Савецкі кіраўнік Леанід Брэжнеў на 50-годзьдзі абвяшчэньня МНР. Побач зь ім кіраўнік МНР Юмжаагійн Цэдэнбал. Улан-Батар, 1 лістапада 1974
Джонатан Адлтан, які быў амбасадарам ЗША ў Манголіі з 2009 па 2012 гады, расказаў Радыё Свабода, што савецкае мінулае краіны часта абмінаюць увагай, бо «менавіта постаць Чынгісхана займае цэнтральнае месца ў вобразе Манголіі для астатніх краінаў сьвету. Нішто ніколі ня можа зацямніць або замяніць яе як галоўны складнік мангольскай гісторыі».
Чытаць арыгінал публікацыі Эймаса Чапла.
На вуліцы ў Атанбулагу, гандлёвым мястэчку на мяжы з Расеяй, канец 1800-х
Акрамя таго, кажа Адлтан, з прычыны аддаленасьці і таго факту, што Манголія ніколі не ўступала ў Варшаўскую дамову — савецкі эквівалент NATO, гэтая краіна «ніколі не фігуравала ва ўяўленьні публікі як „сатэліт СССР“».
Кітайскі кіраўнік Алтанбулагу ў атачэньні сваёй сьвіты, канец XIX ст.
Перад 1924 годам маланаселеная тэрыторыя сёньняшняй Манголіі гадамі была пляцоўкай для спрэчак паміж Кітаем і абодвума бакамі грамадзянскай вайны ў Расеі. Але дэ-юрэ рэгіён заставаўся часткай Кітаю.
Мангольскія жаўнеры 1930-х
Нявызначанасьць, зь якой сутыкнулася пераважна качавое насельніцтва Манголіі ў 1924 годзе, была такая вялікая, што адзін малады чыноўнік у адказ на гучную дэклярацыю камуністычнага ўраду аб «народнай рэспубліцы» зьбянтэжыў камуністаў пытаньнем: «Але што такое рэспубліка? Перакананы, што ў правінцыях гэтага ня ведаюць».
Ён заклікаў растлумачыць мангольскім сялянам «мэты і сэнс новай формы праўленьня».
Мангольскі пастух і ягоная дачка на мангольскіх раўнінах у сакавіку 1936 году
Адна зь першых азнаямляльных місій Крамля ў Манголіі паінфармавала савецкага дыктатара Ёсіфа Сталіна, што тэрыторыя, на якую прэтэндуе Кітай, будзе карысным «буфэрам уздоўж паўднёвых межаў нашай краіны», які можа гарантаваць, што савецкія і кітайскія войскі не сутыкнуцца твар у твар.
Жанчыны моляцца ў мангольскім манастыры, 1930 год
Неўзабаве Манголія апынулася ў эканамічнай і палітычнай залежнасьці ад СССР і пачала адлюстроўваць радыкальную палітыку Масквы.
«Вы павінны разьвіць сацыялізм у вельмі кароткія тэрміны і скарыстаць дзеля гэтага досьвед Савецкага Саюзу», — загадваў ураду Манголіі адзін пасланьнік Крамля.
Малады мангольскі пастух са сваім сабакам і статкам у 1930-я
У 1930 г. Улан-Батар паведамляў, што «цяпер мы канфіскоўваем маёмасьць фэадальных клясаў».
Тады качавыя пастухі былі вымушаныя арганізавацца ў супольныя гаспадаркі, а іхная жывёла стала дзяржаўнай маёмасьцю. Як вынік — некаторыя ўцяклі з краіны, а іншыя сталі пратэставаць.
Будыйскія статуі ў Манголіі, 1936 год
На пачатку 1930-х гадоў каля 30 тысяч манголаў пакінулі краіну празь нязгоду з новымі парадкамі, а па тэрыторыі дзяржавы пракатваліся стыхійныя бунты.
«Змагайцеся насьмерць супраць ведзьмаў і дэманаў гэтага „народнага ўраду!“» — такі быў баявы лёзунг адной з паўстанцкіх груповак рэлігійнага толку.
Хайраалгійн Чайбалсан
У 1937 годзе міністар абароны Манголіі Гелегдаржыйн Дэмід быў запрошаны ў Маскву і памёр у дарозе ад «харчовага атручэньня».
Затым, у 1939 годзе, папулярны прэм'ер-міністар Манголіі Анандын Амар быў арыштаваны і адпраўлены ў Маскву, дзе яго расстралялі. Гэтыя падзеі адкрылі шлях да ўлады ў Манголіі Харлаагійну Чайбалсану, фаварыту Сталіна.
Мангольскі лучнік з савецкімі мэдалямі за ўдзел у народнай рэвалюцыі 1921 году
Пры Чайбалсану тэрор вялікіх сталінскіх чыстак рэхам адгукаўся ў калідорах улады ва Ўлан-Батары. Чайбалсан супрацоўнічаў непасрэдна з савецкай сакрэтнай паліцыяй НКВД, каб лавіць і расстрэльваць «ненадзейных» дзяржаўных чыноўнікаў, перш чым дзяржава перайшла да рэлігійных лідэраў.
