У Беларусі праз туман абвясьцілі аранжавы ўзровень небясьпекі

У Беларусі папярэдзілі пра імавернасьць аварый праз туман. Ілюстрацыйнае фота

Аранжавы ўзровень небясьпекі азначае, што на тэрыторыі краіны прагназуюць неспрыяльныя мэтэаралягічныя зьявы.

У Белгідрамэце паведамілі, што туман, які назіраецца месцамі на тэрыторыі краіны, з 7-й раніцы да 12-й гадзіны дня распаўсюдзіцца на паўднёва-ўсходнюю частку Беларусі.

«Бачнасьць у тумане 100-500 мэтраў», — адзначаецца ў паведамленьні.

У Міністэрстве надзвычайных сытуацый Беларусі папярэдзілі аб імавернасьці дарожных здарэньняў ва ўмовах кепскай бачнасьці і заклікалі грамадзян утрымацца ад паездак на асабістым транспарце, а калі гэта немагчыма — ажыцьцяўляць рух бязь лішніх абгонаў і апярэджваньняў.

Тэмпература паветра прагназуецца ад мінус 3 у Горадзенскай вобласьці да плюс 10 у Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля 6 тысяч чалавек у Беларусі пацярпелі ад галалёду і марозу за 1,5 месяца. На 2 студзеня абвясьцілі «аранжавы ўзровень небясьпекі»