Беларуска Аксана Якуцэвіч здабыла карону прыгажуні на міжнародным конкурсе ў Пецярбургу ў верасьні. Гэта першая ейная перамога на подыюме, але ня першая ў жыцьці. За 13 гадоў на вазку дзяўчына памяняла гардэроб, сяброў і мары.
«Я з самага пачатку вылучалася»
Lady in Red — такое ўражаньне стварае гэтая гарадзенка. Памада, манікюр, куртка і нават вазок — чырвонага колеру. Гучны голас, выклік у вачах, гарэзьлівыя рухі. Калі б характар можна было афарбаваць, то ён у Аксаны, відаць, колеру ейнай памады.
Чырвоных памадаў у Аксаны пяць штук
«Колькі ў мяне чырвоных памадаў? Пяць пэўна будзе», — рагоча дзяўчына.
Момант, калі яна выкінула ўсю касмэтыку і абутак на абцасах, застаўся ў мінулым.
Нядаўна Аксана вярнулася з конкурсу прыгажосьці «Неўская краса». Яна перамагла ў катэгорыі «Лэдзі» — сярод удзельніц пасьля 35 гадоў. У малодшай катэгорыі першае месца заняла дзяўчына з Кабардына-Балкарыі. Усяго за званьне самай прыгожай спаборнічалі 27 дзяўчат. Сёлета яны прадстаўлялі Расею і Беларусь, раней краін-удзельніц было болей.
Усяго было 27 удзельніц
Канкурсанткі паказвалі відэавізытоўку, танец, выходзілі ў нацыянальным строі і вячэрняй сукенцы, адказвалі на пытаньні журы. Выхаду ў купальніках, як бывае на ўсясьветных конкурсах прыгажосьці, не было.
Агулам яна засталася задаволеная арганізацыяй, хоць пераапранацца часам даводзілася проста ў праходзе, навідавоку ва ўсіх.
Галоўнае для яе — мноства ўражаньняў і першае месца, якому Аксане ўсё яшчэ цяжка даць веры. Пра перамогу нагадваюць ружы ў пакоі і зіхоткі вянец.
Беларуска ехала па карону. Хоць да апошняга ня верыла, што расейцы дазволяць той паехаць у іншую краіну.
Аксана ня верыла, што журы дазволіць кароне паехаць у Беларусь
«Я з самага пачатку вылучалася яркім макіяжам і адзеньнем», — узгадвае гарадзенка.
Конкурс стаў для Аксаны выклікам, бо яна ўпершыню ляцела самалётам. Сэрвіс беларускіх авіяліній яе цалкам задаволіў.
Цяпер Аксана жыве з мамай
Пра ўдзел гарадзенка да апошняга не казала блізкім, каб не хваляваць. Да таго ж бацькі некалі адгаварылі яе ад мары стаць стуардэсай — занадта рызыкоўна. Хоць да Аксаніных шалёных ідэй сваякі і сябры даўно прызвычаіліся.
Ці шкодзіць вазок прыгажосьці?
Дзяўчына шкадуе, што так позна пачала ўдзельнічаць у конкурсах. Цяпер ёй 36. Стаць каралевай прыгажосьці марыла здаўна. Але, прызнаецца, пакуль трымалася на нагах, было не да гэтага. Цяпер, на вазку, ёй важна выглядаць яшчэ больш прыгожай і дагледжанай, чым раней. Аксана любіць увагу з боку мінакоў.
Ці шкодзіць вазок прыгажосьці? Гарадзенка мяркуе, што адказ залежыць ад таго, хто глядзіць. Ёсьць мужчыны, якія бачаць саму дзяўчыну і не заўважаюць, на чым яна перасоўваецца. Праўда, быў выпадак, калі незнаёмая жанчына ў банку зьдзівілася, навошта Аксана ўвогуле фарбуецца і робіць манікюр. Тады за дзяўчыну заступіліся іншыя наведнікі.
Некаторыя мужчыны заўважаюць толькі саму дзяўчыну, а не вазок
Зь мінусаў — на вазку нельга насіць усё, што Аксане падабаецца. Яна адмовілася ад камбінэзонаў, якія нязручна здымаць, пышных сукенак, што ўкручваюцца ў колы, свабоднага адзеньня, якое выглядае на ёй, «як мяшок».
