У выдавецтве «Галіяфы» выйшла новая кніга Алены Брава «Садомская яблыня».
Гэта раман пра жыцьцё за менскай кальцавой. Галоўная гераіня Інга Куродым жыве ў невялікім гарадку, яна журналістка мясцовай тэлекампаніі. Свой спосаб зарабляць на хлеб з маслам для сябе і сына яна акрэсьлівае бязь лішніх эпітэтаў:
«Па прафэсіі я таксыдэрмістка — бяру трупікі словаў і набіваю рознай пацярухай. Цалкам бяскрыўдны занятак, хіба не?»
Што праўда, яна не заўсёды была такой прафэсійна цынічнай.
«Калісьці я шукала жывыя словы. Ёсьць сюжэты, якімі заслужана ганаруся. Але хутка высьветлілася: мае намаганьні нікому не патрэбныя там, дзе вал правіць баль. Мая справа — даваць вугалю з добра распрацаванай шахты, дзе ўся парода аднолькава пустая».
Летуценная і таленавітая, яна складала вершы і грала на гітары. Марыла пра выдадзеныя кнігі і вялікія канцэрты. Але ні аднаго, ні другога не прадбачылася ў дасяжнай будучыні. Трэба было элемэнтарна выжыць і выгадаваць сына. Гітара апынулася на антрэсолях, а нататнікі з пачатымі творамі патрапаліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 500 найлепшых кніг за 500 гадоўЧытаць гэтую кнігу няпроста. Нешта (а мо і большасьць) з вывернутага вонкі нутра гераіні (і нашага грамадзтва) ведаць ня хочацца. Яно выбівае з раўнавагі, спараджае трывогу і нават безвыходнасьць, ад якое, як ад сьмерці, нікуды не схавацца. Норавы вакол Інгі жорсткія, правілы гульні разыходзяцца зь яе ўяўленьнем пра мараль і справядлівасьць. Прымітыўнасьць запатрабаваньняў калегаў і знаёмых чым далей, тым болей вядзе яе да поўнай душэўнай самаізаляцыі.
«Ты цяжарная пустатой свайго няспраўджанага жыцьця. Ілжэцяжарнасьць, вынік якой асабліва сумны: нават выкідыш шчасьлівейшы за цябе».
Драматызм існаваньня з гадамі толькі павялічваецца. Асабліва бессэнсоўным робіцца яно пасьля таго, як вырас і пайшоў з дому сын, а на донцы душы яшчэ засталіся драбнічкі жаночых амбіцыяў.
«Я, дапусьцім, не маладая, але і ня „дрэўняя“. Калі-небудзь, як зморшчаная бульбіна, я пакрыюся вочкамі сьмерці — плямамі ды бародаўкамі, і буду цалкам гатовая да пасадкі ў зямлю. Купляць такую гародніну ніхто ня стане, на рынку маладой бульбачкі навалам. А для рынку працы я ўжо цяпер гнільлё. Гумовая трэнажорная дарожка, па якой мы дзесяцігодзьдзямі бяжым, выбіваючыся зь сілаў, рухаецца тым хутчэй, чым стараньней мы працуем, каб паставіць вокны ПВХ, мэталічныя дзьверы і закансэрвавацца ў сваёй кватэры, як у труне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чытачка Брава: Разумная кніга здольная зьмяніць жыцьцёШмат старонак у рамане прысьвечана апісаньню працы мясцовай станцыі хуткай дапамогі, адкуль Інга вядзе свае рэпартажы. У дыспэтчарскую станцыі паступаюць тэлефанаваньні пра самыя розныя людзкія беды, але самым балючым гучыць дзіцячы галасок да дзяжурнай лекаркі ад ейнага сына, які з малой сястрычкай мусіць бяз догляду начаваць дома. Дзіцяці не ўдаецца пачуць суцяшальныя словы ад маці, бо тая якраз шукае па горадзе загулялага мужа.
Увесь раман перапоўнены болем і роспаччу галоўнай гераіні. Яна ані ў чым не знаходзіць супакаеньня. І тады нечакана робіць выснову:
«Безумоўна, гэты сьвет ня варты таго, каб сталець».
У хвіліны поўнага адчаю гераіня ўзгадвае шчымлівыя радкі з даўняй маладосьці:
«О, гэты сум — ён ненадоўга.
Жыцьцё міне — і ўсё міне».
Гэта вершы рэальнай паэткі Тацяны Зіненкі. Яна жыла ў Барысаве, родным горадзе Алены Брава, і заўчасна памерла, самотная, незразуметая, непрызнаная. Лейтматыў ейнага трагічнага жыцьця цёмным ценем цягнецца за галоўнай гераіняй «Садомскай яблыні». Яна ўрэшце таксама сыходзіць кудысьці за далягляд. Але перад тым наладжвае хаўтуры непатрэбнай ужо гітары.
«Гляджу на неба. Божа, што рабіць?
Зьдзеклівыя крыкі галак.
Прынамсі, пахаваць гітару.
Мёртвае цела сяброўкі свайго юнацтва кладу пад бярозку, закідваю бруднаватым падталым сьнегам. Атрымліваецца грудок, магілка, не зусім зразумела чыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мая сьвякроўка была гатовая аддаць жыцьцё за камандантэ Кастра», — Алена Брава пра тое, як Куба разьбіла яе ілюзіі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каза і кайф. Першае відэаінтэрвію Горвата