Дамова забараняе ўдзельнікам распрацоўваць, выкарыстоўваць, захоўваць і перадаваць гэты від зброі. Рашэньне аб выхадзе прынялі яшчэ некалькі краін, якія мяжуюць з Расеяй і Беларусьсю.
За выхад з канвэнцыі прагаласавалі 107 літоўскіх дэпутатаў, устрымаліся трое, галасоў супраць не было. Рашэньне набудзе моц праз шэсьць месяцаў.
У 2025 годзе аб намеры выйсьці з дамовы паведамілі ўсе краіны Балтыі, Польшча і Фінляндыя. Усе гэтыя дзяржавы мяжуюць з Расеяй, якая ніколі не далучалася да забароны. Краіны патлумачылі гэты крок сытуацыяй з бясьпекай у рэгіёне, якая для краін NATO пагоршылася.
У сакавіку Літва выйшла з канвэнцыі аб касэтных боепрыпасах, якая забараняе такі від зброі. У Вільні заявілі, што для «стрымліваньня патэнцыйнага агрэсара трэба залучаць усе даступныя сродкі». Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі раскрытыкавалі абодва рашэньні.
Атаўская канвэнцыя была падпісаная ў 1997 і набыла моц у 1999 годзе. Амаль тры дзясяткі краін не далучыліся да яе, у тым ліку некаторыя асноўныя цяперашнія і мінулыя вытворцы і карыстальнікі наземных мінаў, такія як ЗША, Кітай, Індыя, Пакістан, Паўднёвая Карэя і Расея.
У апублікаванай летась справаздачы міжнародны назіральны орган Landmine Monitor заявіў, што наземныя міны ўсё яшчэ актыўна выкарыстоўвалі ў 2023 і 2024 гадах Расея, М’янма, Іран і Паўночная Карэя.
А што ў Беларусі
Беларусь далучылася да Атаўскай канвэнцыі ў 2003 годзе. У сьнежні 2010 году Беларусь падпісала кантракт з гішпанскай фірмай на зьнішчэньне сваіх мінных запасаў цягам 28 месяцаў.
У 2017 годзе Беларусь канчаткова пазбавілася свайго міннага арсэналу, такім чынам выканаўшы абавязаньні ў рамках Атаўскай канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў, заяўляў намесьнік начальніка ўпраўленьня міжнароднай бясьпекі і кантролю над узбраеньнямі МЗС Беларусі Мікалай Аўсянка.