Надзея хадзіць не згасае дагэтуль
Той дзень 13 гадоў таму, калі жыцьцё перастала быць ранейшым, Аксана ўзгадвае нячаста. «А сэнс?» — паціскае яна плячыма. Праўда, пытаньне, навошта пайшла на горку, задае сабе і сёньня.
Тады ёй было 22 гады. Яна працавала мэдсястрой у шпіталі, мела хлопца, цешылася ўвагай з боку іншых мужчын.
«Калі была маладая і прыгожая, пра конкурсы ня думала»
Узімку гулялі зь сябрамі і вырашылі пракаціцца з горкі. Аксана ехала апошняй. Нечакана разьвярнулася на сьцежцы, ударылася галавой і страціла прытомнасьць. Сябры зацягнулі яе на задняе сядзеньне дзьвюхдзьвернай машыны і павезьлі ў шпіталь. Калі б ня гэта, мяркуе дзяўчына, парушэньняў магло б быць менш, а шанцаў хадзіць — больш.
Калі апрытомнела ў рэанімацыі, то ня чула ног. Лекары давалі надзею зноў хадзіць. Надзея не згасае дагэтуль.
Першы год-паўтара пасьля траўмы дзяўчына цярпела ад дэпрэсіі, а потым зразумела, што трэба пачынаць жыць наноў.
«Напішыце акуратна пра мужчын»
«Вы толькі напішыце акуратна пра мужчын», — какетліва перажывае суразмоўніца.
Яна перапісваецца з кавалерамі, ходзіць на спатканьні. Пасьля траўмы ледзь ня выйшла замуж, аднак у апошні момант адмовіла нерашучаму кавалеру, сваякі якога былі супраць шлюбу.
У першыя паўтара года пасьля здарэньня ейны хлопец заставаўся побач, прымушаў рабіць зарадку, поўзаць, мацаваць прэс. Аднак ня вытрымаў напружаньня і пачаў усё часьцей выпіваць. Аксана сама скончыла тыя адносіны.
Прыгажуня кажа, што ейнае сэрца свабоднае. Яна хоча стварыць сямʼю, але цяпер патрабаваньні да партнэра ў яе больш жорсткія.
«Я вельмі патрабавальная да сябе, на 100%. Дзяўчына з задаткамі пэрфэкцыянізму. Гэтаксама патрабавальная і да мужчыны. Ад яго я чакаю рашучасьці», — кажа Аксана.
Ад мужчын Аксана чакае падтрымкі
Яна не падзяляе хатнія абавязкі на мужчынскія і жаночыя, аднак мае сваё ўяўленьне пра арганізацыю побыту.
«Я люблю мыць посуд. А сьмецьце няхай выносіць ён, у краму няхай таксама ходзіць ён», — усьміхаецца дзяўчына.
Прыгажуня ўжо прыдумала, як разьмеркаваць хатнія абавязкі ў сямʼі
Аксана чакае ад партнэра дапамогі і падтрымкі. Ажаніцца з мужчынам-вазочнікам яна не плянуе.
«Нехта ў сямʼі павінен быць дужэйшы, спрытнейшы. Хто дапаможа спусьціцца са сходаў? Побыт заесьць», — упэўненая суразмоўніца.
Пры гэтым яна ведае шчасьлівыя семʼі, дзе і муж, і жонка на вазках, гадуюць дзяцей.
На правы здала зь першага разу
За час на вазку ў Аксаны шмат дасягненьняў.
Адзін з самых адважных учынкаў — здала на правы. Практычную частку праходзіла ў Менску, бо ў Горадні ня вучаць ручному кіраваньню аўтамабілем. Штодня аддавала за пражываньне і праезд у чужым горадзе каля 60 рублёў.
Гарадзенка плянуе набыць машыну, каб стаць больш незалежнай
«Чым я горшая за іншых? Мне як сказалі, што я не змагу, то я зрабіла ўсё, каб здолець. Здала зь першага разу. Я ж не дурная», — кажа дзяўчына.
