Менскія кадэты славяць Чачэнскую вайну
Днямі ў Магілёве праходзіў конкурс патрыятычнай песьні сярод кадэцкіх вучэльняў Беларусі «Чырвоныя гвазьдзікі», прымеркаваны да 70-годзьдзя перамогі ў Вялікай Айчынай вайне. Адзін з нумароў канкурсанты, навучэнцы Менскай абласной кадэцкай вучэльні імя Фрунзэ, прысьвяцілі падзеям найноўшай расейскай гісторыі — Чачэнскай вайне.
Камэнтар удзельніка пастаноўкі прагучаў у сюжэце рэгіянальных навін з Магілёўшчыны на канале Беларускага тэлебачаньня:
«Мы прадстаўляем нумар пра тое, як чалавека забіраюць на вайну ў Чачню. Хочам паказаць, наколькі сувора там было», — казаў кадэт у сюжэце.
На пытаньне Радыё Свабода, чаму менавіта такую тэму абралі для конкурсу, выканаўца абавязкаў дырэктара Менскай кадэцкай вучэльні адказала так:
«Каўкаская вайна — гэта выбар пэдагога-арганізатара, які рыхтаваў дзяцей да конкурсу. Дзецям таксама спадабалася гэтая тэма — пра Каўкаскую вайну»
Карэспандэнтка: «А якое дачыненьне гэта мае да Беларусі?»
«Гэта быў конкурс ваенна-патрыятычнай песьні, а не прысьвечаны Перамозе. Можа, таму нас і не ўключылі ў прызавыя месцы... Песьня вядомая, расейскай групы, мы проста яе перасьпявалі. Гэта ня аўтарская песьня».
Між тым нават у суседняй Расеі стаўленьне да вайны ў Чачні неадназначнае. Расейскае кіраўніцтва наагул пазьбягае ўжываць слова «вайна», гаворачы пра адносна нядаўнія падзеі на Паўночным Каўказе.
Чачэнская вайна, 1994-1996 гг
Як паставілася журы конкурсу да выбару менскіх кадэтаў?
Старшыня журы, дырэктар Магілёўскай абласной кадэцкай вучэльні падпалкоўнік Андрэй Балабанаў кажа, што ў выступленьнях канкурсантаў увага аддавалася найперш прафэсіяналізму выкананьня і мастацкаму вобразу, які ствараўся на сцэне. Палітычны складнік не абмяркоўваўся:
«Што значыць — вайна наша ці ня наша? Расейскі народ ад беларускага ніколі не аддзяляў і аддзяляць ня буду. Такой жа пазыцыі, наколькі я разумею, трымаецца і кіраўнік нашай дзяржавы», — адрэагаваў суразмоўца на заўвагу, што Чачэнская вайна ня мае ніякага дачыненьня да беларускай гісторыі.
«Ідэалаў у нас дастаткова — і беларускіх, і савецкіх. І вялікая Перамога, якой быў прысьвечаны наш конкурс песьні — яна кавалася не без удзелу ўсіх астатніх народаў вялікага Савецкага Саюзу. Песьні пра мужнасьць, абавязак, вайсковую доблесьць — яны заўжды патрыятычныя. Мы палітычных тэмаў не перасьледавалі. У нас у палажэньні дакладна агаворана, пра што павінны быць песьні — пра любоў да радзімы».
Дырэктар Магілёўскай абласной кадэцкай вучэльні прызнаецца, што цяперашняя моладзь блытаецца ў героях савецкай гісторыі. Спадар Балабанаў спасылаецца на ўласныя прыклады кантактаў з маладымі людзьмі на гэты конт:
«На мае пытаньні, хто такі Ленін, многія не маглі адказаць. Гаворачы пра герояў Вялікай Айчынай вайны, беларускага партызанскага руху, я чуў такія імёны, як Ота Юльевіч Шміт».
Пра ўзровень знаёмства будучых беларускіх вайскоўцаў зь беларушчынай Андрэй Анатолевіч выказваецца асьцярожна:
«Вывучаюць беларускую мову, беларускую літаратуру, творы беларускіх аўтараў, беларускі фальклёр, звычаі і гісторыю. Але наколькі ведаюць — гэта цяжка сказаць. Калі глядзець на адзнаку ў атэстаце ці ацэначнай ведамасьці, то гэта будзе адно, а калі вы хочаце сацыялягічнае дасьледаваньне, дык гэта будзе іншае».
