Сярод падазраваных у справе — грамадзяне Беларусі, Малдовы і ўраджэнец Украіны, паведаміла 30 ліпеня прэс-служба СК РФ. Канкрэтных доказаў гэтага сьледчыя не прыводзяць.
Паводле вэрсіі расейскіх сьледчых, ураджэнец Украіны і грамадзянін Беларусі, якія нібыта ёсьць «агентамі ўкраінскіх спэцслужбаў», рыхтавалі замах на расейскага добраахвотніка, што ваюе ва Ўкраіне, «з выкарыстаньнем самаробнай выбуховай прылады». 12 красавіка, сьцьвярджаюць у СК РФ, калі яны спрабавалі сабраць выбуховую прыладу, адбылася міжвольная дэтанацыя, у выніку якой у жылым доме ў горадзе Ханты-Мансійску разбураныя дзьве кватэры». У выніку іх і яшчэ трох чалавек шпіталізавалі з траўмамі рознай ступені цяжкасьці.
Таксама на далучанасьць да справы правяраюць затрыманага грамадзяніна Малдовы, які, паводле вэрсіі расейскага СК, «даставіў на асабістым мікрааўтобусе ў Югру транзытам праз Польшчу, Літву і Беларусь кампанэнты самаробнай выбуховай прылады, закамуфляваныя ў акумулятарным шрубакруце і араматычнай сьвечцы», якія яму нібыта перадалі ва Ўкраіне.
Фігурантаў узялі пад варту. Сьледзтва ў справе працягваецца.
Паводле зьвестак Тэлеграм-каналу Baza, затрыманы беларус — 48-гадовы Андрэй С. Ён працаваў у нафтавай сфэры, які іншы затрыманы — 42-гадовы Андрэй К., які нарадзіўся ва Ўкраіне, але ў 2020 годзе атрымаў расейскае грамадзянства. Паводле Baza, яго апошняе месца працы — кампанія «Обьнефтеремонт», якая займаецца рамонтам сьвідравін.
Паводле інфармацыі крыніц тэлеграм-каналу, Кіяшка і Сакалоўскі-Станкевіч зьнялі кватэру, дзе нібыта рыхтаваліся да «тэракту», 10 красавіка.
Рэакцыі СБУ на гэтую інфармацыю пакуль няма.
- Гэта ня першы падобны выпадак. 18 красавіка 2025 году ФСБ затрымала беларуса, які нібыта рыхтаваў тэрарыстычны акт у Расеі «на заданьне СБУ». Канкрэтных доказаў ФСБ не прывяло, на карысьць расейскай вэрсіі гучалі толькі словы затрыманага і нібыта сьледчы экспэрымэнт.
- У сьнежні 2023 году ў Омску затрымалі беларуса Сяргея Ерамеева, яго абвінавацілі ў падрыве двух цягнікоў на Байкала-Амурскай магістралі ў Буратыі. У паведамленьнях, якія выпускала расейскае ФСБ, Ерамееў казаў, што хацеў паралізаваць перавоз вайсковай тэхнікі бліжэй да Ўкраіны. Расейскія спэцслужбы сьцьвярджалі, што выбухоўку Ерамееў атрымаў яшчэ ў Беларусі, а потым перавёз яе на Далёкі Ўсход Расеі. Пра Ерамеева вядома, што ён працаваў на «Нафтане», а ў 2020 годзе далучыўся да пратэстаў. Цяпер ён зьняволены ў СІЗА «Лефортава» ў Маскве. Яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэксу РФ (тэрарыстычны акт).
Форум