Агульная колькасьць ахвяр вялікіх рэпрэсій у Манголіі застаецца невядомай, але з 1937 па 1939 год пазабівалі каля 17 000 ламаў і разбурылі больш за 700 манастыроў.
Вайсковы парад ва Ўлан-Батары ў 1946-м
На працягу Другой усясьветнай вайны Манголія была жыцьцёва важнай крыніцай дапамогі савецкім вайскоўцам, а ў 1945 годзе Савецкі Саюз прымусіў Кітай адмовіцца ад прэтэнзій на Манголію. Рэфэрэндум аб афіцыйнай незалежнасьці Манголіі ад Кітаю прывёў да таго, што, як сьцьвярджалася, 100% прагаласавалі за прапанову.
Жаўнеры на вайсковым парадзе ва Ўлан-Батары ў 1946-м
Сталін асабіста праявіў цікавасьць да Манголіі, неаднаразова зьвяртаючыся да яе ўраду, каб раз і назаўжды зьнішчыць рэлігію ў краіне.
«Вы павінны цьвёрда абыходзіцца з ламамі», — казаў ён Улан-Батару. «Вы не павінны забываць, што прызнаюць толькі моцных».
Аўтамабілі савецкай вытворчасьці, прыпаркаваныя каля юртаў. 1961 год
Як і паўсюль у савецкай сфэры ўплыву, рэпрэсіі ў Манголіі сталі менш жорсткімі пасьля сьмерці Сталіна ў 1953 годзе, а бязьлітасная вайна Крамля супраць рэлігіі стала больш падобнай да бюракратычнай барацьбы.
Вернікі ў манастыры Гандан ва Ўлан-Батары ў 1962 годзе. Толькі пажылым будыстам дазвалялася маліцца ў манастыры ў той час, а маладым манголам дазвалялася прысутнічаць толькі ў якасьці «выпадковых гледачоў», згодна з арыгінальным подпісам да гэтага фота.
Па словах Адлтана, Масква разглядалася як найменш дрэнны варыянт для манголаў з двух яе магутных суседзяў.
На вуліцы Ўлан-Батару ў 1969 годзе
«Рэальна [савецка-] расейская сувязь была важная для Манголіі як з пункту гледжання аднаўленьня яе незалежнасьці, так і гарантыі яе сувэрэнітэту ў адносінах Кітаю», — гаворыць экс-амбасадар.
Помнік Сталіну перад улан-батарскай Нацыянальнай бібліятэкай у 1971 годзе
Да канца 1980-х у Савецкага Саюзу было каля 50 000 вайскоўцаў і 1800 танкаў, а таксама 320 самалётаў і верталётаў, разьмешчаных на некалькіх базах па ўсёй краіне.
Манголы ў чарзе па мяса. Улан-Батар, 1988 год
Па меры таго як дэмакратычныя рухі пачалі набірацца сілы ў іншых месцах на ўскраінах Савецкага Саюзу, манголы ў 1980-х таксама пачалі дамагацца свабоды супраць надзіва паблажлівага ўраду.
Пратэстовец размахвае сьцягам Мангольскай Дэмакратычнай партыі. Улан-Батар, 28 ліпеня 1990 году
Джамбін Батмонх, апошні кіраўнік камуністычнай Манголіі, нагадаў, што супраціўляўся афіцыйным асобам, якія дамагаліся разгону пратэстаў супраць аднапартыйнага праўленьня, сказаўшы: «Няма неабходнасьці выкарыстоўваць паліцыю або прыцягваць вайскоўцаў».
Пратэстоўцы, паводле яго слоў, «нашы дзеці».
У сакавіку 1990 г. Палітбюро Манголіі было заменена, і Батмонх абвясьціў аб сваёй адстаўцы, што адкрыла шлях свабодным выбарам.
Мангольскія рабочыя каля грузавіка, які вывозіць зьнесены помнік Сталіну, што стаяў перад Нацыянальнай бібліятэкай ва Ўлан-Батары. 26 ліпеня 1990 году
Адлтан кажа, што манголы, зь якімі ён размаўляў пра эпоху ў якасьці сатэліта СССР, «выказвалі шырокі спэктар поглядаў на Савецкі Саюз».
Мангол на прыступках помніка ва Ўлан-Батары ў памяць аб падтрымцы СССР падчас Другой усясьветнай вайны. Здымак зроблены ў незалежнай Манголіі ў 1996 годзе
«У той час як некаторыя выказвалі горыч адносна сталінскіх чыстак у 1930-я гады і пакараньня сьмерцю членаў будысцкага духавенства, — кажа Адлтан, — іншыя азіраюцца на эпоху пасьля Другой усясьветнай вайны з пэўнай удзячнасьцю і нават настальгіяй».