«Што зроблена прымусовай русыфікацыяй, ніякай вайной ня зробіш»
Тое, што цяперашняя беларуская моладзь выхоўваецца на сумнеўных каштоўнасьцях і ідэалах, якія ў бальшыні сваёй ня маюць ніякага дачыненьня да беларускай культуры і гісторыі, — для вэтэрана Другой усясьветнай вайны, літаратара Фэлікса Шкірманкова не навіна. На ягоную думку, тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі зь беларускай культурай, вядзе да бяспамяцтва. Фэлікс Уладзімеравіч згадвае нядаўнюю імпрэзу ў ягоным родным Слаўгарадзе, прымеркаваную да Году моладзі. На ёй, абураецца вэтэран, не прагучала ніводнага беларускага слова:
«Павінна гучаць беларуская мова — а хто і дзе яе чуў? Вось адсюль яно ўсё паходзіць. Калі загубіць мову, то зьнікне народ і ня будзе ў нас незалежнай дзяржавы. Адбіваецца гістарычная памяць у людзей, і яна ўжо амаль адбіта. Таму ў іх сёньня застаецца чарка, скварка ды іншамарка. І гэта падтрымліваецца. Цяпер зроблена ўсё так прымусовай русыфікацыяй, што ніякай вайной ня зробіш».
На думку Фэлікса Шкірманкова, у дзяржаўнай ідэалёгіі тэма Айчынай вайны паволі будзе адыходзіць, бо становіцца ўсё меней яе ўдзельнікаў. На яе месца ідэолягі адшукаюць іншую вайну.
«Калі ў першым акце вісіць стрэльба, то ў другім яна абавязкова стрэліць»
Культуроляг, выкладчык Беларускай акадэміі мастацтваў і ЭГУ Сяргей Харэўскі выказвае меркаваньне, што «званочкі ўжо трывожаць»:
Сяргей Харэўскі
«Калі дзіця ў піянэрлягеры ці на конкурсе скача з шашкай у нейкіх казацкіх, кубанскіх танцах і гуляецца ў аўганскую ці чачэнскую вайну, то гэта нават нейкім бокам цяжка прышпіліць да ваенна-патрыятычнага выхаваньня. Таму, я думаю, усё гэта схлыне. Але званочкі насамрэч вельмі трывожныя. Таму што вось гэтыя натужныя спробы прышпіліць нам нейкія расейскія штампы, схемы, уплішчыць нас, сіламоц зацягнуць нас у гэты „русский мир“ — яны радыкалізуюць усе бакі гэтага працэсу.
Калі замест таго, каб насіць букеты народным паэтам-клясыкам, езьдзяць кудысьці на „Лінію Сталіна“ бегаць у камуфляжы, гуляцца ў аўганскую вайну, гэта сьведчыць пра тое, што ідзе працэс разлому ў нашай грамадзянскай сьвядомасьці. Гэтая натужная, надрыўная мілітарызацыя дзіцячай і моладзевай сьвядомасьці ні да чога добрага не прывядзе. Галоўнае — яна не прывядзе да выніку, жаданага ідэолягамі, таму што 90% — абсалютна пацыфістычныя і касмапалітычныя, ім гэтыя ўсе гулькі нецікавыя. У іх нашмат больш цікавыя гульні з музыкай, танцамі, кіно, ІТ-тэхналёгіямі, а ня гэтыя скокі. І гэта азначае, што меншасьць, якую яны фармуюць — агрэсіўная, гатовая забіваць, — уступіць у кагнітыўны дысананс з грамадзтвам, якое да гэтага не гатовае і гэтага ня хоча. Мне шчыра шкада гэтых дзяцей, бо яны пад уплывам параноікаў, якія жывуць тэорыямі змовы, ворагаў, шпіёнаў. І гэта ненармальна ў ХХІ стагодзьдзі».
Культуроляг Сяргей Харэўскі кажа, што вось гэтая гатовасьць да вайны, бясконцыя мілітарысцкія гульні нагадваюць славутую цытату пра тэатар:
«Калі ў першым акце на сьцяне вісіць стрэльба, то ў другім акце яна абавязкова павінна стрэліць. І калі такая маса людзей гатовая сёньня да вайны, гатовыя ў ахвотку, у куражы гуляцца, непазьбежна надыдзе другі акт гэтай нашай беларускай драмы».
Якіх герояў ведае магілёўская моладзь?
