Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэйвід Лэмі сустракаецца 9 траўня ў Львове з сваім украінскім калегам і 17 міністрамі замежных справаў краін Эўразьвязу, каб абмеркаваць наступныя крокі для «дасягненьня трывалага міру ў Эўропе», паведаміла брытанскае Міністэрства замежных справаў.
«Наведваючы Львоў, эўрапейскія партнэры пацьвердзяць сваю прыхільнасьць забесьпячэньню справядлівага і трывалага міру. Міністры ўпершыню пацьвердзяць сваю падтрымку стварэньню Спэцыяльнага трыбуналу за злачынства агрэсіі супраць Украіны», — гаворыцца ў заяве МЗС Вялікай Брытаніі.
У МЗС удакладнілі, што сёньняшнія падзеі адбываюцца ў момант абвяшчэньня прэмʼер-міністрам Вялікай Брытаніі вялікага пакету санкцыяў супраць «ценевага флёту», які перавозіць расейскую нафту. Паводле некаторых ацэнак, санкцыі паралізавалі 200 вадаплаваў — амаль палову ўсяго флёту Расеі.
«Мы выступаем супраць Пуціна, супраць яго прамаруджваньняў і ўхіленьня ад міру, а таксама супраць ягонага сумнеўнага ценевага флёту нафтавых танкераў. Мы поўныя рашучасьці перамагчы яго няўдалыя амбіцыі фінансаваць сваю незаконную вайну празь іх — менавіта таму мы сёньня ўвялі найбуйнейшы пакет санкцыяў супраць іх, які ахоплівае 110 абʼектаў», — сказаў Лэмі.
«Тыя, хто сёньня стаіць побач з Пуціным у Маскве, павінны паразважаць над навукай гісторыі: мір заўсёды перамагае, і агрэсарам ніколі не дазволяць дасягнуць посьпеху», — падкрэсьліў міністар.
Як чакаецца, міністры замежных справаў дзясяткаў краін, лідэры Ўкраіны і Рады Эўропы падпішуць 9 траўня ў Львове дакумэнты аб стварэньні спэцыяльнага трыбуналу за злачынства агрэсіі супраць Украіны. Пра гэта сьведчаць праекты дакумэнтаў, якія 6 траўня атрымала Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
У лютым Эўрапейская камісія паведаміла, што правазнаўцы з ЭЗ, Службы вонкавых дзеяньняў ЭЗ, Рады Эўропы, Украіны і 37 іншых краін «заклалі юрыдычныя асновы для стварэньня Спэцыяльнага трыбуналу за злачынства агрэсіі супраць Украіны».
Чакаецца, што Спэцыяльны трыбунал будзе афіцыйна створаны ў Люксэмбургу 14 траўня, калі там адбудзецца паседжаньне Камітэту міністраў Рады Эўропы.
Злачынства агрэсіі — гэта «злачынства кіраўніцтва», учыненае «асобай на пасадзе, якая мае магчымасьць эфэктыўна ажыцьцяўляць кантроль або накіраваньне палітычных ці ваенных дзеяньняў».
Пад гэтае азначэньне падпадаюць палітыкі Расеі і патэнцыйна палітыкі іншых краін, якія спрычыніліся да падрыву тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, а менавіта кіраўнікі Беларусі, Ірану і Паўночнай Карэі.
Форум