Ва Ўкраіне пасьля атакі Расеі чацьвёрты дзень ня могуць спыніць тленьне ў трох месцах саркафага ЧАЭС

Наступствы пацэльваньня расейскага дрону, 14 лютага 2025

У ліквідацыі наступстваў удару задзейнічалі дзьве групы скалалазаў, а трэцяя група замацавалася, каб часткова раскрыць канструкцыі абалонкі і загасіць ачагі тленьня.

У Дзяржаўным агенцтве Ўкраіны ў пытаньнях кіраваньня зонай адчужэньня паведамілі аб працягу ліквідацыі трох ачагоў тленьня пасьля пацэльваньня па саркафагу аварыйнага блёку Чарнобыльскай АЭС расейскіх бесьпілётнікаў.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, раніцай 17 лютага аднавілі работы для ліквідацыі ўзгараньня ў трох месцах.

Паводле агенцтва, у тушэньні задзейнічалі дзьве групы скалалазаў, а трэцяя група замацавалася, каб часткова раскрыць канструкцыі ўкрыцьця і загасіць ачагі тленьні.

Сытуацыю кантралююць пры дапамозе бесьпілётніка зь цеплавізарам.

У працах задзейнічалі 91 выратавальніка 18 адзінак тэхнікі.

«Пагаршэньня радыяцыйнай абстаноўкі на прамысловай пляцоўцы ўкрыцьця і ў цэлым на тэрыторыі ЧАЭС не зафіксавалі. Выхады радыяактыўных прадуктаў за вызначаныя межы ня выявілі», — падкрэсьлілі ў Дзяржаўным агенцтве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ пракамэнтавала ўдар па Чарнобыльскай АЭС. Пераконвае, што ўзровень радыяцыі не павялічыўся

У ноч на 14 лютага расейскія войскі нанесьлі ўдар баявым бесьпілётнікам па канфайнмэнце, пабудаваным у 2019 годзе над аварыйным блёкам Чарнобыльскай АЭС.

У выніку ўдару пашкоджана цэласнасьць вонкавай абалонкі канфайнмэнту і абсталяваньня ў гаражы тэхнічнага абслугоўваньня кранаў.

Гэты факт зафіксавала місія Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ), якая пасьля расейскага ваеннага ўварваньня на сталай аснове знаходзіцца на тэрыторыі ЧАЭС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомельскай вобласьці расказалі пра радыяцыйную абстаноўку пасьля атакі дрона на ЧАЭС