У пантэоне герояў беларускай вайсковай славы не знайшлося месца ні Канстанціну Астроскаму, ні Кастусю Каліноўскаму, ні Тадэвушу Касьцюшку. Пра іх калі і згадвалі, дык толькі пасьля падказкі. Па-за ўвагаю засталіся славутыя імёны і беларускіх партызан часоў Другой усясьветнай вайны — да прыкладу, Васіля Каржа ці бацькі Міная.
Прадстаўнікі старэйшага пакаленьня шукалі сваіх герояў сярод байцоў Вялікай Айчыннай. Доўга перабіралі імёны, потым згаджаліся, што ўспомніць ня могуць. Адзін мужчына сталага веку ўсё ж прыгадаў траіх:
«Сяргей Грыцавец — двойчы герой Савецкага Саюзу. Зьбіў 42 самалёты. Герой Савецкага Саюзу Коўтун — ён чатыры тараны зьдзейсьніў у паветры і застаўся жывы. І яшчэ Гаравец — лётчык, таксама наш беларус. Зьбіў дзевяць самалётаў у адным баі. Гэта ўнікальны выпадак».
Удалося пагутарыць у Магілёве з гадаванкай аршанскага патрыятычнага клюбу «Русічы». Дзяўчына ў вайсковай уніформе зь цяльняшкай напаказ адразу назвала свайго героя:
«Маргелаў. Ён „баця“ паветрана-дэсантных войскаў. Ён родам зь Беларусі — з Магілёўскай вобласьці», — адрапартавала суразмоўніца.
Назвала дзяўчына як прыклад у ваенна-патрыятычным выхаваньні і кіраўніка сваёй патрыятычнай суполкі.
Бальшыня ж тых, з кім удалося пагутарыць, прызнаваліся, што ня ведаюць герояў, якія б маглі стаць прыкладам у ваенна-патрыятычным выхаваньні беларускай моладзі. Характэрны адказ:
«На гэтае пытаньне павінны адказваць гісторыкі і людзі, якія гэтай тэмай займаюцца. Я не магу даць адказ».
Толькі некалькі маладых чалавек з двух дзясяткаў прыгадалі Суворава ды Кутузава. Аднак, крыху падумаўшы, сказалі, што яны ня нашы героі.
«Сувораў нас вызваліў, а ад каго — ня ведаем...»
На Берасьцейшчыне ці не найбольш насычаны помнікамі расейскім дзеячам горад Кобрын.
Больш за ўсіх тут увекавечаны расейскі палкаводзец Аляксандар Сувораў, які атрымаў гэтае места за здушэньне антырасейскага паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі.
Ваенна-гістарычны музэй носіць імя Суворава
У Кобрыне ёсьць музэй-сядзіба Суворава, вайскова-гістарычны музэй імя Суворава, каля сядзібы — бюст Суворава, у цэнтры гораду — помнік Сувораву ў поўны рост. Кобрынскі парк, які калісьці, пры польскай уладзе, насіў імя паўстанца Рамуальда Траўгута, за савецкім часам перайменавалі таксама ў гонар Аляксандра Суворава. Вядома ж, у цэнтры Кобрына ёсьць і вуліца Суворава, і гатэль «Сувораў», а ў асартымэнце хлебакамбінату фігуруе хлеб «Сувораўскі».
Помнік Сувораву ў поўны рост у Кобрыне
Парк Суворава ў Кобрыне
Вуліца Суворава ў Кобрыне
Каля дзесяці гадоў таму некаторыя апантаныя шанавальнікі расейскага генэралісімуса выступілі з ініцыятывай збудаваць у Кобрыне храм-помнік Сувораву. Пасьля гучнага скандалу Беларускі экзархат распавёў прэсе, што дабраслаўленьня на такі мэмарыяльны характар новай царквы не давалася. Афіцыйна царква Нараджэньня Хрыстовага, дагэтуль недабудаваная, лічыцца храмам-помнікам 60-годзьдзю вызваленьня Беларусі.
Акрамя помнікаў Сувораву, у Кобрыне ёсьць помнік «Расейскім воінам, якія здабылі першую перамогу над войскам Напалеона ў межах Расеі 15 ліпеня 1812 году».
Помнік расейскім жаўнерам за перамогу ў вайне 1812 году
Карэспандэнт Свабоды прайшоўся вуліцамі Кобрына і распытаў мясцовых жыхароў, што зрабіў Аляксандар Сувораў, што яго тут так шануюць.
Спадарыня сярэдняга веку: «Мы вельмі ганарымся, што жывем у гэтым горадзе. Я скажу, што нават усе ведаюць наш горад дзякуючы Сувораву. Маёнтак Кобрынскі быў падараваны Сувораву за асаблівыя заслугі. Хто ведае гісторыю нашу — то, канечне, найвялікшыя заслугі ў яго».
