Лукашэнка павіншаваў зь пераабраньнем прэзыдэнта Зымбабвэ, назваўшы гэта «народнай справядлівасьцю»

Аляксандар Лукашэнка і Эмэрсан Мнангагва пасьля перамоваў у сталіцы Зымбабвэ, Харарэ, студзень 2023

Раней выбарчая камісія Зымбабвэ паведаміла што прэзыдэнт краіны Эмэрсан Мнангагва абраны на другі тэрмін з 52,6% галасоў.

Апазыцыя заяўляе, што адбылася маштабная фальсыфікацыя, а міжнародныя назіральнікі заявілі, што галасаваньне не адпавядала дэмакратычным стандартам. Лукашэнка ў сваім віншаваньні заявіў, што выбарчая кампанія «чарговы раз прадэманстравала перамогу ў Зымбабвэ народнай справядлівасьці».

Мнангагва, як за жорсткасьць атрымаў мянушку «Кракадзіл», — трэці прэзыдэнт Зымбабвэ. У 2017 годзе ён атрымаў уладу пасьля дзяржаўнага перавароту супраць Робэрта Мугабэ, які да таго быў ва ўладзе 37 гадоў.

Летась у Зымбабвэ адкрылі амбасаду Беларусі, а сёлета ў студзені Лукашэнка наведаў гэтую краіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зымбабвійская прэса: асноўнай мэтай візыту Лукашэнкі было «белае золата» — літый

Зымбабвэ ўваходзіць у групу краін, якія рэгулярна салідарызуюцца з афіцыйным Менскам на міжнародных пляцоўках. Адносіны з краінай курыруе былы кіраўнік спраў і даўні паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман. Афіцыйна пра яго пасаду не паведамлялася, аднак СМІ называюць яго «адмысловым прадстаўніком» Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску тапталі ўкраінскія шаўроны. Расказваем пра мерапрыемства Мінабароны