Сьцісла:
- Лукашэнка ўсё часьцей наракае на тое, што высокія ўрадавыя чыноўнікі мэтанакіравана ўводзяць яго ў зман, утойваюць аб’ектыўную інфармацыю, прыхарошваюць рэальны стан эканомікі.
- Маральныя прынцыпы ва ўсім дзяржаўным апараце даўно размытыя, арыентыры няпэўныя, крытэры вагаюцца разам з палітычнымі ўстаноўкамі. Калі за маштабныя прыпіскі і маніпуляцыі на выбарах хваляць і ўзнагароджваюць, то чаму такія ж прыпіскі і маніпуляцыі немагчымыя ў іншых сфэрах дзяржкіраваньня?
- Ілюзорная выдуманая прапагандай карціна суцэльных посьпехаў і дасягненьняў зручная аўтарытарнаму валадару, каб трымаць у няведаньні і паслушэнстве грамадзтва і цешыць уласнае самалюбства. Аднак абсалютна не прыстасаваная для таго, каб прымаць узважаныя кіраўніцкія рашэньні і пасьпяхова разьвіваць эканоміку.
- Каб атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю, Лукашэнка вымушаны карыстацца тымі ж спосабамі, што і савецкая партыйная намэнклятура — абапірацца на зьвесткі спэцслужбаў, зьбіраць справаздачы «не для друку» і карыстацца інфармацыяй незалежных СМІ, дзейнасьць якіх сам жа забараніў у Беларусі.
Лукашэнка даўно падазрае, што падначаленыя не гавораць яму ўсёй праўды, утойваюць аб’ектыўную інфармацыю, а то і адкрыта хлусяць. Адсюль — усё больш частыя просьбы, папрокі, угаворы і патрабаваньні да чыноўнікаў гаварыць пра сытуацыю ў краіне ўсё як ёсьць, не прыхарошваць і не хаваць непрыемных лічбаў і фактаў. Чаму ж угаворы і папрокі ня дзейнічаюць?
Многіх уразіла, як, прызначаючы на пачатку студзеня новага міністра эканомікі Юрыя Чабатара, Лукашэнка прасіў і патрабаваў ад яго не хлусіць:
«У аснове вашай працы павінна ляжаць выключна праўда. Ніякага прыхарошваньня. Рана ці позна я гэта заўважу. У мяне дастаткова для гэтага рычагоў. Таму ні ў якім разе не хлусіць. Усё як ёсьць. Таму што калі вы, мякка кажучы, недакладную інфармацыю будзеце падаваць мне, значыць, будуць няправільныя кіраўнічыя рашэньні».
Юры Чабатар, міністар эканомікі Беларусі і прэм'ер Раман Галоўчанка
Збоку гэта выглядае даволі дзіўна. Адбываецца прызначэньне на адну з высокіх пасадаў у дзяржаве. Апрыёры павінна мецца на ўвазе, што кандыдатам у міністры ня можа быць асоба з сумнеўнай рэпутацыяй альбо непераборлівая ў маральным пляне ці схільная да хлусьні. І тут нібыта прыстойнаму чалавеку кіраўнік дзяржавы нагадвае пра тое, чаму мама і тата звычайна вучаць малое дзіця ў 3-гадовым узросьце. Тлумачэньне тут можа быць толькі адно: само гэта нагадваньне паказвае, што такая зьява ў сыстэме дзяржкіраваньня сёньняшняй Беларусі стала чымсьці звыклым і будзённым, што гэта — стыль працы ўсёй уладнай «вэртыкалі». Пацьверджаньняў, што гэта сапраўды так — нямала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне будуць дэманізаваць, як Сталіна і Леніна». Лукашэнка загадзя прадказаў, як яго ацэняць нашчадкі«Гледзячы ў крывое люстэрка»
Пра сапраўдныя маштабы таго, наколькі ўрад хавае ад Лукашэнкі праўдзівую інфармацыю, ён сам расказаў 20 кастрычніка 2023 года, падчас нарады з урадам:
