Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне заявілі, што ўпершыню ў гісторыі выкрылі вугорскіх шпіёнаў. Сіярта адказаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

СБУ абвясьціла, што ўпершыню ў гісторыі краіны выкрыла агентурную сетку вугорскай вайсковай выведкі і затрымала дваіх чалавек.

«Задачаю гэтай ячэйкі быў збор інфармацыі пра вайсковую абароненасьць Закарпацкай вобласьці, пошук уразьлівасьцяў у наземнай і супрацьпаветранай абароне рэгіёну, а таксама вывучэньне сацыяльна-палітычных поглядаў мясцовых жыхароў. У прыватнасьці, сцэнароў іхных паводзін у выпадку ўводу ў рэгіён вугорскіх войскаў», — гаворыцца ў паведамленьні, якое цытуе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Паводле сьледзтва, кіраўніком абаіх фігурантаў быў супрацоўнік вугорскай вайсковай выведкі, «асобу якога ўжо ідэнтыфікавала Служба бясьпекі».

«Адным зь яго агентаў быў 40-гадовы былы вайсковец зь Берагоўскага раёну, якога іншаземцы завэрбавалі і перавялі ў „рэжым чаканьня“ яшчэ ў 2021 годзе. Паводле зьвестак контравыведкі і сьледчых СБУ, куратар „актываваў“ гэтага агента ў верасьні 2024 году. Дакумэнтальна пацьверджана, што пасьля гэтага агент асабіста выведваў разьмяшчэньне Сілаў абароны і каардынаты зэнітна-ракетных комплексаў С-300 у рэгіёне», — зазначылі ў Службе бясьпекі.

СБУ таксама заявіла, што на заданьне вугорскіх спэцслужбаў адзін з падазраваных намагаўся завэрбаваць прынамсі двух чалавек.

Яшчэ адна затрыманая — былая жанчына-вайсковец Сілаў бясьпекі і абароны Ўкраіны, якая звольнілася з падразьдзелу ў 2025 годзе.

«Паводле наяўнай інфармацыі, у яе задачы ўваходзіла інфармаваньне вугорскай спэцслужбы пра наяўнасьць самалётаў і гелікоптэраў у Закарпацкай вобласьці, а таксама пра сыстэмы абароны вайсковай часткі, дзе яна служыла», — паведамілі ў Службе бясьпекі.

Затрыманым выставілі падозраньне ў «дзяржаўнай здрадзе, учыненай ва ўмовах ваеннага становішча», ім пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне з канфіскацыяй маёмасьці.

Рэакцыя ў Будапэшце

Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта заявіў, што ўлады краіны пакуль не атрымлівалі афіцыйнай інфармацыі ад Украіны адносна затрыманьня ў Закарпацьці двух чалавек, якіх падазраюць у працы на вугорскую вызведку. Пра гэта Сіярта сказаў выданьню ATV на прэс-канфэрэнцыі 9 траўня.

Адначасова ён заявіў, што «ва Ўкраіне часта выкарыстоўваецца антывугорская прапаганда, якая ў многіх выпадках аказваецца абсалютна беспадстаўнай».

«Калі мы атрымаем якія-небудзь падрабязнасьці або афіцыйную інфармацыю, мы можам з гэтым разабрацца, а да таго часу гэта трэба клясыфікаваць як прапаганду, да якой трэба ставіцца з асьцярожнасьцю», — сказаў міністар.

Вугоршчына, прадстаўленая прэмʼер-міністрам Віктарам Орбанам і міністрам замежных справаў Пэтэрам Сіярта, ня раз дэманстравала сваё прыхільнае стаўленьне да Крамля і крытыкавала Ўкраіну. З пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня Будапэшт робіць заявы, якія супярэчаць агульнай пазыцыі Эўразьвязу ў пытаньні падтрымкі Ўкраіны. Афіцыйны Будапэшт выступіў супраць уступленьня Ўкраіны ў ЭЗ.

У сакавіку міністар Вугоршчыны ў справах ЭЗ Янаш Бока прапанаваў спыніць дапамогу Ўкраіне і ператварыць яе ў «буфэрную зону» паміж Расеяй і ЭЗ.

Міністэрства замежных справаў Украіны тады заявіла ў адказ, што «Ўкраіна ніколі не была, ня ёсьць і ніколі ня будзе ніякай „буфэрнай зонай“. Мы лічым, што самой Вугоршчыне выгадна, каб Украіна была ў ЭЗ. Калі б Украіна адмовілася ад барацьбы, то „буфэрам“ стала б Вугоршчына», — падкрэсьлілі ў МЗС.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG