Кіраўнікі дзяржаў апублікавалі ў сацыяльных сетках сумеснае фота з цягніка.
Эўрапейскіх лідараў сустрэлі міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга і кіраўнік Офіса прэзыдэнта Андрэй Ярмак, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода
«Мы рады вітаць у Кіеве Кааліцыю рашучых, — адзначыў Ярмак у тэлеграме,— Тут шмат працы, шмат тэм для абмеркаваньня. Мы павінны скончыць гэтую вайну справядлівым мірам. Нам трэба прымусіць Маскву пагадзіцца на спыненьне агню».
Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў пра правядзеньне саміту Кааліцыі ахвочых у суботу 10 траўня, і, паводле паведамленьняў СМІ, прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон пацьвердзіў, што яго краіна будзе ўдзельнічаць у падзеі.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон выступіў з пасланьнем пасьля прыбыцьця ў Кіеў у складзе «Кааліцыі ахвочых» 10 траўня.
Знаходзячыся ў Кіеве, ён напісаўу сацыяльнай сетцы X:
«Перад абліччам расейскай агрэсіі наш адказ павінен быць калектыўным. Мы зьдзяйсьняем гэтую паездку разам з Нямеччынай, Польшчай і Вялікабрытаніяй», — адзначыў Макрон.
Паводле яго слоў, «справядлівы і трывалы мір пачынаецца з поўнага і безумоўнага спыненьня агню».
«Гэта прапанова, якую мы робім са Злучанымі Штатамі. Украіна прыняла яе 11 сакавіка. Расея, са свайго боку, зацягвае, ставіць умовы, цягне час і працягвае сваю захопніцкую вайну. Калі Масква працягне блякаду, мы, як эўрапейцы і ў цеснай каардынацыі са Злучанымі Штатамі, узмоцнім ціск. Мы вітаем заклік прэзыдэнта Трампа зрабіць гэты крок», — адзначыў прэзыдэнт Францыі.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у чацьвер 8 траўня пасьля тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім заклікаў да 30-дзённага безумоўнага спыненьня агню паміж Расеяй і Ўкраінай. У адваротным выпадку, папярэдзіў Трамп, Вашынгтон і яго партнэры ўвядуць дадатковыя санкцыі.
Першы саміт «Кааліцыі ахвочых» прайшоў у Элізэйскім палацы ў Парыжы 27 сакавіка 2025 году. Тады лідэры больш чым 30 краін сустракаюцца ў Парыжы для дыскусіі у рамках «Кааліцыі ахвочых», якая мае намер узмацніць падтрымку Ўкраіны ў выпадку заключэньня пры ўдзеле ЗША пагадненьня аб спыненьні агню або мірнага пагадненьня.
Фармат кааліцыі абʼядноўвае Вялікабрытанію, Данію, Эстонію, Фінляндыю, Ісляндыю, Латвію, Літву, Нідэрлянды, Нарвэгію, Швэцыю і Ўкраіну.
Форум