«Не заўсёды, прыняўшы рашэньне, мы яго рэалізуем. Рэалізуем несвоечасова — гэта ўжо норма. Але мяне больш за ўсё апошнім часам (я ўжо пра гэта недзе гаварыў) хвалюе тое, што наш урад, замест таго, каб канкрэтнай справай займацца, пачынае хлусіць і дэзынфармаваць прэзыдэнта. Дзеля таго, каб паказаць сябе ў лепшым сьвятле... Я не хачу публічна прыводзіць прыклады, але ў закрытым рэжыме я прывяду вам прыклад, які красамоўна сьведчыць аб тым, што хлусьня ў нас ня зжытая. І зьдзіўляцца таму, што ў нас у Гомельскай вобласьці падзеж быдла (прыпісваюць там недзе), у Віцебскай вобласьці, Магілёўскай, ды і ўвогуле па краіне... Што тут зьдзіўляцца, калі гэта ідзе ад міністраў нашых, ад нашых губэрнатараў. Гэта недапушчальна... Я не кажу, што гэта традыцыя. Але я баюся, каб гэта ня стала ў Беларусі традыцыяй, хлусьня. Гледзячы ў крывое люстэрка, мы краіну не ўтрымаем. І новых імпульсаў ёй не нададзім, якіх бы стратэгічных у нас плянаў ні існавала».
Лукашэнка на цырымоніі падпісаньня рашэньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму, 2022
Таксама вельмі эмацыйна Лукашэнка патрабаваў ад сваіх падначаленых сумленных зьвестак і праўдзівай інфармацыі пра рэальны стан рэчаў у сельскай гаспадарцы летась у жніўні, падчас сэлектарнай нарады ў пытаньнях жніва:
«Зноў жа адвечная хвароба аграрыяў — прыпіскі. Па рэспубліцы пракуратура ўстанавіла 185 такіх выпадкаў, калі тэхніка была гатовая да работы толькі на паперы. Вось гэтага дараваць ніколі нельга! Такія гора-кіраўнікі нас завядуць чорт ведае куды. 33 зернесушыльныя комплексы таксама былі не гатовыя... Ня ведаю, навошта гэтае ашуканства і каго вы спрабуеце падмануць? Замест таго, каб зьвярнуцца па дапамогу, спрабуеце схаваць праблему. А ў выніку будзе несабраны ўраджай і страты для ўсёй дзяржавы».
Складана паверыць у тое, што Лукашэнка ня ведае, дзеля чаго патрэбна такое ашуканства. Гэта даўно вядома і яму, і кожнаму чыноўніку: за пераможныя рэляцыі, пасьпяховыя справаздачы і высокія дасягненьні чакаюць высокія пасады, ордэны ды іншыя ўзнагароды. А адважысься гаварыць у вочы начальству непрыемную праўду, дык сам найперш і пацярпіш. Яшчэ і пасаду можаш страціць. Зразумела, рана ці позна могуць злавіць на хлусьні (прыпісках, недакладных справаздачах). Але хіба за гэта ў сёньняшняй Беларусі строга караюць? Так, трохі паўшчуваюць. Бо чыноўнік жа — свой чалавек, хацеў як лепей, імкнуўся не засмуціць начальніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запалохваюць іншых і ўсё больш баяцца самі. Чаму ўлады пашыраюць палітычныя рэпрэсііАдна вялікая дэкарацыя
Маральныя прынцыпы ва ўсім цяперашнім дзяржаўным апараце даўно размытыя, арыентыры няпэўныя, крытэры вагаюцца разам з палітычнымі ўстаноўкамі. Калі за маштабныя прыпіскі і маніпуляцыі на выбарах хваляць і ўзнагароджваюць, то чаму такія ж прыпіскі і маніпуляцыі немагчымыя ў іншых сфэрах? Дзіўна было б спадзявацца, што, калі ўся сыстэма ператвораная ў адну вялікую дэкарацыю (нібыта «парлямэнт», нібыта «выбары», нібыта «СМІ»), то застануцца нейкія яе элемэнты, створаныя на прынцыпах праўды, аб’ектыўнасьці і бесстароннасьці.
