Ніна Жызьнеўская, маці героя Нябеснай сотні Міхася Жызьнеўскага, памерла 4 траўня 2018-га на 62-м годзе жыцьця. Менш як празь месяц пасьля таго, як пахавалі ейнага мужа, 73-гадовага Міхаіла Жызьнеўскага.
Арыгінал публікацыі за 22 студзеня 2019 году тут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская грэка-каталіцкая царква ўвекавечыла Міхася Жызьнеўскага ў іконе-фрэсцы«Нарэшце!» — так сацыяльныя сеткі ва Ўкраіне адрэагавалі на ўганараваньне званьнем Героя Ўкраіны беларуса Міхася Жызьнеўскага. У 2017 годзе залатую зорку героя атрымалі бацькі — Міхаіл і Ніна Жызьнеўскія — у Кіеве падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
Пятро Парашэнка (зьлева) і бацькі Міхася Жызьнеўскага
Менавіта бацькі набліжалі гэты дзень, неаднаразова зьвяртаючыся да ўкраінскіх уладаў з просьбай ушанаваць свайго сына пасьмяротна найвышэйшай узнагародай Украіны. Такім чынам яны хацелі спыніць хвалю абразаў і абвінавачаньняў у «бандэраўшчыне», якія пасыпаліся ў Беларусі на іхную сям’ю адразу пасьля гібелі Міхася.
На магіле Міхася Жызьнеўскага пад Гомлем (зьлева ад помніка – бацькі Міхася)
«Забілі Локі!»
Міхась Жызьнеўскі стаў адной зь першых ахвяраў сутыкненьняў удзельнікаў Эўрамайдану зь міліцыяй. Гэта адбылося раніцай 22 студзеня 2014 году, калі «Беркут» пайшоў у наступ ва ўрадавым квартале на вуліцы Грушэўскага, разьбіраючы барыкады і затрымліваючы людзей.
Першым застрэлілі ўкраінскага грамадзяніна армянскага паходжаньня Сяргея Нігаяна, другім — Міхася Жызьнеўскага. У той дзень загінулі пяць чалавек, і чацьвёра зь іх — ад агнястрэльных раненьняў у грудзі, шыю і галаву. Раненьні атрымалі каля 200 пратэстоўцаў.
У штабе нацыянальнага супраціву, дзе аказвалі мэдычную дапамогу параненым, нават не адразу ўдалося высьветліць прозьвішча беларуса — актывісты былі разгубленыя з прычыны гібелі замежнага грамадзяніна. Яго ведалі як Аляксея. Часам ён прадстаўляўся як Локі. Казаў, што выбраў гэтае імя са скандынаўскай міталёгіі — так звалі бога хітрасьці і падману, які быў адначасова станоўчым ды адмоўным героем.
Паведамленьне прэсавай службы УНА-УНСО пра гібель Міхася Жызьнеўскага
Міхась Жызьнеўскі браў удзел у акцыі пратэсту зь першых дзён — ён уваходзіў у самаабарону, якая ахоўвала Эўрамайдан. А прыехаў ва Ўкраіну яшчэ ў 2005-м, калі яму было 17 гадоў.
Уцёкі ва Ўкраіну
Як расказвала ягоная маці Ніна Жызьнеўская, кіраўнік рыцарскага клюбу, у якім займаўся Міхась, узяў яго з сабою ў якасьці «жывога шчыта»: нібыта пазычыў грошы на выраб сярэднявечных дасьпехаў, але пазыку не вярнуў і вымушаны быў уцякаць, хаваючыся ва Ўкраіне. Але сам Міхась пераконваў сяброў з УНА-УНСО, што зьехаў зь Беларусі праз палітычны перасьлед.
Міхась Жызьнеўскі на Майдане
Міхась спачатку спрабаваў замацавацца ў Данецку, потым у Крывым Рогу і Кіеве. Урэшце спыніўся ў Белай Царкве, што за 90 кілямэтраў ад украінскай сталіцы. Там працаваў зваршчыкам і мантажнікам вокнаў. Ягоныя сябры сьцьвярджалі, што гэтая праца для Локі была толькі сродкам заробку — ён працягваў цікавіцца гісторыяй, міталёгіяй, вайсковай справай і рыцарскім рухам. Міхась займаўся страйкболам і, дарэчы, менавіта дзякуючы гэтаму захапленьню далучыўся да УНА-УНСО — у гэтай арганізацыі была выдатная страйкбольная каманда.
Пасьля ўцёкаў ва Ўкраіну Міхась Жызьнеўскі не кантактаваў зь сям’ёю на працягу 7 гадоў. Што праўда, у 2014-м плянаваў паездку да бацькоў у Гомель.
Разьвітаньне ў дзень нараджэньня
У дзень нараджэньня, калі Міхасю Жызьнеўскаму павінна было споўніцца 26 гадоў, зь ім разьвітваліся ў Міхайлаўскім саборы Кіева. Пасьля паніхіды, на якую прыйшлі каля 10 тысяч чалавек, труну пад выгукі «Герой» і «Жыве Беларусь!» несьлі па некалькіх вуліцах Кіева, праз майдан Незалежнасьці да барыкадаў на вуліцы Грушэўскага, дзе ён загінуў.
