У Гомельскай вобласьці расказалі пра радыяцыйную абстаноўку пасьля атакі дрона на ЧАЭС

Саркафаг на ЧАЭС

На 14 лютага «радыяцыйная абстаноўка стабільная, магутнасьць дозы гама-выпраменьваньня на пунктах назіраньняў радыяцыйнага маніторынгу атмасфэрнага паветра адпавядае шматгадовым значэньням».

Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўленьня ў праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Гомельскага аблвыканкаму Дзьмітрый Руткоўскі, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Чыноўнік выказаўся на гэты конт у сувязі з «інцыдэнтам, які адбыўся сёньня ўначы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі».

Аб нападзе «расейскага ўдарнага робата з фугаснай баявой часткай» на ЧАЭС паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, напад адбыўся ў ноч на 14 лютага.

Удар прыпаў на сховішча, якое «беражэ сьвет ад радыяцыі разбуранага чацьвёртага энэргаблёку ЧАЭС». «Гэтае сховішча Украіна будавала разам зь іншымі краінамі Эўропы і сьвету, разам з Амэрыкай — з усімі, хто хоча сапраўднай бясьпекі для людзей», — адзначыў Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея нанесла ўдар па Чарнобыльскай АЭС, пашкоджаньне атрымаў новы саркафаг над аварыйным блёкам

Прэзыдэнт Украіны заявіў, што радыяцыйны фон не падвышаўся, нягледзячы на "істотныя пашкоджаньні" сховішча.

Як паведамілі на Чарнобыльскай АЭС, у выніку ўдару пашкоджана цэласнасьць вонкавай абалонкі канфайнмэнту і абсталяваньня ў гаражы тэхнічнага абслугоўваньня кранаў. Цяпер працягваюць тушыць пажар і ацэньваюць наступствы ўдару. На ЧАЭС запэўнілі, што радыяцыйны фон на пляцоўцы пакуль не зьмяніўся.