх змагароў.
Зычу ўсім веры ўва Ўваскрослага Госпада Ісуса Хрыста і Божага дабраславеньня на вас і вашых блізкіх!»
Пратэстанцкая царква «Благодать» у сваім віншаваньні зьвярнулася да глыбокага сэнсу сьвята:
«Кожны, хто адрадзіўся для сьвятога жыцьця, хто з Хрыстом жыве, зь Ім і валадарыць будзе. Хто памёр для граху і гэтага сьвету, той уваскрос для Бога і Яго вечнай славы. Дык давайце ж жыць годна нашага званьня і абраньня, несьці вестку аб Хрыстовай перамозе сьвету, што гіне, памятаць, што наша жыхарства — на нябёсах, і наша жыцьцё ўтоена з Хрыстом у Богу.
Сьвята Вялікадня — гэта магчымасьць зноў і зноў сьведчыць „блізкім і далёкім“ аб вялікім цудзе збаўленьня і бясконцай Божай ласкі».
Форум