Цяпер яна хоча набыць машыну, каб мець больш магчымасьцяў перасоўвацца, не залежаць ад іншых.
Пандус у доме паставілі толькі праз тры гады пасьля Аксанінай траўмы
Першыя тры гады пасьля траўмы Аксана амаль не выходзіла з дому, бо не было пандуса. Лістамі і зваротамі ўрэшце дамаглася, каб паставілі невялікі пандус з двара і адкідны ў падʼезьдзе. Аднак самой падымацца па іх вельмі цяжка, бо яны занадта крутыя, да таго ж на вуліцы няма парэнчаў.
«Чаму я павінна прасіць: „Дапамажыце мне“?»
На вуліцу пасьля траўмы выцягвалі мама і сябры.
«Мне вельмі пашчасьціла зь сябрамі. Я магу прачнуцца ранкам з думкай: „Хачу разабраць самалёт, але баюся“. — „Аксана, мы табе дапаможам. Усё атрымаецца“, — кажуць сябры», — усьміхаецца гарадзенка.
Цяпер дзяўчына часьцей выходзіць на вуліцу
З многімі сябрамі пэрыяду «да траўмы» яна разьвіталася. За паўтара года, што Аксана ляжала ў шпіталях, яны не прыходзілі, не званілі, не падбадзёрвалі ў самыя цяжкія моманты. Засталіся тыя, хто дапамог вярнуцца да насычанага жыцьця.
Дзяўчына займае пасаду намесьніцы старшыні ў асацыяцыі горадзенскіх вазочнікаў. Праз арганізацыю яны «выхавалі» кіроўцаў тралейбусаў. Цяпер тыя дапамагаюць людзям на вазку заяжджаць у салён. Раней маглі і не зьвярнуць увагі.
Да таго ж дзякуючы зваротам асацыяцыі на некаторых вуліцах панізілі бардзюры, сям-там паставілі пандусы.
«Чаму я павінна прасіць?»
«Чаму я павінна прасіць: „Хлопцы, дапамажыце мне“, — калі ўласьнікі будынкаў абавязаныя ўсталяваць пандусы па законе? Калі гэта ёсьць на паперы, то гэта павінна выконвацца. Мінакі мне адразу дапамагаюць. Але чаму я павінна зьвяртацца? Мне няёмка. Я адчуваю сябе не такой», — абураецца Аксана.
Каб адчуваць сябе такой, як усе, Аксана праводзіць час у кампаніі здаровых людзей. Кажа, што людзі з інваліднасьцю часта скардзяцца, наракаюць на тое, што баліць, таму дзяўчына іх пазьбягае.
Аксана ў спартзалі
Прызнаецца, што і ў самой хапае боляў. Змагаецца зь імі ў спартзалі.
Хоча працаваць маркетолягам
«Канечне, жыцьцё падзялілася на „да“ і „пасьля“. Каб ня траўма, то ў мяне была б вышэйшая адукацыя, праца, сямʼя. Калі чалавек на нагах, гэта зусім па-іншаму», — кажа Аксана, але і не ўпадае ў роспач.
Яна марыць абнавіць свой вазок, які не мяняла з часоў траўмы. На новы давядзецца аддаць ня менш за 2 тысячы даляраў. Пад яе, худзенькую, трэба замаўляць адмыслова, бо вазок стандартных памераў завялікі.
Аксана любіць ствараць прыгажосьць, працаваць з касмэтыкай і парфумай
Калі зьявіцца новы вазок і машына, дзяўчына плянуе шукаць працу. Яна ўмее рабіць макіяж, пасьля курсаў «Інклюзіўнага барысты» навучылася варыць каву. Любіць працаваць з касмэтыкай, парфумай, думае пра працу маркетоляга.
І ня кідае думкі абсьледавацца за мяжой, каб, можа, некалі зноў пайсьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзякаваць, любіць, рызыкаваць». Як Юля з інваліднасьцю дапамагае здаровым быць шчасьлівымі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты альбо пры сьмерці, альбо зусім не кажы пра гэта». Як людзі з інваліднасьцю вучацца здымаць кіно ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я хачу жыць...» Як чалавеку з інваліднасьцю выжыць у адным з найбяднейшых раёнаў Беларусі