У Беларусі працягваюцца перабоі з бульбай. Да таго ж з крамаў амаль зьнікла цыбуля. Адначасова Беларусь выйшла на другое месца ў экспарце бульбы ў Расею.
Лукашэнка прызнаў дэфіцыт бульбы ў крамах Беларусі і заклікаў месяц патрываць: «Ну яшчэ месяц ужо адмучымся, каму там бульба не падабаецца нейкая. А гэта пасеем, атрымаем у 10 разоў больш, чым пасеялі".
Эканаміст Яраслаў Раманчук у размове з Свабодай патлумачыў прычыну перабояў з бульбай і пракамэнтаваў:
«Гэта нармальная рэакцыя людзей, якіх Лукашэнка прымушае працаваць у якасьці „прыгонных“. Вось фэрмэры і знайшлі такі „шчыліну“, каб крыху зарабіць. Лукашэнка не дае зарабляць, не дае магчымасьці сапраўднаму фэрмэрству разьвівацца, вось людзі і зрабілі такі гешэфт. А паколькі ў нас ільвіная доля бульбы — з хатніх і фэрмэрскіх гаспадарак, а не з калгасаў, таму і атрымалася, што ўсё прадалі, а сабе не засталося».
**
Гісторыя зьнікненьня спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай становіцца ўсё больш загадкавай. Больш чым за месяц ані польскія праваахоўныя органы, якія займаюцца справаю Мельнікавай, ані СМІ, ані яе паплечнікі не змаглі высьветліць, дзе яна знаходзіцца і што стала прычынай яе ад’езду з Польшчы і зьнікненьня.
Дагэтуль няма і доступу да зьвестак пра фінансавыя сродкі, якімі распараджалася Анжаліка Мельнікава.
Расказваем, якую інфармацыю можа ўтрымліваць рахунак.
***
Пяцігадовая паўза ў руху чыгуначнай лініі паміж Менскам і Вільняй стала самай працяглай у гісторыі. І вось чарговая спроба беларускіх уладаў аднавіць пасажырскі рух паміж Беларусьсю і Літвой зноў скончылася няўдачай.
Расказваем, чаму квіток на цягнік да Вільні зь Менску нельга набыць ужо пяць гадоў і якія цягнікі хадзілі на гэтай гістарычна важнай для беларусаў лініі раней.
«Упершыню чыгуначны пасажырскі рух паміж Менскам і Вільняй быў перарваны ў Першую сусьветную вайну, — распавядае Свабодзе краязнаўца Зьміцер. — У жніўні 1915 году Вільню занялі немцы, а фронт праходзіў каля Смаргоняў. Менск на расейскім баку быў. Тады да лютага 1918 году пасажырскага руху не было. А пасьля, у 1918 годзе, калі і Менск быў пад кантролем немцаў, праезд для цывільных асобаў чыгункай быў абмежаваны. Можна сказаць, што свабоднага руху не існавала таксама. Хоць праехаць было магчыма».
***
Мастачка Ксіша Ангелава, якая намалявала больш за тысячу партрэтаў беларускіх палітвязьняў, змагаецца зь цяжкай хваробай і мае патрэбу ў дапамозе. З 2011 году яна займаецца іканапісам. Яе працы ўпрыгожваюць храмы Беларусі, Украіны, Расеі, Грузіі, Францыі, Нямеччыны, Польшчы.
Партрэты беларускіх палітзьняволеных Ксіша малюе зь лістапада 2020 году.
«Мая выстава зараз праходзіць у Вялікай Брытаніі, там каля 200 партрэтаў вядомых людзей: Алеся Пушкіна, Марыі Калесьнікавай, іншых. Я прывезла гэтыя партрэты, а мне кажуць: „Вы нас проста як малатком па галаве б’яце! Можа, неяк зьмякчыць, прыхаваць, зрабіць праз мэтафары — бо гэта вельмі балюча?“ Я жартую, што, маўляў, я толькі мазаікі раблю з дапамогай малатка, а па галаве нікога ня б’ю. Але мая мэта дасягнута, мяне пачулі!».
Ксіша расказала Свабодзе, што яе ратуе і дапамагае выжыць.
***
Вядомы блогер Аляксандар Лапшын падрыхтаваў пазоў у суд на беларускія ўлады. Яго чарговы раз затрымалі ў Армэніі па запыце Беларусі, і зараз Лапшын просіць Армэнію прызнаць усе запыты Беларусі наконт яго незаконнымі. Ён называе гэта "формай юрыдычнага тэрарызму".
«У верасьні 2024 году мяне першы раз затрымалі ў Ерэване на запыт Рэспублікі Беларусь. Сказалі, што я абвінавачаны паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу, пачынаючы з абразаў гонару і годнасьці Лукашэнкі і сканчаючы заклікамі да зрынаньня законна абранай у Беларусі ўлады. Прыкладна тое, у чым абвінавачваюць зараз шмат каго зь беларусаў. Нічога новага. З той розьніцай, што я не грамадзянін Беларусі, маю пашпарты Ізраілю і Ўкраіны, а нарадзіўся ўвогуле ў Савецкім саюзе. І ў Беларусі ніколі ня жыў».
З словаў адваката, пазоў з патрабаваньнем спыніць разгляд запытаў Беларусі ў дачыненьні да Аляксандра Лапшына будзе пададзены ў бліжэйшыя дні.
***
Шмат чаго адбывалася ў беларускім палітычным жыцьці напярэдадні 80-годзьдзя перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Дзявятага траўня Лукашэнка, ужо традыцыйна, паўдзельнічаў ва ўрачыстасьцях у Маскве і вярнуўся ў Беларусь.
Як напярэдадні Лукашэнка спрабаваў абараніцца ад наступу «рускага сьвету» і апраўдваўся за выкарыстанне не георгіеўскай стужкі, а сваёй, беларускай сымболікі з нагоды сьвята Перамогі, і што казаў пра Перамогу на ўрачыстым сходзе («Мы як ніколі раней гаворым сёньня аб гэтай Вялікай Перамозе») — аналізуе Валер Карбалевіч.
***
Канкляў у Ватыкане абраў новага папу, ім стаў кардынал з ЗША Робэрт Прэво. Ён узяў імя Леў XIV. Гэта першы папа з Паўночнай Амэрыкі.
Расказваем, што пра яго вядома, і паказваем, як выбіралі папу.
***
На наступным тыдні ў швайцарскім Базелі стартуе «Эўравізія». Беларусь з 2021 году ня можа ўдзельнічаць праз забарону Эўрапейскага трансьляцыйнага зьвязу. Але паглядзіце, чым запомніліся нам прадстаўнікі Беларусі на «Эўравізіі» і што зь імі зараз:
Заставайцеся са Свабодай!
Форум