У Беларусі адкрыюць ужо чацьвёртае аддзяленьне Расейскага цэнтру навукі і культуры, які прасоўвае ідэі «русского мира»

Расейскі цэнтар навукі і культуры ў Гомлі, архіўнае фота 2016 году

Расейскае Фэдэральнае агенцтва ў справах СНД, суайчыньнікаў, якія пражываюць за мяжой, і ў міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве адкрывае сваё прадстаўніцтва ў Горадні.

Гэта ўжо чацьвёрты горад у Беларусі, дзе «Россотрудничество» будзе мець свой цэнтар, так званы «Русский дом», паведаміў 31 студзеня на прэс-канфэрэнцыі па выніках працы ў 2023 годзе кіраўнік «Россотрудничества» Яўгеній Прымакоў, піша ТАСС.

«Спадзяюся, што да Дня адзінства народаў Расеі і Беларусі 2 красавіка мы адкрыемся ў Горадні. У нас будзе яшчэ адзін культурны цэнтар. Аддзяленьне нашага РЦНК у Менску там будзе працаваць», — паведаміў ён, адзначыўшы, што ўжо атрыманае дзяржаўнае фінансаваньне на адкрыцьцё цэнтру.

Цяпер у Беларусі ўжо тры «Расейскія дамы» — у Менску, Гомлі і Берасьці. Сярод афіцыйных мэтаў арганізацыі — прасоўваньне расейскай адукацыі, навукі і культуры, умацаваньне пазыцый расейскай мовы, гісторыка-мэмарыяльная дзейнасьць.

Узначальвае «Расейскі дом» Яўген Прымакоў, унук таго самага Прымакова, які кіраваў расейскім урадам у 1998–1999 гадах. Сярод іншага «Расейскі дом» у Беларусі актыўна рэклямуе вышэйшую адукацыю для беларусаў у Расеі, арганізоўвае туры ў Расею для школьнікаў, ладзіць для іх конкурсы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дом Масквы», «Расейскі дом». Лукашэнка зноў заклікаў бараніць расейскую мову. Пералічваем, хто гэтым ужо займаецца ў Беларусі

«Россотрудничество» пазыцыянуе сябе як вядучае расейскае агенцтва, галоўная місія якога — «узмацненьне гуманітарнага ўплыву Расеі ў сьвеце». Арганізацыя прадстаўленая ў 62 краінах сьвету 73 замежнымі прадстаўніцтвамі.

Разам з тым, «Россотрудничество» актыўна займаецца прапагандай палітыкі Крамля і актыўна прасоўвае ў Беларусі афіцыйныя наратывы, зьвязаныя з вайной. У прыватнасьці, яно выступіла партнэрам у арганізацыі фотавыставы аб «злачынствах кіеўскага рэжыму» на мінулым тыдні ў філіяле Расейскага дзяржаўнага сацыяльнага ўнівэрсытэту ў Менску.

«Россотрудничество» знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі Эўразьвязу і іншых краін. Гэтую дзяржаўную структуру расцэньваюць як «галоўны дзяржаўны орган, які праектуе мяккую сілу і гібрыдны ўплыў Крамля, у тым ліку прасоўваньне канцэпцыі «русского мира».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ФОТАФАКТ: Навагодні торт у выглядзе танка — на ранішніку ў Расейскім цэнтры культуры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бастыён «русского мира», дзе працуе «Спутник» і які ўзначальвае генэрал-маёр. Што такое «Дом Масквы» ў Менску