Алесю Пушкіну было 57 гадоў. Свабода сабрала ўспаміны пра яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго рэанімавалі, але сэрца зноў спынілася». Што напісана ў дакумэнтах аб сьмерці Алеся Пушкіна«Памёр „у рэанімацыі пад канвоем“»
Андрэй Хадановіч, паэт.
«„Пры нявысьветленых абставінах“ памёр палітзьняволены мастак Алесь Пушкін. У горадзенскай турме, як пішуць, „у рэанімацыі пад канвоем“. Мастак, які вярнуўся ў Беларусь з Кіева, добра ведаючы, што яго арыштуюць. Асуджаны на пяць гадоў калёніі строгага рэжыму, нібыта „за рэабілітацыю нацызму“ — насамрэч за партрэт антысавецкага партызана. Прысуд сьведчыць пра слушнасьць афарызму: новыя фашысты (я пра рэжым) будуць называць сябе антыфашыстамі. А лукашэнкаўскія турмы — месца, дзе ня толькі катуюць, але і забіваюць. „Пры нявысьветленых абставінах“... Сьветлая памяць!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым Лукашэнкі баіцца свабоднага мастацтва, свабоднага слова». «Хросная» палітвязьня Алеся Пушкіна — пра ягоную сьмерць«Патрыёт, які любіў сваю краіну больш за жыцьцё»
Натальля Радзіна, галоўны рэдактар сайту «Хартыя-97».
«Забіты адзін з найлепшых і сьветлых мастакоў Беларусі, які пісаў абразы і расьпісваў храмы. Забіты адзін з самых сьмелых мастакоў, які адкрыта выступаў супраць дыктатуры зь першых дзён яе існаваньня. Забіты сапраўдны патрыёт, які любіў сваю краіну больш за жыцьцё».
Пэрфоманс Алеся Пушкіна ў Віцебску, 1 красавіка 2019
«У беларусаў ёсьць свой Пушкін»
Алесь Аркуш, літаратар.
«Алесь Пушкін як мог падтрымліваў розныя беларускія культурніцкія ініцыятывы. Падтрымліваў і нас — Таварыства Вольных Літаратараў. Калі жыў у Віцебску і меў там сваю галерэю, запрашаў тэвээлаўцаў для ўдзелу ў розных літаратурна-мастацкіх імпрэзах. Удзельнічалі мы і ў яго „Арт-прагнозах“, напрыклад, у 1996 годзе.
У 1994 годзе Алесь прыехаў на першую літаратурную тэвээлаўскую канфэрэнцыю са сваёй карцінай, на якой адлюстраваў партрэты тэвээлаўцаў. Дасылаў мне свае малюнкі, якія мы выкарыстоўвалі ў якасьці ілюстрацый у часопісе „Калосьсе“. Намаляваў партрэт Юрыя Гуменюка. Менавіта Пушкін зрабіў эскіз знака ТВЛ, які мы выбілі на камені. У 2020 годзе полацкія грамадзкія актывісты запрасілі Алеся Пушкіна прачытаць лекцыю. Ён прыехаў з партрэтам Вацлава Ластоўскага, які быў апраўлены калючым дротам. Па заканчэньні лекцыі Пушкін папрасіў мяне зрабіць экскурсію да дуба Власта. І мы ўсе разам, з партрэтам Ластоўскага, прайшліся па Полацку. Гэта была наша апошняя сустрэча.
Сьветлая памяць! У Полацку абавязкова ўшануем яго імя! У беларусаў ёсьць свой Пушкін».
«Волат зь дзіцячаю душою»
Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай рады культуры.
«Для мяне Алесь Пушкін — прыклад нескаронасьці і прынцыповасьці. Мужны, сьмелы і цалкам адданы беларускай справе. Волат зь дзіцячаю душою. Ён глядзеў на сьвет шчырымі і наіўнымі вачыма хлопчыка, выяўленага ім самім на вокладцы супольнага музычнага праекту «Я нарадзіўся тут». І я ўпэўнены, што да апошняй хвіліны ён верыў у тое, што дабро пераможа і Беларусь стане вольнай. Так яно, зрэшты, і будзе. І ў гэтым будзе і Алесева заслуга»..