Савецкая сыстэма, якую Лукашэнка добра памятае, была выбудаваная дакладна паводле такіх жа прынцыпаў. Зьнішчыўшы незалежную прэсу, пасадзіўшы ў турму ці выціснуўшы за мяжу апазыцыю, забараніўшы доступ да незалежных крыніц інфармацыі, рэжым шпаркімі тэмпамі вяртае грамадзтва ў тую рэчаіснасьць, дзе свабодна і беспакарана можна пісаць і гаварыць толькі адно. Прыблізна такое:
Наша Родина прекрасна
И цветет как маков цвет.
Окромя явлений счастья
Никаких явлений нет.
У гэтым дасланым калісьці ў 80-я гады ў савецкую газэту вершаваным творы невядомага аўтара — квінтэсэнцыя таго, што дазволена было ведаць савецкім грамадзянам пра тую рэчаіснасьць, у якой яны жылі.
Чарга ў Маскве, 1988
Ілюзорная, выдуманая прапагандай карціна суцэльных посьпехаў і дасягненьняў зручная аўтарытарнаму валадару, каб трымаць у няведаньні і паслушэнстве грамадзтва і цешыць уласнае самалюбства. Аднак абсалютна не прыстасаваная для таго, каб прымаць слушныя кіраўніцкія рашэньні і пасьпяхова разьвіваць эканоміку. Лукашэнка далёка ня першы, хто гэта заўважыў і ад гэтага пацярпеў. Напрыклад, у СССР ад гэтага цярпелі пастаянна. Ня раз здаралася: Масква, супакоеная і бадзёрымі аптымістычнымі рапартамі зь месцаў пра нібыта высокую вытворчасьць мяса (ці малака, ці збожжа) шчодрым жэстам накіроўвала вялікую частку рэсурсаў «братэрскім краінам» з Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. А потым з жахам выяўляла, што ўласнае насельніцтва карміць няма чым, бо высокія валавыя паказчыкі існавалі толькі на паперы, а ў рэальнасьці ў сховішчах няма і паловы таго, вытворчасьцю чаго хваліліся, за што атрымалі ордэны, званьні і дзяржаўныя прэміі.
Леанід Брэжнеў у Ташкенце, 1982
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неймаверная балбатня пра посьпехі і перамогі». Час, калі Лукашэнка паўтарае памылкі позьняга БрэжневаШараф Рашыдаў і «баваўняная справа»
Непераўзыдзеным майстрам маштабных прыпісак, маніпуляцый зь лічбамі і містыфікацый у позьнім СССР не без падстаў лічыўся Шараф Рашыдаў — незьмяняльны лідэр савецкага Узбэкістану, які ўзначальваў гэтую «баваўняную рэспубліку» на працягу 22 гадоў — у 1960-80-я гады. У 1976 годзе Рашыдаў даў урачыстае абяцаньне Брэжневу, што Ўзбэкістан штогод будзе пастаўляць рэкордныя 6 мільёнаў тон бавоўны. Абяцаньне было невыканальным: рэальных рэсурсаў для такіх аб’ёмаў не было. Але Маскве гэтага дужа хацелася: лічылася, што ў такім выпадку ўдасца абысьціся бязь імпарту баваўнянай сыравіны. А яна была вельмі патрэбна ня толькі для тэкстыльных фабрык, але і для вайсковай прамысловасьці як сыравіна для вырабу бяздымнага пораху, які прымяняецца ў ракетабудаваньні. Выканаць нерэальныя пляны можна было толькі на паперы: праз прыпіскі, двайную бухгальтэрыю, шматузроўневую піраміду хлусьні, крадзяжу і хабарніцтва.
