Кіраўніцтва Калінкавічаў перадало ўдзельніцам руху «Маці 328» запрашэньне на суcтрэчу з кіраўніцай адміністрацыі Лукашэнкі Натальляй Качанавай у першы дзень галадоўкі.
Увечары 27 красавіка ў кватэру, дзе сабраліся ўдзельніцы галадоўкі, прыйшоў старшыня мясцовага савету дэпутатаў Віктар Замосьцік і Сяргей Гвозьдзь, паведаміла Радыё Свабода прадстаўніца руху «Маці 328» Тацяна Канеўская.
«Яны сказалі што зьвязаліся „зь верхам“ і, там хочуць арганізаваць для нас сустрэчу і гэтую сустрэчу хоча арганізаваць для нас Натальля Качанава» — сказала Свабодзе Тацяна Канеўская.
Галадоўніцы патрабуюць сустрэчы з чыноўнікамі
Імаверна, сустрэча пройдзе 2 траўня, паведаміла Свабодзе прадстаўніца Калінкавіцкага райвыканкаму. Галадоўніцам далі ноч падумаць і раніцай яны прадставілі сьпіс чыноўнікаў, якіх хочуць бачыць на гэтай сустрэчы:
- міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч;
- кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч;
- старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала;
- генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк;
- старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка;
- старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч;
- кіраўнік Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Вадзім Іпатаў.
Ад сустрэчы толькі з Качанавай удзельніцы галадоўкі адмовіліся, бо адміністрацыя кіраўніка дзяржавы ня мае права на заканадаўчую ініцыятыву.
«Мы ўключылі ў сьпіс людзей, ад якіх можа залежыць зьмякчэньне заканадаўства па 328 артыкуле», — сказала Свабодзе ўдзельніца галадоўкі Ліяна Шуба.
Месца галадоўкі «Маці 328» у Пухавіцкім раёне
Паводле слоў удзельніцы галадоўкі Ліяны Шубы, Ігар Шуневіч, Аляксандар Канюк і Валянцін Сукала адмаўляліся раней прыняць прадстаўніц «Маці 328». З Вадзімам Іпатавым удзельніцы руху ўжо сустракаліся.
«Калі тыя людзі, якіх мы папрасілі быць прыйдуць, то магчыма другі і трэці пункт нашых патрабаваньняў можна будзе вырашыць», — патлумачыла Тацяна Канеўская, чаму ўдзельніцы галадоўкі адмовяцца ад сустрэчы, калі кагосьці з чыноўнікаў на ёй ня будзе.
Шуневіч: МУС не вітае паслабленьня адказнасьці за наркотыкі
Увечары 28 красавіка ўдзельніцам галадоўкі абяцалі адказаць, хто з кіраўнікоў ведамстваў возьме ўдзел у сустрэчы. Атрымаць камэнтар у Калінкавіцкім райвыканкаме і мясцовым Савеце дэпутатаў не атрымалася.
Патрабаваньне сустрэчы з Лукашэнкам дагэтуль актуальна
Як сказала Ліяна Шуба, удзельніцы галадоўкі па-ранейшаму настойваюць на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Мы ўпэўнены, што ён не валодае ўсёй інфармацыяй. Да яго інфармацыя даходзіць няпоўна ці скажона. Вы павінны разумець, як зацьвярджаецца законапраект: яго распрацоўвае пэўная камісія, а пасьля ён зацьвярджаецца з зацікаўленымі структурамі. І нам патрэбныя прадстаўнікі ўсіх гэтых структур. Каб яны сказалі: „так мы будзем над гэтым працаваць“. Калі яны гэтага ня скажуць, нам патрэбны прэзыдэнт».
Усяго ў Калінкавічах галадаюць сямёра жанчын. Шасьцёра пастаянна знаходзяцца ў кватэры Алены Казаковай, а Інэса Крыцкая - пэрыядычна
Праз запрашэньне на сустрэчу ад Натальлі Качанавай удзельніцы «Маці 328» галадоўку ня спыняць. Таксама яны папрасілі давезьці іх да месца сустрэчы, бо яна будзе адбывацца на пяты дзень галадоўкі і яе ўдзельніцы будуць аслабленыя, каб дабірацца на грамадзкім транспарце. Адно з патрабаваньняў «Маці 328» прысутнасьць на сустрэчы СМІ, якія «зацікаўлены ў дакладнай інфармацыі» — БелаПАН, Радыё Свабода, Наша Ніва, Народная Воля, TUT.BY.
27 красавіка 12 удзельнікаў руху «Маці 328» у Пухавіцкім раёне і Калінкавічах абвясьцілі галадоўку. Пра падтрымку ўдзельнікаў галадоўкі заявілі прадстаўніку руху на Магілёўшчыне. Патрабаваньні ўдзельнікаў галадоўкі:
- Сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
- Стварэньне камісіі аб пераглядзе спраў паводле крымінальнага артыкула 328 пачынаючы з 2013 году.
- Зьмена заканадаўства адносна артыкула 328 Крымінальнага кодэксу.
- Амністыя асуджаных паводле артыкула 328.