Прэс-канфэрэнцыя Ўладзіміра Зяленскага. Сьцісла найважнейшае

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

23 лютага, напярэдадні трэцяй гадавіны поўнамаштабнага расейскага ўварваньня, ва Ўкраіне прайшоў форум «Украіна. Год 2025». Па форуме адбылася прэс-канфэрэнцыя прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Трансьляцыя украінскай рэдакцыі Радыё Свабода па-украінску.

  • На прэсавай канфэрэнцыі Ўладзімер Зяленскі сказаў, што гатовы пакінуць пасаду прэзыдэнта, калі б гэта прынесла мір Украіне. «Магу абмяняць гэта на сяброўства Ўкраіны ў NATO. Калі ёсьць такія ўмовы», — дадаў ён.
  • Сьпіс удзельнікаў перамоваў павінен уключаць Украіну, Эўропу, ЗША і Расею.
  • Зяленскі сьцьвярджае, што перамовы аб рэсурсах пачаліся з прапановы Кіева сумесна здабываць выкапні ў прапанаваным ім «пляне перамогі Украіны». «Туды яшчэ ўваходзілі зброя стрымліваньня, СПА і таму падобнае. Я падкрэсьліваю, гэта была комплексная прапанова, нам патрэбныя гарантыі бясьпекі, сярод якіх і ўзмацненьне арміі, і СПА, і стопрацэнтная абарона неба Ўкраіны».
  • У першай прапанове ў адказ ЗША рэсурсы прапаноўвалася дзяліць напалам. «Я сказаў, што мы гэта не падпішам. Мы ня можам проста дзяліць напалам, не разумеючы, што нас чакае наперадзе».
  • Другі плян Вашынгтону, сказаў Зяленскі, з гледзішча Кіева азначаў прызнаньне доўгу перад ЗША на 500 мільярдаў даляраў. Прэзыдэнт Украіны заявіў, што атрымаў ад ЗША толькі 100 млрд даляраў: «100 млрд даляраў дапамогі ад ЗША. Не 500, не 350, не 250, не 700. 100!» «Мы дамаўляліся з Байдэнам і з Кангрэсам ЗША, што гэта грант. Грант — гэта ня доўг», — сказаў ён.
  • Зяленскі заявіў, што Трамп у рамках угоды аб выкапнях хоча атрымаць з Украіны 100% надбаўкі з нададзенай дапамогі. «Калі ЗША прадаюць ці даюць пакетамі дапамогі зброю Ізраілю, Катару ці Саудаўскай Арабіі, ці яны атрымліваюць 100% прыбытку?.. Я проста хачу дыялёгу з прэзыдэнтам Трампам. Я не падпісваю тое, што будуць выплачваць 10 пакаленьняў украінцаў», — падкрэсьліў ён.
  • «Трамп не назаўсёды, а мір патрэбен на многія гады».
  • Зяленскі сказаў, што ва Ўкраіне 45 тысяч сыстэм Starlink, тысячы зь іх разьмешчаныя ў шпіталях і школах. Ён дадаў, што сыстэмы Starlink не «бясплатныя» і што Польшча і Нямеччына дапамагаюць плаціць за іх штомесячную арэнду. Аднак Зяленскі таксама паўтарыў пра неабходнасьць вывучэньня альтэрнатыўных варыянтаў.
  • ЗША будуць лічыць рэжым прыпыненьня агню заканчэньнем вайны, заявіў Зяленскі. «Але мы ня можам браць слова Пуціна за аснову гарантый бясьпекі». «Украінцы хочуць рэальных гарантый бясьпекі».
  • Паводле Зяленскага, краіны, якія дадуць Украіне гарантыі бясьпекі, будуць удзельнічаць у пасьляваенным аднаўленьні Ўкраіны разам з мясцовым украінскім бізнэсам. У адказ на пытаньне кітайскага Phoenix Television Зяленскі дадаў, што ўдзел Кітаю можа абмяркоўвацца, калі ён зможа аказаць Украіне вайсковую дапамогу.
  • Зяленскі: Украіна яшчэ не атрымала ўсе сыстэмы Patriot, аб перадачы якіх было заяўлена ў ліпені. Камэнтуючы пытаньне аб магчымай паўзе ў перадачы заходніх сыстэм ЗРК, прэзыдэнт Украіны заявіў, што цяпер вядзецца праца ў стварэньні ўкраінскіх аналягаў.
  • ​Уладзімір Зяленскі расказаў пра ўкраінскую вытворчасьць зброі ў 2024 годзе. Паводле яго, ва Ўкраіне ўдалося вырабіць:

154 артылерыйскія сыстэмы;

2,2 мільёна FPV бесьпілётнікаў;

100 тысяч бесьпілётнікаў далёкага дзеяньня.

  • Зяленскі падкрэсьліў, што грошы на вытворчасьць пайшлі ў прапорцыі 30% — ЗША, 30% — краіны Эўропы і 40% — Украіна. Сёлета, прагназуе Зяленскі, «уклад Украіны ў вытворчасьць складзе 50%.
  • «Мір ва Ўкраіне немагчымы без гарантый бясьпекі, якія ўключаюць сяброўства ў ЭЗ і фінансаваньне арміі». «Гарантыі бясьпекі — тэарэтычна гэта адно, а практычна, калі казаць пра гарантыі эканамічнай бясьпекі, — гэта для нас сяброўства ў ЭЗ». Раз. Другое — фінансаваньне ўкраінскай арміі мінімум на 800 тысяч, калі мы яшчэ ня ў NATO», — падкрэсьліў кіраўнік украінскай дзяржавы.


Трансьляцыя каналу «Настоящее время» з сынхронным перакладам на расейскую мову.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон агучыў зусім іншыя лічбы выдаткаў на Ўкраіну, чым Трамп