На саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) ухвалілі рашэньне аб далучэньні Беларусі.
З гэтай нагоды прэзыдэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, які старшынюе на саміце вітаў Аляксандра Лукашэнку:
«Ваша краіна за кароткі пэрыяд часу выканала ўсе неабходныя працэдуры на шляху да паўнапраўнага сяброўства ў ШАС. Калі няма пярэчаньняў, прапаную пачаць пасяджэньне з цырымоніі падпісаньня дакумэнтаў аб прыёме рэспублікі Беларусь у склад дзяржаў-чальцоў ШАС», — сказаў Такаеў.
У саміце, які праходзіць у Казахстане, удзельнічае таксама прэзыдэнт Манголіі (краіна мае статус назіральніка ў арганізацыі) і генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш.
Цяпер у склад ШАС уваходзіць 10 краін: Казахстан, Індыя, Іран, Кітай, Кіргістан, Пакістан, Расея, Таджыкістан, Узбэкістан і Беларусь.
Краіны ШАС у сукупнасьці ствараюць чвэрць усясьветнага ВУП, у іх жыве больш за траціну насельніцтва плянэты.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу падзякаваў краінам ШАС за далучэньне Беларусі да арганізацыі і назваў гэтае рашэньне «гістарычным».
У чарговы раз ён заявіў аб неабходнасьці «разбурыць аднапалярны сьвет», і ўзяць адказнасьць за фарміраваньне «глябальнай бясьпекі», бо «самазакаханы, эгаістычны Захад выявіўся няздольным да гэтага».
«Там [на Захадзе] няма лідэраў, здольных ухвальваць адказныя рашэньні самастойна», – заявіў ён.
Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што «незаконныя санкцыі» супраць беларускіх мінэральных угнаеньняў сталі дадатковым фактарам, які выклікаў голад «у бедных краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі».
«У нашых сілах разбурыць сьцены аднапалярнага сьвету, нагадаваць людзей, прыбраць шмат супярэчнасьцяў і канфліктаў праз сацыяльную няроўнасьць, дэфіцыт харчаваньня і рэсурсаў», – перакананы ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Што прынясе Беларусі сяброўства ў ШАС? Тлумачыць Роза ТурарбекаваЗ надзеяй мацней пасябраваць з Кітаем
Эканаміст Алесь Гудзія падрыхтаваў для «Позірку» аналіз, што можа прынесьці беларускай эканоміцы ўступленьне ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва.
ШАС дэкляруе сваёй галоўнай мэтай умацаваньне стабільнасьці і бясьпекі ў рэгіёне. Гэта, безумоўна, актуальна і для Беларусі. Аднак пытаньні бясьпекі для Беларусі ў значнай меры вырашаюцца ў Маскве, і дубляваць такога роду гарантыі праз ШАС наўрад ці ёсьць асаблівая неабходнасьць.
Зусім іншая справа — пашырэньне супрацоўніцтва з Кітаем, найбольш цікавым для Беларусі членам ШАС. Для афіцыйнага Менску ўдзел у арганізацыі можа быць спробай знайсьці процівагу непадзельнай палітычнай сіле Масквы. Выкарыстаньне «старэйшага брата свайго старэйшага брата» можа стаць цікавай опцыяй для ўмацаваньня «беларускай стабільнасьці».
На саміце ШАС у Астане, 4 ліпеня 2024
Аднак калі цікавасьць Менску зразумелая, то выгады для Пэкіну застаюцца невідавочнымі.
Эканамічнае ўзаемадзеяньне пры мадэрнізацыі беларускіх прамысловых прадпрыемстваў ня стала гісторыяй посьпеху, якую можна было б прапанаваць у якасьці мадэлі для іншых краін рэгіёну. Праект індустрыяльнага парку «Вялікі камень», разьлічаны на выкарыстаньне транспартна-лягістычных магчымасьцяў Беларусі, пасьля 2020 году апынуўся пад пытаньнем з прычыны палітыкі беларускіх уладаў, якая ўскладніла адносіны з Захадам.
Адукацыйны і навуковы патэнцыял Беларусі таксама перастаў прывабліваць Кітай. У апошнія гады беларускія ўлады стварылі такія дыскамфортныя ўмовы, што найбольш кампэтэнтныя і канкурэнтаздольныя кадры са сфэры навукі і адукацыі пакідаюць краіну.
Аўтар лічыць, што цікавасьць Кітаю да Беларусі як у эканамічнай, так і ў сацыяльна-палітычнай сфэрах наўрад ці моцная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лаўроў абяцаў Лукашэнку сяброўства Беларусі ў ШАС ўжо ў ліпені. Што гэта за арганізацыя?Ці стануць партнэры рызыкаваць дзеля Менску?
Між тым ШАС дэкляруе сярод сваіх мэтаў і эканамічную каапэрацыю ўдзельнікаў. Ва ўмовах санкцыйнага ціску Беларусь зацікаўленая ў гэтым аспэкце супрацоўніцтва. ШАС дае Беларусі яшчэ адну магчымасьць знайсьці падтрымку для нацыянальнай эканомікі і падцягнуць экспартны патэнцыял, які пахіснуўся. Аднак уступленьне ў арганізацыю не вырашае гэтыя задачы аўтаматычна.
На саміце ШАС у Астане
Адзіная значная выгода, якую можа даць Беларусі ўдзел у ШАС, — гэта эканамічная падтрымка. Пагадненьне аб міжбанкаўскім супрацоўніцтве ў рамках арганізацыі адкрывае новыя магчымасьці ў фінансавай сфэры.
Аднак ці рызыкнуць Індыя ці Кітай абыходзіць абмежавальныя захады ў дачыненьні да беларускай эканомікі, улічваючы магчымасьць другасных санкцый? Банкі і бізнэс гэтых краін будуць весьці справы зь Беларусьсю, нягледзячы на яе статус партнэра па ШАС, з аглядкай на ЗША і ЭЗ.
Разьвіцьцё адносін на міжнароднай арэне пасьля падзей 2020 году стварае магчымасьці для некалькіх візытаў на высокім узроўні.
Акрамя таго, удзел у ШАС забясьпечыць зьяўленьне некалькіх пасадаў. У адпаведнасьці з памерам узносу ў яе бюджэт Рэспубліцы Беларусь выдзеленыя чатыры штатныя пасады ў пастаянных органах арганізацыі: дзьве ў Сакратарыяце і дзьве ў Выканаўчым камітэце Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры ШАС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь у ШАС: які знак Пуцін і Сі далі Захаду на саміце ў Казахстане ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алейнік заклікаў краіны ШАС да салідарнасьці «ў супрацьстаяньні санкцыям, якія закранаюць усіх»