Міліцыянты затрымліваюць журналіста Аляксандра Баразенку.
Міліцыя Сьветлагорскага раёну затрымала актывістаў кампанііі «Гавары праўду» і журналістаў, якія прыехалі ў вёску Якімава Слабада, каб назіраць за сходам жыхароў.
21:15 Міхася Пашкевіча затрымалі па артыкуле 23-3 «умяшальніцтва ў дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі». 1 чэрвеня адбудзецца суд. Пашкевіч знаходзіцца ў РУУС Сьветлагорску.
19:40 Міхася Пашкевіча павезьлі ў шпіталь на мэдычнае абсьледаваньне. Усіх журналістаў і актывістаў «Гавары праўду» адпусьцілі.
19:00 Актывістка ініцыятыўнай групы Тацяна Куган і яшчэ трое сябраў групы знаходзяцца каля РУУС. Падчас затрыманьня ў РУУС трапілі толькі актывісты ГП і журналісты. А ўласна сяброў ініцыятыўнай групы, якія кіраваліся ў Баравікоўскі сельсавет, каб перадаць свае дакумэнты, не зачапілі. Цяпер, па словах Тацяны Куган, міліцыянты таксама не зьвяртаюць на іх увагу.
18:55 Журналістку Іну Студзінскую дапыталі і адпусьцілі. Яна пакінула ў міліцыі скаргу на грубыя паводзіны маёра Клепіка, які падчас выкананьня ёю журналісцкіх абавязкаў — выхаду ў просты эфір «Радыё Свабода» — заламіў ёй руку з тэлефонам і не дазволіў перадаваць інфармацыю. Той жа маёр Клепік пры затрыманьні пашкодзіў руку актывісту «Гавары праўду» Міхасю Пашкевічу.
У РУУС знаходзіцца таксама берасьцейская актывістка «Гавары праўду» Ганна Курловіч. Па словах Іны Студзінскай, журналісту Аляксандру Баразенку могуць пагражаць «суткі», але абвінавачаньне невядомае.
18:50 Журналіст інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Сяргей Балай выйшаў з пастарунку. У яго канфіскавалі флэшку з адзьнятым падчас сустрэчы матэрыялам. Канфіскацыя адбылася на падставе парушэньня артыкулу пра парвядзеньне несанкцыяваных масавых мерапрыемстваў. Па словах Балая, цяпер міліцыянты высьвятляюць, хто з затрыманых зьяўляецца журналістам тэлеканалу «Белсат».
18:25 Карэспандэнт Свабоды Іна Студзінская ня здолела перадаць рэпартаж у просты эфір. Міліцыянт заламіў ёй руку.
Студзінская: Добры вечар... Вось мне замінаюць гаварыць... Міліцыянт заламвае руку і забірае тэлефон...
Your browser doesn’t support HTML5
Карэспандэнт Іна Студзінская ў міліцэйскім пастарунку, 31 траўня 2012 году
18:00 Міліцыянты правяраюць у затрыманых фота і відэакамэры.
31 траўня ў Якімавай Слабадзе ініцыятыўная група сустракаецца зь мясцовымі жыхарамі. Чальцы групы хочуць арганізаваць мясцовы рэфэрэндум, каб даведацца стаўленьне жыхароў да верагоднага будаўніцтва ў інхай мясцовасьці заводу беленай цэлюлозы.
Сябра ініцыятыўнай групы Тацяна Куган: «Калі яшчэ не было журналістаў, прыехала міліцыя. Мяне хацелі затрымаць. Але зьявіліся рабяты. І міліцыя напала на іх. Пазьней іх зьвезьлі».
Міхась Пашкевіч: «Зараз знаходзімся ў сьветлагорскім РУУС. Нас затрымалі, калі выяжджалі зь вёскі Якімава Слабада. Правакацыя — адмыслова інсцыянавалі парушэньне правілаў. Рэгуляванае перакрыжаваньне, не было ніякіх знакаў. Затрымлівалі і даішнікі, і міліцыя, і людзі ў цывільным. Забралі дакумэнты ў нашага кіроўцы, правы. Кіраваў затрыманьнямі маёр Клепік».
Затрыманыя Міхась Пашкевіч, Сяргей Вазьняк, Аляксандар Баразенка, Сяргей Балай і карэспандэнтка Радыё Свабода Іна Студзінская.
Журналістаў і актывістаў ГП затрымалі, калі яны паехалі ў Баравікоўскі сельсавет, каб перадаць сабраныя подпісы.
У сходзе ўдзельнічалі 150 жыхароў вёскі.
Ініцыятыўная група, куды ўваходзіць 12 чалавек, сабрала 600 подпісаў за тое, каб правесьці рэфэрэндум. Агулам у вёсцы пражывае калі 700 працаздольных жыхароў.
Першы раз ініцыяўная група спрабава правесьці сход каля птушкафабрыкі. Але міліцыянты іх адтуль прагналі.
Другі па ліку імправізаваны сход адбыўся каля вясковай крамы.