Помнік Рашыдаву ва Ўзбэкістане
Брэжневу вельмі падабаліся паслухмянасьць, гігантаманія Рашыдава і ягоныя пераможныя справаздачы. На ўзбэцкага лідэра сыпаўся залаты дождж узнагарод за нібыта «нечуваныя дасягненьні». Дзьве залатыя Зоркі Героя Сацпрацы, дзесяць ордэнаў Леніна (найвышэйшых у СССР), Ленінская прэмія... Падлічана, што за пяць гадоў (з 1979-га па 1985-ы) ва Ўзбэкістане прыпісалі 5 мільёнаў тон бавоўны, за якую атрымалі ад Масквы больш за 3 мільярды рублёў (прычым палова гэтай сумы была скрадзеная).
Юрый Андропаў, які прыйшоў да ўлады ў СССР пасьля сьмерці ў 1982 годзе Леаніда Брэжнева і які яшчэ на пасадзе кіраўніка КДБ ведаў пра маштаб прыпісак і хлусьлівых справаздач, на пачатку 1983-га даў загад жорстка расьсьледаваць «баваўняную справу». Ва Ўзбэкістан была выслана група дасьведчаных сьледчых з цэнтру. Вынік: 790 крымінальных спраў, 4,5 тысячы чалавек прыцягнуты да суду, тоны сканфіскаванага ў арыштаваных чыноўнікаў золата, дзясяткі мільёнаў рублёў гатоўкай, некалькі самагубстваў...
Сам Рашыдаў гэтага ўжо ня ўбачыў: ён раптоўна памёр у кастрычніку 1983-га ў 65-гадовым узросьце, знаходзячыся ў службовай паездцы па рэспубліцы. Пахавалі яго зь вялікай пашанай, у самым цэнтры Ташкента, насупраць музэя Леніна. Плянавалася, што ў будучыні магіла стане цэнтрам мэмарыяльнага комплексу. Але тут раптоўна пачалося расьсьледаваньне «баваўнянай справы» і выявілася, што не такі ўжо Рашыдаў і герой. Летам 1984-га ў Ташкент прыбыла дэлегацыя ЦК КПСС на чале зь Лігачовым — выбіраць новага партыйнага лідэра Ўзбэкістану. Адчуўшы, які вецер дзьме з Масквы, усе выступоўцы на пленуме, якія яшчэ нядаўна кляліся ў вернасьці Рашыдаву, як адзін выкрывалі яго як дэспата, карупцыянэра, нецярпімага да чужой думкі, стваральніка атмасфэры рабалепства, кумаўства і прыпісак. У выніку замест таго, каб узводзіць мэмарыял, пленум пастанавіў цела Рашыдава з ганаровага месца ў цэнтры Ташкента эксгумаваць і перапахаваць на могілках. Так і зрабілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мудры патрыярх, якому дазволена больш, чым астатнім». Які вобраз спрабуе стварыць Лукашэнка сваім дрэс-кодамПраўда — толькі «для службовага карыстаньня»
Не дапускаючы праўдзівага інфармаваньня ўласнага грамадзтва, кіроўная партыйная кляса ў СССР усё ж мела патрэбу ў аб’ектыўнай інфармацыі: бяз гэтага сыстэма кіраваньня была сьляпая і глухая і не магла прымаць хоць колькі-небудзь адэкватных рэальнай сытуацыі рашэньняў. Адзіным магчымым выйсьцем стала паралельная параўнальна аб’ектыўная сыстэма інфармаваньня высокапастаўленых службовых асобаў. Ня толькі спэцслужбы, але і многія іншыя ведамствы (упраўленьні дзяржаўнай статыстыкі, інфармацыйныя агенцтвы, многія міністэрствы) распаўсюджвалі больш-менш дакладную інфармацыю пад грыфамі «для службовага карыстаньня», «сакрэтна», «не падлягае публікацыі», «не для друку», «асабіста». Гэтыя паведамленьні развозілі ў адпаведнасьці