10 красавіка 1965 году нарадзіўся Сяржук Вітушка — беларускі грамадзкі актывіст, гісторык, пэдагог, кіраўнік легендарнага моладзевага клюбу «Талака».
У гэты дзень уручаецца прэмiя ягонага імя. Яна складаецца з ахвяраваньняў сям’i. Ініцыятыву падтрымаў Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча.
Прэмія Сержука Вiтушкi існуе другi год. Летась сродкі былі ахвяраваныя людзям у патрэбе.
Сёлета ляўрэатамі сталі вучні сярэдняй школы № 188 у Менску, якія атрымалі ўзнагароды за вершы, напісаныя да конкурсу Дня роднай мовы.
Сяржук Вітушка вядзе экскурсію ў музэі Максіма Багдановіча
Як паведаміла кіраўніца беларускага музэю ў Вільні Людвіка Кардзіс, уганараваныя дзеткі маюць праблемы са зрокам; у апошнія гады Сяржук Вітушка ад хваробы асьлеп. Яго ня стала 2 ліпеня 2012 году.
У цырымоніі ўзнагароджаньня бралі актыўны ўдзел менскія актывісты Павал Каралёў і Раман Абрамчук.
«Сяржук Вітушка жыў для Беларусі. Памятайма яго і працягнем пачатую ім справу!», — заклікаюць арганізатары.