Лукашэнка ўзнагародзіў сваю нявестку. Яна аўтарка гімну Генэральнай пракуратуры

Ганна Сялук на «Песьні году Беларусі», 2023

Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі «За духоўнае адраджэньне» і адмысловыя прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба.

Адной з узнагароджаных адмысловай прэміяй стала «Паэтка-песеньнік Ганна Сяргееўна Лукашэнка (псэўданім Ганна Сялук)».

Прэмію яна атрымала за «вялікі асабісты ўклад у разьвіцьцё сучаснага музычнага мастацтва, рэалізацыю сацыяльна значных культурных ініцыятыў».

Ганна Сялук (Лукашэнка), як нагадвае «Люстэрка», — жонка сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітрыя. Мяркуючы з рэестру інтэлектуальнай уласнасьці, нявестка Лукашэнкі за няпоўныя тры гады стварыла 106 песень, сярод якіх «Ах, Аляксандар», «Бульба-данс» і гімн Генэральнай пракуратуры.

Сёлета 8 сакавіка ў менскім Палацы спорту прайшоў гала-канцэрт «Песьня году Беларусі». Сярод пераможцаў у 12 намінацыях быў названы «Найлепшы аўтар тэкстаў», ім стала Ганна Сялук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як датычнасьць да сям’і Лукашэнкі дазваляе зарабляць грошы менскім рэстаратарам. Новы матэрыял Беларускага расьсьледніцкага цэнтру
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атачэньне Лукашэнкі таемна здабывае золата ў Афрыцы». Як журналісты раскрылі бізнэс-схемы