Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА) падвяла вынікі другога конкурсу Free Belarus Business Award. Назвалі пераможцаў у пяці намінацыях.
Конкурс «Бізнэс вольнай Беларусі» фінансуе Эўразьвяз. Сфэры бізнэсу беларусаў за мяжой самыя розныя: будаўніцтва, мэдыцына, лягістыка, навучаньне, інавацыйныя тэхналёгіі, бясьпека, гандаль, клюбы, кавярні.
Агульны прызавы фонд конкурсу складае 25 тысяч эўра. Кожная кампанія-пераможца атрымлівае па 5 тысяч эўра на далейшае разьвіцьцё бізнэсу.
Мэтай конкурсу ёсьць адзначэньне дасягненьняў бізнэсу, заахвочваньне людзей, якія знаходзяць спосабы адаптавацца і весьці свой бізнэс па-за межамі краіны, умацоўваючы свае пазыцыі на замежным рынку і ствараючы спрыяльныя ўмовы працы для сваіх супрацоўнікаў.
Віцэ-прэзыдэнтка АВВА Марына Гірын адзначыла, што беларусы ствараюць пазытыўны імідж свайго бізнэсу за мяжой.
Марына Гірын, віцэ-прэзыдэнтка АВВА
«Гэты конкурс дае веру і надзею ў лепшае. У вас няма дому, але вы працуеце, ствараеце. Вы ўсе пераможцы, вы зрабілі выклік. Я вельмі ганаруся ўсімі вамі», — кажа Марына Гірын.
Міжнароднае журы абрала пераможцаў у 5 намінацыях.
Праца зь дзецьмі зь інваліднасьцю
У намінацыі «Некамэрцыйная арганізацыя году» ў фінал выйшлі чатыры прэтэндэнты з розных галінаў. Пераможцам стала Fundacja Klub Sportovy POGON.
Як распавялі заснавальнікі клюбу Аляксандар Кушнер і Крысьціна Станкевіч, асноўная мэтавая аўдыторыя спартовага клюбу — дзеці з рознымі відамі інваліднасьці ва ўзросьце ад 6 да 13 гадоў, якія займаюцца футболам. Гэтым каманда займалася і ў Беларусі, цяпер працуе яна ў Польшчы.
У цэнтры — Крысьціна Станкевіч і Аляксандар Кушнер, пераможцы намінацыі «Некамэрцыйная арганізацыя году»
«Самая каштоўная і кранальная перамога была, калі нашы выканаўцы з асаблівасьцямі разьвіцьця перамаглі ў футбольным матчы звычайных дзетак», — прызнаецца Крысьціна Станкевіч.
Заснавальнікі Fundacja Klub Sportovy POGON вераць, што свае веды і сілы яшчэ выкарыстаюць пры аднаўленьні Беларусі.
Псыхічнае і фізычнае здароўе
У намінацыі «Сацыяльнае прадпрыемства году» ў фінал таксама выйшлі чатыры прэтэндэнты. Перамагла кампанія Promartialarts (Professional Martial Arts and Wellness Techniques Online).
Справа — Максім Арцішэўскі, пераможца ў намінацыі «Сацыяльнае прадпрыемства году»
Асноўная місія — выкарыстаньне сучасных і традыцыйных мэтадаў захаваньня і ўмацаваньня здароўя: цела і духа, аздараўленьне і гармонія. То бок, кампанія дбае ня толькі пра фізычнае здароўе сваіх кліентаў, але і пра псыхічнае здароўе, эмацыйны фон, зьніжэньне ўзроўню стрэсу.
Кіраўнік кампаніі Максім Арцішэўскі распавёў, што яны запрасілі лепшых трэнэраў па кікбоксінгу з усяго сьвету, у тым ліку зь Фінляндыі і Кітаю.
Камфортнае і эстэтычнае жыцьцё
У намінацыі «Брэнд году» перамагла кампанія «Comfort Zone», якая займаецца тэкстыльным афармленьнем інтэр’ераў: пашывам штораў, абрусаў, сталовай і пасьцельнай бялізны, усё выконваецца па індывідуальных замовах.
Кіраўніца кампаніі Алена Бачыла запэўніла, што яны выкарыстоўваюць калекцыю тканінаў ад лепшых эўрапейскіх вытворцаў, самыя сучасныя тэхналёгіі, маюць уласны швейны цэх.
У цэнтры — пераможцы намінацыі «Брэнд году»
«Мы хочам зрабіць жыцьцё нашых кліентаў больш камфортным і эстэтычным. Мы даем ім магчымасьць адчуць сваю ўнікальнасьць, індывідуальнасьць, атрымаць асалоду ад адзіных і непаўторных рэчаў», — кажа Алена Бачыла.
Бясьпека найперш за ўсё
У намінацыі «Інавацыйны бізнэс году» перамагла кампанія «Banalitycs», якая займаецца праблемамі бясьпекі: распрацоўкай сыстэм відэаназіраньня, праграмнага забесьпячэньня для іх.
Пераможцы намінацыі «Інавацыйны бізнэс году»
«Мы — беларусы, таму задумаліся пра пэўныя нашы асаблівасьці: можна назіраць за домам, які вы пакінулі ў Беларусі праз тэлефон. Мы думалі і пра хатні гвалт, і можна дасылаць інфармацыю з тэлефону на аддаленую прыладу, можна маніторыць і саму камэру — калі яна адключылася ці зламалася», — кажуць заснавальнікі кампаніі «Banalitycs».
«Найлепшым бізнэсам году» стала кампанія па выдаленьні тату
У намінацыі «Найлепшы бізнэс году» перамагла кампанія Lasera Plus, якая вырабляе сучаснае абсталяваньне для працэдураў лазэрнай эпіляцыі, выдаленьня татуіровак і пэрманэнтнага макіяжу. Падчас цырымоніі ўзнагароджаньня калегі пажартавалі, што кампаніі Lasera Plus неабходна тэрмінова знайсьці для супрацы студыі татуіроўкі і працаваць зь імі ў тандэме.
У цэнтры — Раман Раман Цімафееў і Раман Берасьцень, «Найлепшы бізнэс году»
Заснавальнікі кампаніі Раман Цімафееў і Раман Берасьцень паведамілі, што яны задумваюцца пра тое, каб адкрыць у Польшчы паліцэальную школу (навучальную ўстанову для дарослых), каб рыхтаваць адмыслоўцаў па такой запатрабаванай спэцыяльнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя першыя пераможцы конкурсу «Бізнэс вольнай Беларусі». Расказваем, хто перамог і што атрымае