Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя беларускіх сьвятароў удзельнічала ў сустрэчы папы Рымскага зь ярархамі ўсходніх каталіцкіх цэркваў


Апостальскі адміністратар грэка-каталікоў Беларусі Сяргей Гаек і папа Леў XIV
Апостальскі адміністратар грэка-каталікоў Беларусі Сяргей Гаек і папа Леў XIV

Папа Леў XIV сустрэўся з прадстаўнікамі ўсходніх каталіцкіх цэркваў, паведамляе прэс-служба Ватыкана. У сустрэчы ўзяла ўдзел дэлегацыя беларускіх сьвятароў.

Як паведамляе Vatican News, аўдыенцыю ў папы атрымалі грэка-каталіцкі архімандрыт Сяргей Гаек, апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, а таксама трое сьвятароў — Андрэй Абламейка зь Менску, Андрэй Крот з Горадні і канцлер курыі апостальскай адміністрацыі Яўген Усошын.

Пантыфік паўтарыў заклік свайго папярэдніка папы Францішка «любіць усходнія цэрквы і берагчы іх унікальныя традыцыі», бо яны «могуць шмат чаму навучыць у тым, што тычыцца хрысьціянскага жыцьця, саборнасьці і літургіі».

Папа Леў XIV паціскае руку Сьвятаславу Шаўчуку, галаве Ўкраінскай грэка-каталіцкай Царквы (УГКЦ), падчас удзелу ў Юбілеі Ўсходніх цэркваў у зале Паўла VI у Ватыкане, 14 траўня 2025 году
Папа Леў XIV паціскае руку Сьвятаславу Шаўчуку, галаве Ўкраінскай грэка-каталіцкай Царквы (УГКЦ), падчас удзелу ў Юбілеі Ўсходніх цэркваў у зале Паўла VI у Ватыкане, 14 траўня 2025 году

Ён таксама ўзгадаў папу Лява XIII, які больш за стагодзьдзе таму адзначаў, што «захаваньне ўсходніх абрадаў важнейшае, чым прынята думаць».

Леў XIV, гаворачы пра канфлікты ў сьвеце, падкрэсьліў, што «Сьвяты пасад гатовы спрыяць таму, каб ворагі сустрэліся і паглядзелі адзін аднаму ў вочы, каб народам былі вернуты надзея і годнасьць, якіх яны заслугоўваюць, — годнасьць міру»: «Вайна не бывае непазьбежнай, зброя можа і павінна маўчаць».

69-гадовы амэрыканскі кардынал Робэрт Фрэнсіс Прэвост (папа Леў XIV) быў абраны кіраўніком Рымска-каталіцкай царквы 8 мая. Выбары адбыліся пасьля сьмерці папы Францішка 21 красавіка 2025 году.

Беларускія дэмакратычныя лідэры 8 траўня выказалі надзею, што папа Леў XIV стане голасам падтрымкі для перасьледаваных. Аляксандар Лукашэнка ў той жа дзень запрасіў пантыфіка ў Беларусь.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG