6 жніўня адзначаецца 500 год беларускага кнігадрукаваньня. У гэты дзень у 1517 годзе Францыск Скарына выдаў «Псалтыр» — першую друкаваную кнігу па-беларуску.
Свабода паглядзела, як адзначаецца гэтая дата на сайтах афіцыйных дзяржаўных устаноў, а таксама на інтэрнэт-старонках незалежных інфармацыйных выданьняў.
Беларускі партал TUT.BY адмыслова стылізаваў выгляд галоўнай старонкі з навінамі, надаўшы ёй выгляд старога друкаванага выданьня.
Старонка Tut.by у дзень 500-годзьдзя кнігадрукаваньня
Усю галоўную старонку займае матэрыял пра Скарыну і на сайце кампаніі «Будзьма!».
Старонка кампаніі Будзьма ў дзень 500-годзьдзя кнігавыданьня
Афіцыйнае і самае шматтыражнае выданьне «СБ-Беларусь сегодня» 6 жніўня ня мела на тытульнай старонцы сайту артыкулы пра Скарыну на заўважных месцах, але 5 жніўня апублікавала шэраг артыкулаў пра Скарыну:«Пять веков под обложкой», «Прага. Исторические прогулки с Франциском Скориной» і «Под созвездием вечных слов». Папяровая вэрсія газэты за 5 жніўня разьмясьціла плякат са Скарынам на першай паласе, наогул жа матэрыялы пра Скарыну займалі больш за чатыры паласы.
Старонка «СБ-Беларусь сегодня» ў дзень 500-годзьдзя кнігавыданьня
Галоўнае інфармацыйнае агенцтва краіны BELTA абмежавалася невялікім банэрам, за якім хаваюцца апошнія навіны ад Аргкамітэту адзначэньня 500-годзьдзя кнігадрукаваньня, які ўзначальваюць міністры інфармацыі Лілія Ананіч і міністар культуры Барыс Сьвятлоў.
Старонка Белта ў дзень 500-годзьдзя кнігадрукаваньня
Але затое 4 жніўня на сайце BELTA выйшаў відэа-ролік пра Скарыну.
Нічога ня пішуць 6 жніўня 2017 году пра Скарыну афіцыйныя сайты прэзыдэнта Беларусі і Міністэрства культуры.
Старонка афіцыйнага сайту Аляксандра Лукашэнкі ў дзень 500-годзьдзя кнігадрукаваньня
Старонка Міністэрства культуры ў дзень 500-годзьдзя кнігадрукаваньня
А старонка Міністэрства інфармацыі абмежавалася калёнкай зь пералікам пастаноў і прэс-рэлізаў датычна аргкамітэту сьвяткаваньня 500-годзьдзя.
Старонка Міністэрства інфармацыі ў дзень 500-годзьдзя кнігавыданьня
Дзіўна, але тое самае на сайце Нацыянальнай бібліятэкі — непрыкметная спасылка зь пералікам афіцыйных мерапрыемстваў у гонар 500-годзьдзя кнігадрукаваньня, заплянаваных на 2017 год.
Старонка Нацыянальнай бібліятэкі ў дзень 500-годзьдзя кнігадрукаваньня
Арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзеньні сьвяткаваньня 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня быў створаны ў студзені 2017 году. Яго ўзначалілі міністар інфармацыі Лілія Ананіч і міністар культуры Барыс Сьвятлоў.
У склад аргкамітэту таксама ўвайшлі прадстаўнікі МЗС, Міністэрства адукацыі, аблвыканкамаў, Менскага гарвыканкаму і абласныя ідэолягі зь Менску і Магілёва.
Аргкамітэт павінен быў зацьвердзіць плян мерапрыемстваў з нагоды 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня і забясьпечыць яго рэалізацыю.