Папа Рымскі Францішак памёр у Велікодны панядзелак, 21 красавіка 2025 году, ва ўзросьце 88 гадоў у сваёй рэзыдэнцыі ў ватыканскім доме Санта-Марта, паведамілі ў Ватыкане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля хваробы памёр папа Рымскі Францішак. Што ён казаў у апошнім звароце Urbi et OrbiКаталіцтва ў Беларусі — другая паводле колькасьці вернікаў канфэсія. У краіне 4 дыяцэзіі, у якія ўваходзіць больш 600 парафій, дзейнічае больш за 450 каталіцкіх храмаў. У Менску працуе апостальскі нунцый (амбасадар Ватыкану).
Папа Францішак зьвяртаў увагу на падзеі ў Беларусі, ён прымаў у сябе герархаў і вернікаў зь Беларусі, шанаваў беларускія сьвятыні.
25 жніўня 2015 году пасьля сустрэчы кардынала П’етра Параліна з намесьніцай міністра замежных справаў Беларусі Аленай Купчыной апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведаміла, што папа Францішак асабіста выступаў з хадайніцтвам аб вызваленьні беларускіх палітвязьняў.
Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі і жорсткага здушэньня пратэстаў папа Францішак заклікаў улады Беларусі адмовіцца ад гвалту.
«Я ўважліва сачу за сытуацыяй, якая склалася ў гэтай краіне пасьля выбараў, і заклікаю да дыялёгу, адмовы ад гвалту і павагі да справядлівасьці і законнасьці», — цытавала ягоныя словы 16 жніўня 2020 году прэс-служба Ватыкану.
У пасланьні ў чэрвені 2023 году, якое папа Рымскі Францішак перадаў праз свайго легата — прэфэкта дыкастэрыі ў справах усходніх цэркваў архібіскупа Кляўдыё Гуджэроцьці, пантыфік заклікаў беларусаў да «прымірэньня ўнутры краіны і ва ўзаемаадносінах з суседнімі народамі».
«Папа зьвяртаецца да Беларусі, каб рахманасьць яе жыхароў, іх глыбокая сумленнасьць і працавітасьць, а таксама асаблівая роля мосту паміж Усходам і Захадам, якую яна адыгрывае, натхнялі перадусім на вялізныя намаганьні быць змагаркаю за мір на шляху дыялёгу, справядлівасьці і прымірэньня ўнутры краіны і ва ўзаемаадносінах з суседнімі народамі», — перадаў словы пантыфіка яго пасланьнік.
Таксама Францішак, паводле словаў Гуджэроцьці, папрасіў «міжнародную супольнасьць быць уважлівай да асаблівасьцяў гэтага гераічнага народу, які імкнецца да дабра і спакою».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак заклікаў беларусаў да «прымірэньня ўнутры краіны і з суседнімі народамі»11 студзеня 2023 году папа Францішак правёў некалькі хвілін у малітве за Ўкраіну перад копіяй іконы Маці Божай Жыровіцкай, якую беларускія грэка-католікі ўшаноўваюць як валадарку беларускага народу, таксама згадаўшы Беларусь, пісала выданьне «Vatican news».
Папа Францішак. Рым, 11 студзеня 2022 году
«Ня будзем забываць пра змучаную Ўкраіну, якая заўсёды ў нашых сэрцах; выкажам гэтаму народу, які перажывае жорсткія пакуты, нашу любоў, нашу блізкасьць і нашу малітву. А зараз я правяду некалькі хвілін у цішыні, молячыся за гэту дарагую краіну і за мір, перад іконай Божай Маці Народу, якая ўшаноўваецца ў Беларусі. Запрашаю вас духоўна далучыцца да маёй малітвы», — сказаў тады папа.
19 верасьня 2024 году падчас агульнай сустрэчы новапрызначаных біскупаў з пантыфікам дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска спытаў у папы Францішка, што трэба зрабіць, каб спыніць вайну паміж Расеяй і Ўкраінай. На гэта пантыфік адказаў:
«Вы ў Беларусі добра ведаеце, што ніколі нельга зачыняць дзьверы для перамоваў, што трэба трымаць іх адкрытымі», бо «толькі будучы гатовымі слухаць і чуць адно аднаго, можна дайсьці да добрага выніку».
Таксама папа Францішак адзначыў, што «ведае Беларусь», прасіў перадаць прывітаньне Аляксандру Лукашэнку.
4 кастрычніка 2024 году дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі сустрэўся з папам Рымскім Францішкам у Ватыкане, і пантыфік тады, паводле яго, перадаў «дабраслаўленьне для ўсёй Беларусі».
Паводле біскупа Аляксандра Яшэўскага, падчас сустрэчы «асноўная ўвага была нададзена наладжваньню дыялёгу зь дзяржаўнымі ўладамі і магчымасьцям ажыцьцяўленьня рэлігійнай дзейнасьці» ў Беларусі.
Падчас сустрэчы папа Францішак памаліўся зь біскупам Яшэўскім за Беларусь і яе народ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Рымскі Францішак перадаў благаславеньне Беларусі25 сакавіка 2025 году папа Францішак прызначыў новага апостальскага нунцыя ў Беларусі — ім стаў Іньяцыё Чэфалья з Палерма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, хто стаў апостальскім нунцыем у Беларусі