У аграгарадку Заронава падсумавалі вынікі «навучальнага году», тром самым заўзятым «курсантам» уручылі прызы, і ўсе разам — госьці-гараджане і тутэйшыя вяскоўцы — адгулялі сямейнае свята «Гулі ў бабулі».
У гэтым аграгарадку знаходзіцца «Музэй Заронаўскага краю», створаны з ініцыятывы былой настаўніцы, вялікай аматаркі краязнаўства і этнаграфіі Людмілы Нікіцінай. Вядома, ёй і быў нададзены ганаровы «тытул» бабулі — гаспадыні сьвята.
Дзьве “бабулі” Людміла Нікіціна(зьлева) і Раіса Грыбовіч
На сьвяце выступіла актрыса тэатру імя Якуба Коласа, вядомая ў Віцебску захавальніца вуснай народнай творчасьці Раіса Грыбовіч.
Міліцыя
За парадкам пільна назіралі два міліцыянты ў форме.
Многія госьці прыехалі на сьвята ў вышыванках ў цішотках зь беларускамоўнымі надпісамі.
Наведнікі сьвята
«Бабуля» Людміла Нікіціна так і сыпала прыказкамі і прымаўкамі, запрашаючы гасьцей «у Заронаўскі музэй, што як рымскі Калізэй» або на пачастунак традыцыйнымі стравамі, якія прыгатавалі мясцовыя гаспадыні. Тут можна было пакаштаваць і марынаваных гуркоў-памідораў, і бульбы зь печы, і піражкоў са шчаўем, і «піцы па народным рэцэпце» — з грыбамі, сабранымі ў бліжэйшым лесе.
Пачастункі
І дзяржаўнаму гандлю знайшлося месца
Людзей на «Гулі ў бабулі» сабралася пад сотню. Зь Віцебску прыяжджалі цэлымі сем’ямі, было нямала і заронаўскай дзятвы з бацькамі. Таму й «Сьпеўны сход» пад кіраўніцтвам саліста Белдзяржфілярмоніі, кіраўніка гурта «Vuraj» Сержука Доўгушава атрымаўся масавы — народныя песьні сьпявалі вялікім хорам.
Сяржук Доўгушаў кіруе "Сьпеўным сходам"
А потым слухалі выступ гурта «Re1ikt», які выконваў і народныя, і аўтарскія песьні ва ўласнай апрацоўцы.
Выступае «Re1ikt»
Слухачы
На сьвяце быў арганізаваны і выязны гандаль кандытарскімі вырабамі, і майстар-класы ад мясцовых майстроў хэнд-мэйду. Ахвотныя маглі набыць мёд, прывезены на продаж віцебскімі пчалярамі.
У музэі Заронаўскага краю — цішыня і прахалода
А тых, хто хацеў адпачыць ад гучнай музыкі і сьпеваў, гасьцінна чакаў мясцовы музэй. Некалі ён ствараўся як звычаны школьны музэйчык, куды вучні прыносілі прадметы побыту, зьбіраючы звыклыя ў такіх месцах калекцыі прасоў ці самавараў. Аднак экспазыцыя з часам разраслася, экспанаты, сабраныя тут, належаць па часе і да мінулага, і да пазамінулага стагодзьдзя...
Людміла Нікіціна
«Я ганаруся, што нашы вучні праводзяць экскурсіі па-беларуску, навучаюцца размаўляць на роднай мове. На курсы „Мова нанова“ мы ня езьдзім, у Віцебск — гэта далёка. Але вельмі радыя, што гэтыя курсы завіталі да нас самі», — кажа «бабуля» Людміла Нікіціна.
Вядоўцы курсаў Тацяна Дуброўская і Сяржук Маркаў
Паводле вядоўцы курсаў Сержука Маркава, імпрэзы на адкрытым паветры «Мова нанова» ладзіць упершыню. Сёлета такім чынам вырашылі адзначыць сканчэньне «адукацыйнага сэзону», але ёсьць задумка, каб завітаць «да бабулі» ў Заронава і на наступны год. А можа, і браць удзел у народных сьвятах ці абрадах цягам усяго году, прыяжджаючы ў розныя вёскі Віцебскага раёну.
Другая вядучая курсаў, Тацяна Дуброўская, гаворыць, што «Мова нанова» ў Віцебску мае пэўную рэгіянальную спэцыфіку:
«Да нас на заняткі ходзіць больш сталыя людзь, чымсьці, прыкладам, у Магілёве. Там курсы наведвае шмат моладзі, нават школьнікаў. А ў нас — людзі ад 30 і да 60-ці год, нават старэйшыя. І мы стараемся будаваць праграму так, каб менавіта ім было цікава. А яшчэ заўважыла, што віцябляне ў параўнаньні зь іншымі крыху сьціплейшыя, цішэйшыя, паводзяць сябе стрымана»...
Вясёлым карагодам госьці сьвята прайшлі па ўсім Заронаве