У 2019-2024 гадах Грузія не задаволіла ніводнага хадайніцтва беларусаў аб наданьні прытулку, адхілена 56 заяваў

Праэўрапейскі пратэст у Тбілісі, кастрычнік 2024

У 2019-2024 гадах Грузія не задаволіла ніводнага хадайніцтва беларусаў аб наданьні прытулку (статусу ўцекача або гуманітарнага статусу).

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» грунтуючыся на сваім аналізе статыстыкі МУС гэтай краіны.

За гэты пэрыяд выдадзена 56 адмоваў, у тым ліку 13 — непаўналетнім.

Усяго за апошнія 6ь гадоў беларускімі грамадзянамі пададзена 81 прашэньне аб атрыманьні прытулку ў Грузіі, у тым ліку 16 — непаўналетнімі або ад іх імя.

З краіны высланыя тры беларусы (па адным мужчыну ў 2020, 2021 і 2023 гадах).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі за паўтара года сем беларускіх грамадзян скончылі жыцьцё самагубствам

«Адмова ў праве на прытулак усім беларусам — гэта дыскрымінацыя паводле прыкметы нацыянальнага паходжаньня, адна з формаў расавай дыскрымінацыі», — заявіў «Позірку», камэнтуючы статыстыку, праваабаронца Раман Кісьляк, які абскарджвае ў Тбіліскім гарадзкім судзе адмову ў прытулку.

«Нехта ў МУС Грузіі прыняў рашэньне пазбавіць беларусаў гэтага права. Такое палітычнае рашэньне супярэчыць міжнародна-прававым абавязаньням Грузіі ў сфэры правоў чалавека», — падкрэсьліў праваабаронца.