Супрацоўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) правялі маніторынг аб’ектаў гандлёвай сеткі «Суседзі», паведаміла 17 лютага прэс-служба МАРГ.
У 86% крамаў гандлёвай сеткі «Суседзі», у якіх прайшлі праверкі, супрацоўнікі ведамства выявілі «парушэньні дзейнага заканадаўства».
Сярод знойдзеных парушэньняў ведамства называе продаж тавараў са скончанымі тэрмінамі прыдатнасьці, невыкананьне абавязковага асартымэнту тавараў, адсутнасьць неабходных сродкаў вымярэньняў, інфармацыі для спажыўцоў, неналежнае афармленьня цэньнікаў і інш.
Праверкі праводзілі ў Віцебску, Лідзе, Менску, Магілёве і іншых гарадах, гаворыцца ў паведамленьні.
У Беларусі цяпер дзейнічаюць 234 крамы сеткі «Суседзі».
Як паведамлялі раней, у лютым спэцыялісты МАРГ зьбіраліся прыйсьці з праверкамі ў гандлёвую сетку «Алмі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка засьцярог бізнэс ад вываду грошай за мяжу і прапанаваў скласьці сьпіс «сумленных бізнэсоўцаў»- У кастрычніку 2022 году стала вядома пра затрыманьне кіраўніцтва гандлёвай сеткі «Суседзі». Таксама быў затрыманы адзін з асноўных бэнэфіцыяраў Вадзім Аванесаў. На дырэктара кіроўнай кампаніі гандлёвай сеткі «Суседзі» завялі крымінальную справу аб бязьдзейнасьці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК). Пазьней Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў, што службовых асобаў гандлёвай сеткі затрымалі, бо яны дапусьцілі рост цэн, нібыта ведаючы пра забарону на гэта. Пазьней СМІ паведамілі пра вызваленьне дырэктара і іншых затрыманых топ-мэнэджараў гандлёвай сеткі.