Пасьля заяваў Міхалевіча на допыт у КДБ асьцерагаюцца хадзіць па адным

Аляксандар Сілкоў

15 грамадзкіх актывістаў Магілёўшчыны прыйшлі ў чацьвер у першай палове дня ў будынак УКДБ па Магілёўскай вобласьці, што на вуліцы Ленінскай, каб падтрымаць патрабаваньні актывіста аргкамітэту Партыі свабоды і прагрэсу Аляксандра Сілкова аб прысутнасьці на яго допыце грамадзкага прадстаўніка альбо адваката.

Па словах Аляксандра Сілкова, напярэдадні опэрупаўнаважаны УКДБ Аляксандар Церахаў абяцаў, што адвакат будзе прысутнічаць на допыце Аляксандра Сілкова як сьведкі па крымінальнай справе аб падзеях у Менску 19 сьнежня. У сваю чаргу Аляксандар Сілкоў заявіў, што пасьля прызнаньняў былога кандыдата на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў КДБ ён асьцерагаецца знаходзіцца ў гэтай спэцслужбе.

Сябры з групы падтрымкі паабяцалі, што будуць знаходзіцца ў будынку УКДБ "да выхаду Аляксандра Сілкова за дзьверы гэтай установы".

Сёньня блізу 11-й гадзіны апэратыўны дзяжурны Магілёўскага УКДБ запатрабаваў, каб грамадзкія актывісты пакінулі будынак і, калі жадаюць, чакалі Сілкова на вуліцы.

Аляксандар Сілкоў у час прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі быў даверанай асобай кандыдата на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча. 19 сьнежня ён у менскіх акцыях пратэсту ня ўдзельнічаў. У дзень выбараў ён быў заняты каардынацыяй незалежнага назіраньня ў Магілёве і рэгіёне.