Алесь Пушкін у залі суду, сакавік 2022.
«Гуляючы і дзёрзка прайшоў свой шлях у гісторыю»
Уладзімер Шчэрбань, тэатральны рэжысэр.
«„Я думала, ён ніколі не памрэ...“ — напісала мне ўчора знаёмая зь Віцебску, калі стала вядома пра гібель унікальнага беларускага мастака Алеся Пушкіна. І я так думаў, а зараз зусім у гэтым упэўнены. Другі дзень мая стужка напоўнена карцінамі і партрэтамі Алеся, нібыта пераклічка тысячы сэрцаў.
Учора доўга ня мог заснуць, усё ўспамінаў той цёплы, летні вечар у Віцебску, калі я пазнаёміўся з Алесем. Мне было гадоў дзевятнаццаць, я гасьцяваў у аднакурсьніка, на кухні якога і адбылася сустрэча. Было шмат сьмеху, віна і, вядома ж, размоў пра мясцовых знакамітасьцяў — Пэна, Шагала, Малевіча. Нібы яны ўсе былі старыя прыяцелі і вось-вось зазірнуць да нас на агеньчык. Так у тым воблаку памяці зь вечнага юнацтва ў мяне і захаваўся Алесь, на невялікай кухні за адным сталом зь вядомымі ўсяму сьвету мясцовымі мастакамі.
Учора было шмат горычы ад несправядлівасьці здарэньня, а сёньня — гонар за мастака, які гуляючы і дзёрзка прайшоў свой шлях у гісторыю. Сьветлая памяць».
«Беларусь будзе пра яго памятаць вечна»
Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР.
«Зь вялікім смуткам даведалася пра гэтую вялікую страту для ўсіх нас, для Беларусі. Пра Алеся я даведалася яшчэ задоўга да таго, як пазнаёмілася, а менавіта ў 1989 годзе, калі ён правёў пэрформанс у гонар гадавіны незалежнасьці БНР. Мы на чужыне штогод адзначалі 25 сакавіка, гэтае сьвята было са мной з маленства, а ў тагачаснай БССР гэта было пад забаронай. А многія пра яго і ня ведалі. І якраз Алесь Пушкін голасна нагадаў людзям у Беларусі пра гэтую дату.
Мне было вельмі прыемна ўручыць яму ўзнагароду Рады БНР, мэдаль „БНР-100“. Такая асоба, як Алесь, вартая самых высокіх узнагародаў. Ён жыў для Беларусі, і Беларусь будзе пра яго памятаць вечна».
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ўручае мэдаль "100 гадоў БНР" Алесю Пушкіну. Вільня, лістапад 2019. Фота Паўла Марыніча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алеся Пушкіна пахаваюць 13 ліпеня на радзіме мастака ў вёсцы БобрАлесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 году ў вёсцы Бобр Крупскага раёну Менскай вобласьці, дзе і жыў да арышту ў 2021 годзе.
У 1978 годзе Алесь паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка. Вучыўся ў мастака Пятра Шарыпы да 1983 году, затым паступіў на курс манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).
У 1984 годзе Алесь Пушкін трапіў у Савецкую Армію, служыў у Афганістане. У войску вёў дзёньнік на беларускай мове. Дзёньнік Пушкіна прызналі антысавецкім. У 1986 годзе Алесь дэмабілізаваўся і працягнуў вучобу.
Пушкін — рэдкі ў Беларусі сэртыфікаваны спэцыяліст з рэстаўрацыі. Ён аднаўляў і расьпісваў шмат гістарычных аб’ектаў, касьцёлаў і цэркваў.
Алесь Пушкін быў жанаты. У яго засталася жонка Яніна, сын і дачка. Яніна працуе настаўніцай у школе, сын паступіў ва ўнівэрсытэт, дачка вучыцца ў школе.