Адмыслоўцы лічаць, што гэты варыянт лепшы, чым першапачатковы, але яшчэ не дакладны. Так працягваецца рэканструкцыя першай чаргі Старога замка ў Горадні.
Захавалася толькі адна выява купала
Каркас ужо зьнялі зь вежы. Канчаткова ўсталёўваць і абшываць купал будуць пазьней.
Форма купала цягам працэсу рэканструкцыі выклікала спрэчкі і абмеркаваньні. Варыянты, якія разглядаліся, былі падобныя да «гарбуза», «цыбуліны», «мячыка»; нейкі — больш круглы, іншы — больш пляскаты. Такія азначэньні гучалі падчас дыскусій.
Усё таму, што да нашага часу арыгінальны купал не захаваўся. Магчыма, ён быў зьнішчаны падчас расейска-польскай вайны 1654-1667 гадоў, калі Горадня была моцна зруйнаваная. Адзіная выява, на якой можна ўбачыць купал, захавалася на гравюры Тамаша Макоўскага 1600 году. Але гравюра дае толькі прыкладныя абрысы.
Цяперашнюю форму стварылі ў выніку абʼяднаньня варыянту навуковага кіраўніка Старога замка Ўладзімера Бачкова і польскага навукоўца з Вроцлава Зыгмунта Луневіча, які займаецца сучаснымі купаламі і пісаў доктарскую працу пра купалы.
«У Беларусі спэцыялістаў у купалах няма»
Дасьледчык Старога замка, гісторык Інстытуту гісторыі НАН Мікола Волкаў адзначыў, што ў Беларусі няма спэцыялістаў у купалах.
«Добра, што ёсьць дыскусія. З другога боку, як можа дыскутаваць спэцыяліст [Луневіч] з чалавекам, які не валодае навуковым інструмэнтарыем [Бачковым]?», — кажа Волкаў.
Горадзенскі гісторык Мечыслаў Супрон пракамэнтаваў, што да першапачатковага варыянта купала Ўладзімер Бачкова быў шэраг прэтэнзій:
- занадта акруглай формы, характэрнай для ўсходняй цывілізацыі, для купалаў на храмах дамангольскай Русі;
- занадта вялікі для замка;
- матэрыял, якім яго хацела накрываць, — ацынкаваная бляха — не выкарыстоўваўся ў Эўропе; у эпоху Рэнэсансу, да якой адносіцца Стары замак, рабілі мядзяныя купалы.
Першы варыянт (зьлева направа) — Уладзімера Бачкова, другі — абʼяднаны, трэці — польскіх спэцыялістаў
Пасьля, на думку Супрона, атрымаўся «сярэдні варыянт», больш набліжаны да заходняй цывілізацыі, што, на ягоныую думку, адпавядае праўдзе.
«Купал павінен быць менш падобным да шара»
Польскі дасьледчык з Вроцлава Зыгмунт Луневіч, які рабіў свае прапановы наконт праекту купала Старога замку, пракамэнтаваў Свабодзе, што можна ацэньваць: геамэтрыю купала цяпер і дэталі купала, якіх яшчэ няма.
Зьлева: варыянт купала Ўладзімера Бачкова, далей — прапановы Зыгмунта Луневіча
Як можа выглядаць брамная вежа: зьлева варыянт Луневіча, справа Бачкова
«З пункту гледжаньня геамэтрыі гэтая форма ня самая лепшая. Яна выглядае крыху непрапарцыянальна і мусіць быць іншай. Бачкоў хацеў зрабіць купал вельмі падобным да купалаў на Русі. Але форма мае быць не Візантыйска-Руская, а больш як у Заходняй Эўропе. Купал павінен быць менш падобным да шара», — тлумачыць Луневіч.
Стары замак улетку 2019 году
Ён мяркуе, што кампраміс двух варыянтаў атрымаўся не найлепшы, але яго яшчэ можна паправіць праз дэталі. На ягоную думку, трэба ўжываць мядзяную бляху, а не ацынкаваную, каб было больш аўтэнтычна. Ёй трэба абшываць купал гарызантальна, а не па дыяганалі, як робяць у Расеі.
Так можна было б яшчэ паправіць цяперашні купал Бачкова, па меркаваньні Луневіча
Купал аўтарства Ўладзімера Бачкова ўжо пабываў у цэнтры скандалу. Тады пасьля розгаласу давялося замяніць купал у Нясьвіскім замку праз 8 гадоў пасьля рэканструкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навабуды ў горадзенскім Старым замку. ФОТА