Арганізатары — Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і аргкамітэт ўнівэрсытэту «Альбарутэнія». Працоўная назва імпрэзы — «Нацыянальны ўнівэрсытэт у ХХІ стагодзьдзі: місія і выклікі».
Да ўдзелу ў дыскусіі запрасілі экспэртаў у галіне адукацыі, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і афіцыйных структураў, ініцыятыўных студэнтаў, выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў. Усіх, хто зацікаўлены ў стварэньні сучаснай навучальнай установы эўрапейскага ўзроўню.
Яшчэ ёсьць магчымасьць выправіць хібы ў адукацыі
Ілюстрацыйнае фота. Выпускнікі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту
На парадку дня канфэрэнцыі — пытаньні, якімі сьвядомая частка беларускага грамадзтва задаецца апошнія чвэрць стагодзьдзя. Чаму сыстэма адукацыі замарожаная ў «недабудаваным» выглядзе? Куды падацца выпускнікам беларускамоўных школаў і гімназій пры адсутнасьці беларускамоўнай вышэйшай навучальнай установы?
«Яшчэ ня позна выпраўляць хібы, — перакананы сябра аргкамітэту па стварэньні нацыянальнага ўнівэрсытэту, экспэрт грамадзкага Балёнскага камітэту, прафэсар-этноляг Павал Церашковіч. — На жаль, сыстэма адукацыі на беларускай мове недабудаваная. Хай і не на ўсю моц, але працуе пачатковая і сярэдняя школа, але няма працягу ў выглядзе вышэйшай адукацыі. Гэта пазбаўляе пэрспэктываў перадусім беларускамоўных выпускнікоў. А стварэньне нацыянальнага ўнівэрсытэту дапаможа такую сыстэму зрабіць завершанай».
Якім павінен быць нацыянальны ўнівэрсытэт сёньня і ў чым яго галоўнае прызначэньне? Як рэалізаваць прынцыпы аўтаноміі вышэйшай школы ў сучаснай Беларусі? І галоўнае, калі насамрэч паўстане Нацыянальны ўнівэрсытэт? Гэтыя пытаньні і пошук адказаў на іх стануць стрыжнёвымі ў часе працы канфэрэнцыі.
Як паведамляла Свабода, у канцы верасьня менскія ўлады зарэгістравалі юрыдычны адрас унівэрсытэту «Альбарутэнія». Офіс месьціцца ў камунальным будынку Партызанскага раёну сталіцы на вуліцы Шчарбакова, 32. Функцыі рэктара выконвае Алег Трусаў — шматгадовы старшыня ТБМ, якога на гэтай пасадзе замяніла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. Пад кіраўніцтвам спадара Трусава чальцы рады засяродзяцца на арганізацыйных пытаньнях, зьвязаных зь дзейнасьцю «Альбарутэніі».
Алег Трусаў і Алена Анісім
«Падчас канфэрэнцыі будзем абмяркоўваць, што рэальна рабіць далей, — адзначае Павал Церашковіч. — Што тычыцца акрэсьленых пэрспэктываў, то ўсё будзе залежаць ад таго, як шпарка пойдзе працэдура рэгістрацыі. Загадзя пра нешта казаць досыць цяжка, але якраз у гэты момант мы разам зь юрыстамі перапрацоўваем статут, каб усё было бездакорна. Пасьля будзем спрабаваць зарэгістраваць юрыдычную асобу — унівэрсытэт „Альбарутэнія“. І калі гэта будзе зроблена, тады адбудуцца наступныя крокі».
Талакой за аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці
Асноўныя тэмы маючай адбыцца канфэрэнцыі, прысьвечанай вышэйшай адукацыі па-беларуску, наступныя.
- Місія нацыянальнага ўнівэрсытэту: case Беларусі
- Мова, ідэнтычнасьць і вышэйшая адукацыя ў сучаснай Беларусі
- Інтэрнацыяналізацыя і нацыянальны ўнівэрсытэт: пазытыўны досьвед Польшчы, Украіны ды іншых
- Нацыянальны ўнівэрсытэт і Балёнскі працэс: каштоўнасьці і інструмэнты
- Нацыянальны ўнівэрсытэт і найноўшыя навучальныя тэхналёгіі.
Паводле арганізатараў, кожнаму ўдзельніку будзе дадзена магчымасьць прэзэнтаваць даклад або паведамленьне пра акрэсьленыя праблемы.
«Значная ўвага да імпрэзы, пададзена больш за 60 заявак, — кажа Павал Церашковіч. — З улікам, што канфэрэнцыя нарадзілася імправізацыйна, вельмі прыемна, што шмат людзей адгукнулася. Гэта найлепшае сьведчаньне, што цікавасьць да тэмы нацыянальнага ўнівэрсытэту сур’ёзная. Асноўнымі выступоўцамі будуць беларусы: каб належным чынам падрыхтаваць міжнародную канфэрэнцыю, трэба як мінімум паўгода. Тут жа ўсё адбывалася, паўтаруся, у імправізацыйным ключы, таму пакуль фармат такі».
Нягледзячы на высілкі грамадзкасьці, у Беларусі за 25 гадоў незалежнасьці так і не зьявілася вышэйшая навучальная ўстанова з роднай мовай выкладаньня.
«Калі ўлада ня хоча ствараць дзяржаўныя ўстановы, трэба ствараць прыватныя», — гэта была асноўная ідэя новага адукацыйнага праекту, ініцыяванага групай аднадумцаў.
Калектыўныя высілкі атрымалі першы плён: 11 верасьня Менскі гарвыканкам прыняў рашэньне аб рэгістрацыі структурнага падразьдзяленьня ТБМ «Унівэрсытэт „Альбарутэнія“».
Менавіта гэтую дату Анатоль Трусаў і ягоныя паплечнікі прапануюць лічыць пачаткам першага беларускамоўнага ўнівэрсытэту ў найноўшай гісторыі незалежнай Беларусі.