Пэнсіянэр: «Ён тут жыў. Пасьля паходу нейкага дзесьці туды, у Францыю... І ён тут спыняўся, адпачываў і тры гады жыў».
Школьнік: «Сувораў? Нават і ня ведаю, як сказаць...»
Другі школьнік: «Ну, ён там нешта вызваліў...»
Першы школьнік: «Тыпу палкаводзец. Ну, неяк так».
Спадар сярэдняга веку: «Гэты маёнтак яму Кацярына падаравала. Ён генэралісімус, здаецца, нашы славяне яго паважаюць...»
Карэспандэнт: «А што ён зрабіў, чым у Беларусі праславіўся?»
Спадар: «Ну, я ня памятаю, такога ня ведаю...»
Пэнсіянэр: «Ну, войска тут яго стаяла. І далей ён пайшоў адсюль, з Кобрына далей, у Альпы гэтыя...»
Карэспандэнт: «А з кім ён ваяваў?»
Пэнсіянэр: «З туркамі. І зь немцамі... А ў Кобрыне жыў».
Малады спадар: «Ён адзін з вайскоўцаў, які зрабіў нешта для Кобрына. Вызваліў, па-першае. Зрабіў шмат чаго для Кобрына, таму і шануюць».
Карэспандэнт: «А памятаеце, з кім ён ваяваў?»
Малады спадар: «Наўрад ці...»
Толькі адзін з больш як дзясятка апытаных кабрынчукоў згадаў у зьвязку з Суворавым імя Тадэвуша Касьцюшкі і распавёў, што Сувораў тут душыў вызваленчае паўстаньне.
«Нават „суворовская каша“ дзейнічае на падсьвядомасьць»
Культуроляг, выкладчык Сяргей Харэўскі такім чынам тлумачыць, з аднаго боку, папулярнасьць Суворава, а з другога — блытаніну ў галовах людзей, чый ён герой ці антыгерой:
«Вобраз Суворава, якія выдатна распрацаваны ў літаратуры, мастацтве, кіно, — ён ужо даўно сядзіць у галовах. Пачынаючы ад продажу ў нашых крамах так званых „суворовских каш“. Той, хто ствараў гэты брэнд, штосьці ж думаў — „суворовская каша“! Гэта дзейнічае на падсьвядомасьць.
Але — тры разы падкрэсьлю — ні зь якім сапраўдным патрыятызмам, ні зь беларускім, ні (заўважце) з сапраўдным расейскім вось гэтыя мілітарныя гульні нічога супольнага ня маюць. Шанаваць сваё, любіць радзіму за тое, што яна наша, — гэта значыць адчуваць сябе гаспадаром ва ўласнай краіне. А не рабом, вінцікам і алавяным салдацікам».
«У галовах беларусаў існуе мешаніна герояў і антыгерояў»
Жыхар Кобрына Алесь Мех, які штогод узначальвае на Берасьцейшчыне грамадзкі аргкамітэт ушанаваньня памяці Тадэвуша Касьцюшкі, кажа, што ў сувязі з адсутнасьцю нацыянальнай ідэі «ў галовах беларусаў існуе мешаніна герояў і антыгерояў»:
Аляксандар Мех
«Некалькі стагодзьдзяў адбываецца русыфікацыя. І асноўная частка русыфікацыі — зьнішчыць усё нацыянальнае. А потым ужо на гэтым грунце можна будаваць усё што хочаш. Зьнішчаны наш нацыянальны дух — дух беларушчыны. У школах замест сапраўднай гісторыі — адна прарасейская прапаганда. Губляецца сувязь гістарычных фактаў. Выкінутыя цэлыя кавалкі гісторыі. І гэта тычыцца ня толькі Кобрына. Гэта невуцтва па ўсёй краіне»
Культуроляг Сяргей Харэўскі такім чынам ацаніў намаганьні беларускай улады стварыць дзяржаўную ідэалёгію:
«На жаль, у чым прызнаўся і сам Лукашэнка, нічога талковага ня выйшла са спробаў стварыць нейкую ідэалёгію. Спробы насыціць новым зьместам нейкія старыя савецкія схемы выглядаюць канкрэтна маразматычна. Гэта натуральны такі трэш, калі тут і аўганская вайна, і чачэнская зьмяшаліся ў нейкую кучу. І зводзіцца ўсё гэта да нейкіх мілітарызмаў».