Дарадца прэзыдэнта ЗША Дональда Трама Джон Болтан, які ў чацьвер сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, праводзіць сёньня ў Варшаве перамовы з сакратаром Савету бясьпекі Беларусі Станіславам Засем. Пра гэта сьведчыць здымак і подпіс да яго, які Болтан разьмясьціў у сваім Твітары.
«Я вельмі рады пачаць сёньня ў Варшаве размову з маімі польскімі, украінскімі і беларускімі калегамі. Мы падзяляем агульныя праблемы з нагоды стабільнасьці ў рэгіёне і імкнемся да ўмацаваньня сувэрэнітэту і бясьпекі нашых дзяржаў», — напісаў дарадца Трампа.
Здымак зроблены ў сядзібе Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы. Гэта польская дзяржаўная ўстанова, якая займаецца рэалізацыяй задачаў па нацыянальнай бясьпецы. Яна падпарадкоўваецца прэзыдэнту Польшчы.
Сустрэча Станіслава Зася з кіраўніцтвам Бюро Нацыянальнай Бясьпекі Польшчы
Як паведамляе сайт Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы, учора яго кіраўнік Павэл Солях сустракаўся з Засем, а таксама намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Алегам Краўчанкам і паслом Беларусі ў Польшчы Ўладзімерам Чушавым. На сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні двухбаковых дачыненьняў і рэгіянальнай бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сустрэча Болтана і Лукашэнкі працягвалася 2 гадзіны 15 хвілінаў