Самы вядомы герой Нябеснай сотні
У часе Рэвалюцыі годнасьці загінулі больш як 100 украінцаў. Усе яны пасьмяротна ўганараваныя званьнем Героя Ўкраіны. За выключэньнем двух замежных грамадзян — беларуса Міхася Жызьнеўскага і грузіна Давіда Кіпіяні. Для ўкраінцаў яны ўсё роўна заставаліся героямі, хоць і бяз зоркі. Абодва сталі рыцарамі ордэна Герояў Нябеснай сотні — узнагарода была заснаваная ў 2014 годзе, ужо пасьля зьмены ўлады ва Ўкраіне.
Помнік героям Нябеснай сотні ў Кіеве
Можна сьцьвярджаць, што Міхась Жызьнеўскі стаў адным з самых вядомых герояў ва Ўкраіне. Яго памятаюць і шануюць.
У 2015 годзе была заснаваная ўкраінска-беларуская літаратурная прэмія памяці Міхася Жызьнеўскага «Воін сьвятла». Яе штогод прысуджаюць украінскаму і беларускаму аўтару за стварэньне вобраза героя, які адстойвае свабоду і справядлівасьць.
Як украінцы ўшаноўваюць памяць Міхася Жызьнеўскага. Фотагалерэя
(каб прагледзець фотагалерэю цалкам, націсьніце на фота)
У 2016 годзе імя Міхася Жызьнеўскага надалі вуліцы, якая дагэтуль насіла імя Германа Цітова, у горадзе Оўручы Жытомірскай вобласьці.
У Кіеве на вуліцы Грушэўскага ёсьць два помнікі беларусу, у тым ліку на месцы ягонай гібелі пасярод праезнай часткі вуліцы Грушэўскага, а таксама памятная дошка на вуліцы Беларускай і іншыя памятныя знакі з партрэтам Міхася.
Помнік Жызьнеўскаму пасярод праезнай часткі вуліцы Грушэўскага
Адкрыцьцё помніка беларусам, якія загінулі за Ўкраіну, 28 сакавіка на Беларускай вуліцы, 22, у Кіеве. Кіеў, 28 сакавіка 2016 году
Шлях да зоркі
Ва Ўкраіне больш як тры гады ішлі дыскусіі, як ушанаваць вышэйшай узнагародай замежных грамадзян, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасьці. У парлямэнт накіроўваліся некалькі варыянтаў адпаведнага законапраекту.
Міхась Жызьнеўскі пасьмяротна ўзнагароджаны ордэнам герояў Нябеснай сотні
І толькі ў красавіку 2017 году Вярхоўная Рада ўхваліла зьмены ў закон «Аб дзяржаўных узнагародах», згодна зь якімі званьне Героя Ўкраіны можа прысвойвацца як выключэньне тым замежным грамадзянам, якія ўжо «ўзнагароджаныя ордэнам Герояў Нябеснай Сотні, а таксама за зьдзяйсьненьне выключнага геройскага ўчынку, зьвязанага з адстойваньнем канстытуцыйных прынцыпаў дэмакратыі, правоў і свабод чалавека падчас Рэвалюцыі годнасьці (лістапад 2013 — люты 2014 году)».
З 2016 году бацькі — Міхаіл ды Ніна Жызьнеўскія — атрымлівалі і пажыцьцёвую пэнсію, прызначаную ўказам прэзыдэнта Пятра Парашэнкі на ўшанаваньне памяці іхнага сына.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка разам з жонкай ускладаюць кветкі да помніка Міхасю Жызьнеўскаму ў Кіеве
Няпросты выбар для Лукашэнкі
Ад пачатку акцыяў пратэсту ва Ўкраіне дзяржаўныя СМІ Беларусі выкарыстоўвалі факт гібелі Міхася Жызьнеўскага ў прапагандысцкіх фільмах, малюючы нэгатыўны вобраз Эўрамайдану. Дый сам Аляксандар Лукашэнка, калі закранаў тэму ўдзелу беларусаў у ваенных дзеяньнях на Данбасе, выказваўся даволі рэзка, хоць і пазьбягаў згадваць імя гамельчука.
Дома ў бацькоў Жызьнеўскага. Партрэты Міхася
«З тымі, хто ваюе, мы разьбяромся, калі яны вернуцца ў краіну. Я ўсіх папярэдзіў, і на заканадаўчым узроўні мы прынялі рашэньне: калі ты пайшоў ваяваць (гэта значыць забіваць) — ня важна, на баку Данбаса ці супраць яго, — мы зь цябе спытаем. Гэта адзінкі, можа, нейкія два дзясяткі чалавек. Адзін на Майдане паваяваў — труп прывезьлі», — заявіў ён у 2015 годзе падчас наведваньня Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне.
Наведваньне мэмарыялу на алеі Герояў Нябеснай сотні ў Кіеве стала пратакольным захадам для ўсіх афіцыйных замежных дэлегацый. Аднак Аляксандар Лукашэнка ў часе сваіх візытаў ва Ўкраіну ніводнага разу сюды не наведваўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сьмерць Міхася Жызьнеўскага зьмяніла лёс яго сям'і. Распавядае сястра