з адмысловым сьпісам адрасатаў спэцыяльныя кур’еры — пад асабісты росьпіс, для азнаямленьня высокіх начальнікаў. Прычым размова ішла зусім не пра нейкія вайсковыя стратэгічныя таямніцы ці дзяржаўныя сакрэты, а менавіта пра тое, што датычыла штодзённага жыцьця і побыту людзей. Напрыклад, пра тое, што ў краіне здарыўся чарговы неўраджай і ў шэрагу рэгіёнаў узьніклі перабоі з самым неабходным — хлебам, малаком, мясам. Альбо што недзе ў вялізнай чарзе па каўбасу ці гарэлку адбылася масавая бойка і ёсьць пацярпелыя (а здаралася, і забітыя). Ці пра масавае незадавальненьне ў нейкай мясцовасьці вернікаў, у якіх адабралі і закрылі царкву. Прачытаць пра нешта падобнае ў савецкіх газэтах было немагчыма: калі б нехта і адважыўся надрукаваць, тут жа палічылі б «антысаветчынай», а аўтар пайшоў бы пад суд паводле артыкулу «аб антысавецкай агітацыі і прапагандзе». А па так званых «закрытых каналах» падобная інфармацыя праходзіла і партыйныя бонзы былі больш-менш у курсе, што сапраўды адбывалася ў краіне.
Чарга па цыгарэты ў Маскве, 1990
Цікава, што, шукаючы крыніцы альтэрнатыўнай аб’ектыўнай інфармацыі, улады ў СССР і ў іншых краінах «сацыялістычнага лягеру» ў 60-70-я гады праявілі вялікі інтарэс да зьместу перадач Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, а таксама іншых заходніх радыёстанцый, якія ў пасьляваенныя дзесяцігодзьдзі вялі актыўнае вяшчаньне на Савецкі Саюз і краіны Ўсходняй Эўропы. У спэцслужбах былі створаныя адмысловыя аддзелы дзеля «радыёперахопу» (праслухоўваньня і запісу радыёперадач) з наступным выкладаньнем на паперы найбольш цікавай і важнай для савецкіх уладаў інфармацыі, якую немагчыма было атрымаць з уласнай прэсы, перапоўненай прапагандай «дасягненьняў і посьпехаў». Матэрыялы гэтых «радыёперахопаў» потым у выглядзе дакладных запісак і спэцлістоў «для службовага карыстаньня» таксама распаўсюджваліся сярод намэнклятурных кіраўнікоў.
Раздражнёны хлусьнёй падначаленых Лукашэнка змушаны будзе пайсьці падобным жа шляхам. Ён ужо цяпер папярэджвае схільных да лісьлівасьці і ашуканства прыдворных, што ў яго «ёсьць рычагі», каб здабываць праўдзівую інфармацыю. «Рычагі» гэтыя вядомыя — закрытыя зьвесткі спэцслужбаў, Сьледчага камітэту, негалосных кантралёраў. А яшчэ — адмыслова падабраная інфармацыя зь недзяржаўнай і замежнай прэсы, вывуджаная памочнікамі ды кансультантамі з забароненых у Беларусі інтэрнэт-рэсурсаў. І карціну сьвету першай асобы фармуе найперш той, хто падбірае і складае зьмесьціва тэчак і даведак, якія кладуцца потым на стол першай асобы. І ў гэтым выпадку гаварыць пра поўную аб’ектыўнасьць і бесстароннасьць не выпадае. Бо сярод набліжаных да «трона» існуе перапляценьне розных інтарэсаў, інтрыг, суб’ектывізму і ўласных густаў, сымпатый ды антыпатый — як звычайна заведзена ў цесным чыноўніцкім сьвеце.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даўжэй за Сталіна. Яшчэ адзін рэкорд Лукашэнкі