На менскім лётнішчы грамадзянін Ірану затрыманы з падробленым ізраільскім пашпартам

У Нацыянальным аэрапорце «Менск» пры афармленьні рэйсу «Стамбул — Менск» 19 студзеня пагранічны нарад выявіў мужчыну, які прад’явіў пашпарт грамадзяніна Ізраілю. Дакумэнт быў выкананы з выкарыстаньнем офіснай тэхнікі. Пра гэта паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.

Затрыманы растлумачыў, што канчатковай мэтай яго маршруту была не Беларусь, а краіны Эўразьвязу, дзе ён плянаваў знайсьці лепшыя ўмовы жыцьця.

Падчас асабістага ператрусу ў замежніка знайшлі сапраўдны пашпарт грамадзяніна Ірану. 26-гадовы мужчына аформлены парушальнікам пагранічнага рэжыму.

Пасьля правядзеньня экспэртызы спэцыялісты выявілі факт падробкі дакумэнта. Цяпер, акрамя адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафу памерам базавых велічыняў, мужчына будзе прыцягнуты і да крымінальнай за «падробку, выраб, выкарыстаньне альбо збыт падробленых дакумэнтаў, штампаў, пячатак, блянкаў». Максымальнае пакараньне прадугледжвае арышт на тэрмін да шасьці месяцаў, або абмежаваньне волі на тэрмін да двух гадоў.