Улады заблякавалі сайты выданьняў «Свободные новости Плюс» і «Витебский курьер»

Сайт выданьня «Витебский курьер»

Працягваецца «зачыстка» недзяржаўных СМІ Беларусі. Сайты «Свободных новостей» і «Витебского курьера» цяпер дасяжныя толькі за мяжой.

Улады заблякавалі сайт газэты «Свободные новости Плюс», паведамляе БАЖ. Яшчэ ў жніўні 2020 году рэдакцыя спыніла выхад сваёй газэты на паперы празь перасьлед, цалкам перайшла ў онлайн.

Цяпер Sn-plus.com зь Беларусі можна чытаць толькі праз VPN. Аднак працягвае працаваць тэлеграм-канал выданьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік сайту Orsha.eu атрымаў тлумачэньні пракуратуры, за што заблякавалі рэсурс

Таксама стала вядома, што пракуратура абмежавала доступ да сайту «Витебского курьера», які нібыта парушыў закон «Аб СМІ».

Сярод такіх дзеяньняў у паведамленьні пракуратуры згадваецца публікацыя «інфармацыі, якая ганіць дзелавую рэпутацыю і дыскрэдытуе дзяржаўныя органы і іх службовых асоб, а таксама іншых забароненых зьвестак, здольных нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». На сайце нібыта знайшлі інфармацыйную прадукцыю, прызнаную судамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадырызацыя Беларусі. Як Лукашэнка спрабуе пераймаць тэрор у Чачні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура заблякавала сайт «Брестской газеты»

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».