Берасьцейскі абласны краязнаўчы музэй далучыўся да міжнароднай акцыі «Ноч музэяў» вечарынай у савецкім стылі.
У гутарцы з журналістамі арганізатары назвалі савецкія часы «рамантычнымі».
Некалькі дзясяткаў берасьцейцаў прыйшлі на савецкую вечарыну ў музэі
Некалькі дзясяткаў берасьцейцаў сабраліся на адкрыцьцё вечарыны ў савецкім стылі. Ля музэю іх сустракалі бочка з квасам, жаўнер з самаварам ды героі савецкіх мультфільмаў. Унутры музэю на ўваходзе быў арганізаваны прыём макулятуры.
Ля музэю сустракалі герэі савецкіх мультфільмаў...
...ды жаўнер з самаварам
Збор макулятуры
Заплаціўшы за ўваход 50 тысяч рублёў, наведнікі акцыі разыходзіліся па залях музэю, дзе адбываліся розныя мерапрыемствы. Адны сядалі гуляць у шашкі ці шахматы, другія слухаць песьні пад гітару, або выступы на паэтычнай пляцоўцы.
Клюб шахмат ды шашак
Прысутных дзівілі звычайнымі прысмакамі савецкіх дзяцей — чорным хлебам з цукрам. Дзеці займаліся на пляцоўцы па вырабу пілётак з газэт.
Наведнікаў частавалі чорным хлебам з цукрам
Дзеці вучацца рабіць пілёткі з газэт
Шыхтаваліся і раз-пораз па залях маршыравалі піянэры, з гучнымі песьнямі ды крычалкамі:
«Піянэр! За справу камуністычнай партыі Савецкага саюзу будзь гатовы!..»
Шыхтуюцца піянэры
Камэнтуе настаўніца адной зь берасьцейскіх школаў, наведніца «Ночы музэяў» у савецкім стылі:
«Узгадалі дзяцінства, узгадалі Савецкі Саюз. Мне вельмі блізкая піянэрская арганізацыя, таму што сама была барабаншчыцай, адкрывалі ўсе зборы, усе сьвяты, сходы камсамольскія і партыйныя. У нас было шчасьлівае піянэрскае дзяцінства. Па-мойму, нічога дрэннага не было ў гэтым, праўда ж?»
Дзяўчаты апраналі строі, стылізаваныя пад савецкія часы
Дзяўчаты вучыліся танцам савецкіх часоў або рабілі сабе прычоскі ў савецкім стылі. Некаторыя малявалі на шчоках чырвоныя зоркі.
Наведніцы рабілі прычоскі ў савецкім стылі
Некаторыя дзяўчаты малявалі на шчоках чырвоную зорку
Працавала і вайсковая выстава «Служу Савецкаму саюзу», гурток радыёаматараў.
Жанна Абламская, загадчыца навукова-мэтадычнага аддзелу Берасьцейскага абласнога краязнаўчага музэю ў гутарцы з журналістамі назвала савецкія часы «рамантычнымі»:
Жанна Абламская, загадчыца навукова-мэтадычнага аддзелу Берасьцейскага абласнога краязнаўчага музэю
«Сёньня ў нас савецкая гісторыя. 25 гадоў прайшло з тых часоў, як разваліўся Савецкі Саюз. І мы вырашылі, што трэба нагадаць пра тыя рамантычныя савецкія часы, якія калісьці былі».
Жанчынам прапаноўвалася пераапрануцца ў савецкіх вайсковых санітарак
На пытаньне журналістаў, ці ня лічыць супрацоўніца музэю тэматыку спрэчна «рамантычнай», бо савецкая дзяржава была далёка не ідэальнай, Жанна Абламская адказала:
«Гісторыя ўвогуле — спрэчная тэма. У кожным стагодзьдзі было нешта добрае, нешта дрэннае, у кожныя часы знаходзяцца свае крытыкі і свае аматары. Таму мы лічым, што да нас сёньня прыйшлі людзі, якім ёсьць што прыгадаць».
«Чырвонаармейцы»
У часе працы «Ночы музэяў» ніводная заля не была прысьвечаная адмоўным зьявам савецкага жыцьця — прымусовай калектывізацыі, масавым камуністычным рэпрэсіям, рабскай працы ў канцлягэрах ГУЛАГу.
Наведнікі фатаграфуюцца каля савецкіх плякатаў