Сёньня сьвяткуе свой семдзесят сёмы дзень народзінаў Рыгор Барадулін. Новыя вершы народнага паэта – падарунак сабе самому і чытачам Свабоды.
Народны паэт Беларусі, намінант на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры, аўтар амаль сотні кніг вершаў, перакладаў, прозы, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, кавалер ордэнаў Дружбы народаў, Трох Зорак (Латвія) і мэдаля Францыска Скарыны, ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёну адзначае гэты дзень у сьціплым сямейным коле, але зь велічнымі жаданьнямі ў душы.
Тэлефон у кватэры Рыгора Барадуліна сёньня не змаўкае.
«Многа людзей звоніць адусюль. Мне прыемна».
Сябры й прыхільнікі ягонай творчасьці хочуць асабіста выказаць словы віншаваньняў, пажаданьняў, падтрымкі. А вось якое пажаданьне паэт выказаў сабе сам:
«Што я жадаю сабе? Безумоўна, лепш адчуваць сябе фізычна і маральна. Хочацца адчуваць сябе вольным чалавекам у вольнай краіне. І яшчэ пажаданьне, каб усё-ткі наша мова ня зьнікла. Як магу, я працую на гэта, стараюся, каб Беларусь была вечнай».
Хочацца адчуваць сябе вольным чалавекам у вольнай краіне.
Кнігі Рыгора Барадуліна апошнім часам выходзяць толькі ў незалежных выдавецтвах. Ягоная апошняя «Anima», выдадзеная пры спрыяньні касьцёла сьвятых Сымона і Алены, стала па вэрсіі экспэртаў нашага радыё лепшай кнігай 2011 году. У чарговым, 56-м нумары незалежнага часопіса «Дзеяслоў» надрукаваная вялікая падборка новых вершаў народнага паэта. Што дапамагае яму знаходзіць сілы і моц духу для творчасьці?
«Дапамагае, канечне, — можа, яно трошку традыцыйна гучыць — родная зямля, родная Ўшаччына, памяць мамы. А яна заўсёды са мной, кладуся спаць і ўстаю зь іменем мамы».
Рыгор Барадулін — гэта цэлая эпоха ў гісторыі Беларусі. Менавіта так — «Эпоха Барадуліна» — назваў свой фільм пра гэтую асобу рэжысэр Віктар Корзун. У якасьці прыемнай нечаканкі падпісчыкі «Дзеяслова» атрымалі копію гэтага фільма разам з апошнім нумарам. Яго можна паглядзець і на нашым сайце. А для слухачоў «Свабоды» Рыгор Барадулін чытае свае новыя вершы.
Дзень кожны на зямлі, як сьвята.
Разьмеркавана ўсё ў жыцьці.
Вадзе – цячы, журбе – расьці
І валунам маўчаць зацята.
А мы яшчэ жывыя цені
Наіўныя ў сваім трымценьні.
Па часе
Зьнікаюць дні, як беглыя вязьні,
Цішэе тлум на людзкім кірмашы.
Па часе пачынае выразьней
Акрэсьлівацца ў профілі душы.
Прысьвячэньне
Той край – ня край зямлі,
А цэнтар Сусьвету.
Там некалі мяне знайшлі
І дату гэту на камяні
Сівы груган накрэсьліў дзюбай.
Там песьціў цішыню
Туман, як перад згубай,
На лічбы там загадваў нуль,
Яго якая
Там ценямі зьбянтэжана
Дасюль мяне чакае.