Кантрабанда на польска-беларускай мяжы за год зьменшылася ўдвая

Ілюстрацыйнае фота

Больш за ўсё скарацілася кантрабанда цыгарэт.

У 2024 годзе Памежная варта Польшчы выявіла на мяжы зь Беларусьсю ўдвая менш кантрабандных тавараў, чым у 2023 годзе. Гэта вынікае са статыстыкі ведамства. Агулам удалося спыніць увоз і вываз прадукцыі нелегальнага паходжаньня на суму 15,5 млн злотых (каля 3,8 млн даляраў).

Мацней за ўсё скараціўся нелегальны ўвоз цыгарэт. Аб’ём выяўленай кантрабанды зьменшыўся ў сумарным кошце амаль у чатыры разы — з 24,5 млн злотых да 6,3 млн. Кантрабанда алькаголю скарацілася больш як у чатыры разы — з 10,1 тыс. злотых да 2,5 тыс.

Нелегальны вываз у Беларусь праз польска-беларускую мяжу захоўваецца. Напрыклад, перамяшчэньне транспартных сродкаў з парушэньнем закону нават павялічылася. За мінулы год на мяжы было затрымана 46 транспартных сродкаў, у той час як у 2023 годзе — 44.

Гаворка звычайна ідзе пра машыны, скрадзеныя ў краінах ЭЗ, часта ім перабіваюць VIN-нумары і падрабляюць дакумэнты. Часам злачынцы мантуюць рухавікі з скрадзеных транспартных сродкаў на іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве недалёка ад мяжы зь Беларусьсю знайшлі 25-мэтровы тунэль, які маглі выкарыстоўваць для кантрабанды
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць затрыманых у Польшчы за дапамогу нелегальнай міграцыі празь мяжу зь Беларусьсю зьменшылася за год на 40%