Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч наведаў XXV Міжнародную кніжную выставу-кірмаш, якая адкрылася 28 лютага ў Менску.
Ён паказаў журналістам, што набыў для дачкі дзіцячую кніжку на расейскай мове Вольгі Ванінай «Наша Беларусь», а для жонкі — кулінарную кнігу Аляксандра Вашчанкі «Беларуская кухня».
Кніга для жонкі
Выданьне грунтуецца на працы беларускага этнографа Нікіфароўскага і прысьвечанае кулінарным традыцыям нашых продкаў. Усе рэцэпты пададзеныя на беларускай, расейскай і ангельскай мовах. Акрамя асноўнай часткі, ёсьць кароткі слоўнік састарэлых словаў, выразаў і кулінарных тэрмінаў.
Кніга, якую Ігар Шуневіч набыў для дачкі
Для сябе міністар, які нарадзіўся ў Луганскай вобласьці ва Ўкраіне, хацеў набыць кнігу на ўкраінскай мове «Князі Олельковичі-Слуцькі», але ў выніку атрымаў яе ў падарунак ад украінскіх выдаўцоў.
Кніга выдадзеная кіеўскім выдавецтвам «Балтыя-Друк» у сэрыі «Эліта», прысьвечанай гісторыі вядомых княскіх родаў. У падрыхтоўцы сэрыі ўдзел бяруць прадстаўнікі Ўкраіны, Літвы, Польшчы і Беларусі. Сярод іх — Алег Дзярновіч і Анастасія Скеп’ян. Кніга стала чацьвёртай у сэрыі, раней у сьвет выйшлі кнігі пра князёў Радзівілаў, Астроскіх і Вішнявецкіх.
У першы дзень кніжнай выставы-кірмашу яе традыцыйна наведваюць дзяржаўныя чыноўнікі.
Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец (зьлева) і Ігар Шуневіч
Начальнік менскага АМАПу Дзьмітры Балаба (у цэнтры) таксама прыйшоў на выставу разам з Шуневічам