З 23 па 25 траўня ў Варшаве праходзіць IV Канфэрэнцыя беларусаў і беларусак сьвету — пляцоўка, якая аб’ядноўвае дыяспару, ініцыятывы і арганізацыі для супольнай працы, нэтворкінгу і абмену досьведам.
«Тое, што мы сёньня разам, — прыкмета таго, што нас аб’ядноўвае любоў да Беларусі і адказнасьць за будучыню. Каб пераадолець гэты цяжкі і доўгі маратон, нам патрэбныя ўстойлівыя структуры беларусаў замежжа, дзе будзе месца кожнаму. Структуры, пабудаваныя на даверы, на салідарнасьці і, канешне, самаарганізацыі», — адзначыла ў вітальным слове Сьвятлана Ціханоўская.
Яна зьвярнулася да ўдзельнікаў з просьбай стварыць плян кампаніяў, праектаў, ініцыятываў, якія можна рабіць разам. Гэта можа быць падтрымка палітвязьняў, культурніцкая дыпляматыя, мабільнасьць, легалізацыя, адукацыя і прыцягненьне рэжыму да адказнасьці. «Мы павінны шукаць рашэньні разам і не чакаць ідэальных умоваў, бо іх не будзе», — падкрэсьліла Сьвятлана Ціханоўская.
У першы дзень дыяспаральнай канфэрэнцыі адной з галоўных падзеяў стала прэзэнтацыя дакладу BELPOL пра ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.
У суботу, 24 траўня, праходзяць панэльныя дыскусіі. Праз абмеркаваньні, працы ў групах удзельнікі і ўдзельніцы прааналізуюць працу дыяспары.
25 траўня гасьцей канфэрэнцыі запрашаюць на выставу з рэчамі палітвязьняў у Музэі Вольнай Беларусі. Свабода ўжо расказвала пра гэтую ўнікальную выставу.
Форум