Законапраект прадставіў міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч. Ён адразу адзначыў, што асноўная навацыя гэтага заканадаўчага акту — паведамляльны прынцып.
«Паведамляльны прынцып пры арганізацыі масавых мерапрыемстваў — гэта жэстачайшая лібералізацыі заканадаўства», — сказаў міністар, назваўшы новаўвядзеньне «агульнасусьветнай нормай».
Цяпер чалавек альбо арганізацыя, якія жадаюць правесьці нейкае масавае мерапрыемства, павінны не пазьней як за 10 дзён паведаміць пра гэта ў адпаведныя органы. А яны ў сваю чаргу не пазьней як за 5 дзён мусяць даць адказ, калі захочуць адмовіць. Але адмова прадугледжаная толькі ў двух выпадках:
- калі нехта іншы ўжо падаў заяўку на той жа час і тое ж месца,
- калі заяўка не адпавядае заканадаўству.
Ігар Шуневіч спэцыяльна ўдакладніў, што паведамляльны прынцып дзейнічае толькі для тых месцаў, якія вызначаны ўладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Калі ж нехта пажадае праводзіць сваю акцыю ў іншым месцы, то ў такім выпадку паведамляльны прынцып ня дзейнічае, а вяртаецца дазвольны.
Ілюстрацыйнае фота. Мітынг супраць дэкрэту аб дармаедах у Бабруйску, на вызначаным уладамі месцы. 9 красавіка 2017 году
На чым акцэнтаваў увагу міністар?
- Заяву на правядзеньне масавага мерапрыемства ня могуць падаваць асобы, у якіх ёсьць нязьнятыя або непагашаныя судзімасьці паводле некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
- Вызначаецца пералік прадметаў, якія катэгарычна забараняецца прыносіць на мерапрыемства, уключаючы, напрыклад, піва.
- Павышаецца адказнасьць палітычных партый за правядзеньне мерапрыемстваў.
- Журналісты, якія асьвятляюць гэтае мерапрыемства, павінны мець пасьведчаньне, а замежныя журналісты — абавязкова быць акрэдытаванымі ў МЗС Рэспублікі Беларусь.
- Аплата паслуг за правядзеньне мерапрыемства арганізатарамі будзе праводзіцца постфактум. То бок плату за мэдычнае абслугоўваньне, прыборку тэрыторыі і г.д. арганізатары будуць уносіць пасьля правядзеньня мерапрыемства, а не загадзя, як гэта робіцца цяпер.
- Арганізатарам мерапрыемстваў забараняецца перадаваць у СМІ, уключаючы інтэрнэт, інфармацыю пра месца і час правядзеньня акцыі загадзя.
«Лібэралізаваны» закон аб мітынгах не засьцеражэ ад пакараньня глуханямых за «палітычныя лёзунгі»
Ілюстрацыйнае фота. Жорсткі разгон удзельнікаў мітынгу на Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2017 году
Пра што казалі дэпутаты?
Уладзіслаў Шчэпаў зьвярнуў увагу, што журналістам патрэбна на гэтых акцыях мець нейкі ясна бачны знак. Ён лічыць, што гэта недакладная фармулёўка і трэба больш дакладна прапісаць, што павінна быць: напрыклад, камізэльку альбо нейкую павязку, інакш, як думае дэпутат, праз гэта могуць быць спрэчкі ў судах.
Дэпутат Аляксандар Старавойтаў сказаў: а што будуць рабіць улады, калі арганізатары мерапрыемства адмовяцца аплочваць паслугі пасьля правядзеньня? На гэта міністар адказаў, што падобная сытуацыя будзе прапісаная ў спэцыяльнай пастанове ўраду.
Алена Анісім запыталася ў міністра, якім чынам МУС узгадняе дзеяньні з палітычнымі партыямі па арганізацыі мерапрыемстваў. Міністар сказаў, што ў такіх выпадках рыхтуецца плян правядзеньня мерапрыемства, міліцыя прымае пад увагу колькасьць удзельнікаў, магчымы маршрут і г.д. Ёсьць спэцыяльная схема выкарыстаньня супрацоўнікаў міністэрства, і тут, як сказаў Шуневіч, больш арытмэтыкі, чым палітыкі. Што тычыцца непасрэдных кантактаў з палітычнымі партыямі, то міністар запэўніў, што калі хтосьці з арганізатараў мерапрыемства запросіць у МУС нейкую кансультацыю альбо дадатковую дапамогу, то міністэрства заўжды гатова дапамагчы.
Дэпутатка Ганна Канапацкая запыталася, наколькі новы прынцып будзе дзейнічаць у правапрымяняльнай практыцы. Міністар сказаў, што жыцьцё пакажа:
«Мы ня можам адразу адкрыць гэты шлюз і цалкам рэалізаваць паведамляльны прынцып. Мы спрагназавалі наступствы і аддаём сабе справаздачу ў тым, што ў дадзеным аб’ёме гэтыя захады, якія мы прапаноўваем, можна ўжываць».
Дэпутат Андрэй Рыбак запытаўся, як міліцыя адрозьнівае ўдзельнікаў мерапрыемства ад выпадковых мінакоў. На гэта міністар сказаў, што ў міліцыі ёсьць адпаведны досьвед, і тут памылак звычайна ня робіцца.